Вход/Регистрация
Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)
вернуться

Хомченко Василий Федорович

Шрифт:

Маладому хлопцу, майму суседу па ложку, прыслалi з волi перадачу - дзве ляпёшкi сыру, невялiкi кавалак сала i парэзаныя на скрылi дзве буханкi хлеба. Атрымаўшы пасылку, ён разгубiўся i не ведаў, што рабiць. Расклаў усё на ложку, глядзеў на перадачу i як бы не верыў, што такое яму прывалiла багацце. У турме iснуе правiла - не зацiскаць перадачу, ёю трэба дзялiцца. Хлопец, вiдаць, i думаў, як падзялiць усё на столькi людзей. Ён даў спачатку мне кавалачак сыру i хлеба, сам пачаў есцi, даў i суседу-шапачнiку за перашытую яму шапку. I тут адзiн блацюк са спрытам малпы падпоўз па ложках да хлопца, моўчкi згроб усю перадачу i панёс на свой ложак.

– Эй, - крыкнуў хлопец, - чаму ўсё забраў? Аддай.

Блацюк усеўся i стаў есцi.

Усе паглядзелi чамусьцi на Лёву, якi стаяў каля акна i моўчкi сачыў за гэтым канфлiктам.

– Дзядзька Лёва, ён у мяне ўсё забраў, - паскардзiўся яму хлопец.

Лёва падышоў да блацюка, падняў таго з ложка пад пахi, пасадзiў на падлогу, паднёс свой здаравенны кулак да твару:

– Каб больш такога не рабiў. Нельга чалавека крыўдзiць.

Блацюк пачаў лаяць, але не Лёву, а хлопца, якi нiбыта збiраўся зацiснуць сваю перадачу. З Лёвам лаяцца пабаяўся.

Ужо некалькi разоў выклiкалi на допыт бабруйчан, шапачнiка i бухгалтара, а Лёву ўсё не чапалi, нiбы забылiся на яго, а можа, дзе згубiлi ягоную справу. I ён стаў яшчэ больш марнець, нервавацца, па некалькi разоў на дзень выклiкаў дзяжурных i пытаўся ў iх, каб сказалi, завошта яго пасадзiлi i чаму нiкуды не выклiкаюць.

Яго супакойвалi.

– Сядзi, усё роўна гэтыя днi залiчаць у твой тэрмiн.

– Якi тэрмiн? За што мне тэрмiн? Я нiчога не зрабiў кепскага.

– Калi нiчога не зрабiў, то i дадуць менш.

– Чаму менш? Як гэта за нiшто дадуць?
– абураўся ён.

З дня арышту Лёва сядзеў без допыту ўжо каля трох месяцаў. Не выклiкалi на допыт, бо, вiдаць, яшчэ не прыдумалi, што паставiць яму ў вiну.

Неяк ён сказаў наглядчыку:

– Скажы начальству, што калi мяне сёння цi заўтра не выклiчуць, то я паламаю гэтыя дзверы.

Наглядчык, агледзеўшы ягоную магутную постаць, крутнуў галавой:

– Такi, як ты, i сцяну можа развалiць.
– I спагадлiва дадаў: - Куды ты спяшаешся? Усе следчыя занятыя буйнымi ворагамi народа. А ты, значыць, для iх дробны.

– Я на волю хачу, разумееш?
– ускрыкнуў Лёва.
– Якi я вораг народа?

Ад гэтых наiўных слоў у камеры зарагаталi - на волю ён хоча, а ўсе быццам не хочуць. Пра волю тую думаюць, а не гавораць. Да таго ж усе i даведваюцца, што яны ўчынiлi "варожага", толькi ад следчых. Так, у нашай камеры сядзеў чалавек, якi толькi праз чатыры месяцы арышту даведаўся, што ён быццам бы шпiён, бо выдаў дзяржаўную тайну: паведамiў невядомым людзям пра шашу Менск-Масква, пра яе шырыню i пакрыццё, хоць тайну той шашы ўсе ведалi нават за мяжой - па ёй ездзяць чужаземцы на сваiх аўтамабiлях.

Лёва, як нiхто ў камеры, быў упэўнены, што яго адразу ж, як толькi выклiчуць на допыт, вызваляць з турмы, бо нiякiх кепскiх спраў за сабою не знаходзiў: не краў, не хулiганiў, супраць начальства не iшоў, падаткi за дом, плату за электрычнасць акуратна ўносiў. Наiўна, канечне, думаў Лёва. Гэта ад слабасцi характару. I чым больш праходзiла часу, тым больш упэўнена ён гаварыў пра волю, чакаў яе, расказваў пра дзяцей, жонку, з якiмi хутка ўбачыцца. У дзяцей цяпер канiкулы, i яны працуюць на агародзе, памагаюць мацi. Дакараў жонку, што не шле яму пасылкi i не прывозiць перадачы.

– Я яе раменьчыкам, раменьчыкам за гэта, - абяцаў ён пасцябаць жонку. Яна што, буханку хлеба не можа прывезцi?

– Лёва, не кацi бочку на яе, - супакойваў яго шапачнiк.
– Табе, як падследнаму, перадачы i пасылкi забаронены.

Ад акна Лёва стаў амаль не адыходзiць. У "наморднiку" зрабiлi ладныя шчылiны, i праз iх можна было нешта ўбачыць. Былi вiдаць дамы за турмой, дрэвы. Была вiдаць воля, якая i прыцягвала да сябе Лёву неадольна. На турэмным двары ляталi ластаўкi - птушкi вольныя, яны маглi ляцець, куды захочуць, для iх нi сцены турэмных двароў, нi вышкi з вартавымi, замкi нiчога не значылi. Захочуць i ў той жа Бабруйск, дзе Лёваў дом, жонка, дзецi, даляцяць. Ухапiўшыся рукамi за краты, ён падоўгу сачыў за ластаўкамi, якiя то падляталi сюды, вышэй акна, то адляталi. Вiдаць, пад акном у iх было злеплена гняздо.

Прыроджанае iмкненне чалавека да волi незнiшчальнае, яго можна заглушыць, але нельга зусiм знiшчыць. Лёва жыў толькi гэтай прагай волi, i яна, прага, абрынулася на яго тым валам нецярпення, калi чалавек ужо не можа нiчога iншага нi ўлiчваць, нi бачыць, а iмкнецца толькi дабiцца свайго.

Лёва прагнуў волi адчайна, бурна, нястрымана. Я назiраў за iм у той момант i адчуваў, што ён зараз нешта зробiць такое выбуховае. Спачатку ён стаяў каля акна маўклiвы, але ўвесь напружаны, з тварам, налiтым крывёю. Потым ухапiўся за краты i колькi было сiлы пачаў iрваць iх. Краты былi моцныя, не сарваць i не сагнуць. Яны i дашчаны "наморднiк" закрывалi волю, свет, яны сляпiлi. Вочы ў Лёвы, калi ён азiрнуўся назад на камеру, як бы просячы дапамогi, блiшчалi гарачкавай хваравiтасцю i адчаем. Нейкiя секунды роздуму, i Лёва крутнуўся ад акна да блiжэйшага ложка, схапiў з яго дошку. Тырчком той дошкi ён i пачаў бiць па "наморднiку". Шчыт затрашчаў, паляцелi ўнiз дошкi, i ў камеры пасвятлела i павесялела, у акне адкрыўся двор, дрэвы i дамы за турэмным дваром.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: