Шрифт:
Будаўнiцтва дарогi на Нiкалаеўск было спынена, i ўсю зэкаўскую масу перакiнулi на будаўнiцтва дарогi Камсамольск - Саўгавань, якую зэкi i збудавалi.
Палёгка да мяне прыйшла ў канцы тэрмiну, калi я быў пераведзены грузчыкам на прадуктовую базу i мяне расканваiравалi. Я мог без канвою выходзiць у горад Камсамольск.
Неяк увосень я праходзiў мiма групы зэкаў, якая брукавала вулiцу. Я спынiўся каля iх, пачуўшы ў размове аднаго хлопца беларускiя словы. Я загаварыў з iм, ён аказаўся з-пад Слуцка. Хлопец сказаў, што тут ёсць яшчэ адзiн беларус, i паказаў на мужчыну, якi, стоячы на каленях, укладваў камень у насыпанае палатно дарогi. "Гэта паэт Сяргей Серада", - сказаў хлопец. Каленi ў паэта былi абматаны мешкавiнай - каб не мулка стаяць. Я падышоў да яго, спытаў, хто ён. "Я - Сяргей Дарожны", - адказаў ён. "Дык я ж вас ведаю!" радасна ўскрыкнуў я i сказаў, што бачыў яго некалi ў Доме пiсьменнiкаў i што ў мяне дома ёсць ягоная кнiжка вершаў "Пракосы на памяць".
Выявiлася, што Сяргей Дарожны знаходзiўся са мной у адной калоне i нават у суседнiм бараку. Я рады, што доўгi час, ажно некалькi месяцаў, да свайго вызвалення, мог памагаць Сяргею прадуктамi, прыносячы iх з базы. Больш таго, я падкупiў начальства, i яно з агульных работ перавяло Сяргея ў кантору рахункаводам.
Нi я, нi Сяргей Дарожны не ведалi, што ў той жа калоне знаходзiўся i яшчэ адзiн паэт - Мiкалай Забалоцкi, якi працаваў там чарцёжнiкам. Пра гэта мне стала вядома толькi нядаўна з лагерных лiстоў паэта, надрукаваных у часопiсе "Знамя".
Падрабязна пра Сяргея Дарожнага ёсць мае ўспамiны ў кнiзе "Стрэл у акно".
У пачатку красавiка сорак першага года я развiтаўся з лагерам. Развiтаўся, але лагер на ўсё жыццё застаўся ў памяцi i свядомасцi i ўвесь час напамiнае пра сябе. Хоць з дня вызвалення прайшло амаль паўвека, лагер i цяпер трымае душу ў гадкай трывозе i вельмi часта снiцца. Будзь яны праклятыя, тыя чатыры гады. Днi вайны, якiя я потым правёў на самым перадку, не мучаць такой трывогай i цяжкiмi ўспамiнамi, як турма i лагер.
Пасля вызвалення я прыехаў у Астрахань, бо ў Беларусь мяне не пусцiлi. У Астраханi ўладкаваўся грузчыкам на рыбалоўную базу - грузiў лёд, соль на баркасы. Жыў у iнтэрнаце. Магчымасцi вучыцца або выбраць нейкую па душы працу не было - я ж меў яшчэ тры гады паражэння ў правах. Я па-ранейшаму заставаўся бяспраўным.
Усё змянiлася ў адзiн дзень. Недзе ў канцы мая пасля работы я пайшоў у райваенкамат, каб стаць на ваенны ўлiк. Прыйшоў туды, а там - мiтусня, шматлюддзе: рыхтавалася да адпраўкi каманда ў армiю з рэзервiстаў. Нехта не з'явiўся, не хапала людзей, а тут я трапiў на вочы. Мяне з ходу i залiчылi ў тую каманду, не дазволiўшы нават збегаць у iнтэрнат па рэчы. Так чамадан мой з фатаграфiяй Сяргея Дарожнага, яго лiстом Петрусю Броўку - думалася ж, што паеду ў Беларусь i пры сустрэчы перадам адрасату - загiнулi назаўжды.
Ваенкамацкi пiсар даў мне запоўнiць анкету, я i запоўнiў. У графе пра судзiмасць запiсаў - не судзiмы. У графе пра партыйнасць зрабiў запiс, што я камсамолец. Указаў няпраўду i пра адукацыю - быццам скончыў адзiн курс iнстытута журналiстыкi ў Менску.
З той анкетай я i пайшоў служыць у армiю i праслужыў потым у ёй ажно дваццаць сем гадоў. Калi пачалася вайна, нас адправiлi на фронт, i хто там будзе правяраць цi ўдакладняць бiяграфiчныя дадзеныя. Ваяваў радавым, потым скончыў ваенна-пяхотнае вучылiшча, уступiў у партыю, атрымаў узнагароды, а канец вайны сустрэў у Аўстрыi камандзiрам мiнамётнага ўзвода.
Адразу ж пасля вайны я хацеў звольнiцца. Звольнiцца не далi. Выклiкалi ў штаб дывiзii i сказалi, гледзячы на маю тую анкету:
– Вы афiцэр з адукацыяй, вучылiся ў iнстытуце журналiстыкi, i мы прапануем вам паступiць у ваенную акадэмiю.
– Назвалi некалькi акадэмiй, я выбраў ваенна-юрыдычную, падумаўшы, што прафесiя юрыста спатрэбiцца i ў цывiльнай службе.
У акадэмiю я паступiў, вучыўся там чатыры гады i ўвесь час думаў, што мяне вось-вось выкрыюць як судзiмага i папруць з акадэмii, з армii i з партыi за падман.
Не выкрылi. У пяцьдзесят першым годзе акадэмiю скончыў i да канца шэсцьдзесят восьмага года служыў у ваенных трыбуналах суддзёй. За семнаццаць гадоў судзейскай працы я разгледзеў нямала судовых спраў, пазбавiў волi багата людзей. Я, былы зэк, цяпер сам заганяў людзей за краты.
За чатыры гады няволi ў турмах i лагерах я кожнай клеткай сваёй душы адчуваў, як цяжка прабыць нават адзiн дзень за калючым дротам. Кожны вечар падлiчваеш, колькi яшчэ засталося месяцаў, тыдняў, дзён. Ну што б, думалася тады, далi б мне не чатыры, а на паўгода менш, i быў бы я ўжо блiзка ад волi. Вось гэта адчуванне невыноснасцi няволi кожны раз, застаючыся ў пакоi для вынясення прыгавору, я i ўспамiнаў. Вядома ж, што санкцыi кожнага артыкула Крымiнальнага кодэкса маюць нiжэйшую i вышэйшую мяжу. У гэтых межах трэба i выбраць тэрмiн пазбаўлення волi. Можна вызначыць i нiжэй нiжэйшай мяжы, калi знойдуцца на гэта падставы, але пераступаць вышэйшую нельга.
Я стараўся быць справядлiвым суддзёй. Мяне лiчылi калегi мяккацелым, нават лiбералам, начальства крытыкавала за гэту мяккацеласць. У мяне былi адмененыя прыгаворы, але толькi з-за мяккасцi пакарання i не было нiводнага прыгавору, па якiм бы вышэйшая iнстанцыя знiзiла тэрмiн няволi асуджанаму.
Вялiкi расейскi юрыст i вучоны Анатоль Фёдаравiч Конi ў свой час, раздумваючы, якiя павiнны быць суддзi, аднойчы сцвердзiў наступнае: самым справядлiвым суддзёй быў бы той, якi на сваёй шкуры пазнаў, што такое няволя i якое неадольнае iмкненне ў вязня да волi. Добра было б, гаварыў Конi, кожнага кандыдата на пасаду суддзi патрымаць у няволi з арыштаванымi ну хоць з месяц.