Шрифт:
Сабакi доўга прабылi ў вадзе i ледзьве плылi: iхнiя шкуры намоклi i пацяжэлi, калматыя хвасты набрынялi, як губкi, а самi яны так стамiлiся i аслабелi, што моўчкi пазiралi на два палаючыя вокi, што неадступна праводзiлi iх.
– Кепскае гэта паляванне, - сказаў нарэшце адзiн з сабак.
– Добрага палявання!
– сказаў Маўглi. Ён смела выскачыў з вады побач з iм i ўсадзiў доўгi нож яму пад лапатку, ды так, што сабака нават не аскiрзнуўся.
– Гэта ты, чалавек-воўк?
– спытаў Вантала з берага.
– Запытайся ў мёртвых, Чужынец, - адказаў Маўглi.
– Хiба яны не плывуць унiз па рацэ? Я ўволю накармiў гэтых сабак граззю, я ашукаў iх сярод белага дня, а iхнi важак застаўся без хваста, але ўсё ж i на тваю долю яшчэ хопiць. Куды iх гнаць?
– Я пачакаю, - сказаў Вантала.
– Уся доўгая ноч перада мною, там паглядзiм.
Усё блiжэй i блiжэй чуўся брэх сiянiйскiх ваўкоў:
– За Чараду, за ўсю Чараду мы прымаем бой!
I нарэшце лукавiна Вайнгангi вынесла рудых сабак на пяскi i водмелi насупраць Сiянiйскiх Пячор.
Тут яны зразумелi сваю памылку. Iм трэба было выбрацца з вады раней i напасцi на ваўкоў на беразе. Цяпер было занадта позна. Па ўсёй водмелi свяцiлiся палаючыя вочы, i, апрача страшнага пхiялу, што не сцiхаў ад самага захаду сонца, у джунглях не чуваць было нi гуку. Збоку здавалася, быццам Вантала ўпрошвае сабак выйсцi на бераг. I важак сабак крыкнуў iм:
– Павярнiцеся i нападайце!
Уся чарада кiнулася да берага, расплюхваючы i распырскваючы мелкую ваду, так што паверхня Вайнгангi закiпела пенаю i вялiкiя хвалi пайшлi па рацэ, быццам узнятыя параходам. Маўглi рынуўся ў бойку, калоў i рэзаў сабак, што, збiўшыся ў кучу, нiбы хваля, павалiлi на ўзбярэжны пясок.
I пачалася доўгая бiтва.
Ваўкi бiлiся на мокрым чырвоным пяску, памiж пераблытанымi каранямi дрэў, у кустах, у гушчары травы, бо нават i цяпер сабак было двое на аднаго ваўка. Але ворагi-ваўкi бiлiся не на жыццё, а на смерць, i бiлiся не адны толькi шыракагрудыя, iкластыя паляўнiчыя, але i ваўчыцы з дзiкiмi вачамi бiлiся за сваiх ваўчанят, а сям-там побач з iмi i аднагадовае ваўчаня, яшчэ не пералiнялае i ўсё кудлатае, таксама хапала зубамi i тузала ворага. Трэба вам сказаць, што воўк звычайна хапае за горла або за бок, а сабакi больш кусаюць за ногi, таму, пакуль сабакi валтузiлiся ў вадзе i вымушаны былi высока трымаць галаву, перавага была на баку ваўкоў; на сушы ваўкам даводзiлася туга, але i ў вадзе i на сушы нож Маўглi падымаўся i бiў аднолькава.
Чацвёрка прабiлася да Маўглi на дапамогу. Шэры Брат, прыпаўшы да каленяў хлопчыка, баранiў яго жывот, астатнiя трое ахоўвалi яго спiну i бакi або стаялi над iм, калi раз'юшаны сабака, з выццём кiдаючыся проста на нож, скачком збiваў Маўглi з ног. А далей усё змяшалася, збiлася ў кучу, якая кiдалася справа налева i злева направа па беразе. Адзiн раз Маўглi мелькам бачыў Акелу: на яго з двух бакоў населi сабакi, а сам ён учапiўся бяззубымi скiвiцамi ў сцягно трэцяга.
Ноч мiнала, i шпаркi, галавакружны бег на месцы ўсё паскараўся. Сабакi прытамiлiся i ўжо баялiся нападаць на дужэйшых ваўкоў, хоць яшчэ i не асмельвалiся ратавацца ўцёкамi; але Маўглi адчуваў, што наблiжаецца канец, i задавольваўся тым, што выводзiў сабак са строю. Аднагадовыя ваўкi цяпер нападалi смялей, можна было ўздыхнуць вальней, i ўжо адзiн бляск нажа прымушаў сабак кiдацца наўцёкi.
– Мяса абгрызена амаль да касцей!
– прахрыпеў Шэры Брат.
– Але косцi яшчэ трэба разгрызцi, - адказаў яму Маўглi.
– Вось як робiцца ў нас у джунглях!
– Чырвонае лязо нажа слiзганула, як полымя, па баку сабакi, сцёгны якога знiклi пад ваўком, што навалiўся на яго.
– Мая здабыча!
– агрызнуўся воўк i зморшчыў нос.
– Пакiнь яе мне!
– Няўжо табе ўсё яшчэ мала, Чужынец?
– сказаў Маўглi.
Вантала быў страшэнна пашматаны, але трымаў сабаку, нiбы ў цiсках, i той не мог паварушыцца.
– Клянуся буйвалам, што выкупiў мяне, - зларадна смеючыся, крыкнуў Маўглi, - гэта Куртаты!
I сапраўды, гэта быў вялiкi цёмна-руды важак.
Адзiн з сабак падскочыў на дапамогу важаку, але, перш чым яго зубы ўпiлiся ў бок Ванталы, нож Маўглi ўжо тырчаў у яго грудзях, а Шэры Брат дакончыў астатняе.
– Вось як робiцца ў нас у джунглях!
– сказаў Маўглi.
Вантала не адказаў нi слова, толькi скiвiцы старога адзiнца сцiскалiся ўсё мацней i мацней, па меры таго як жыццё пакiдала яго. Сабака ўздрыгнуў, апусцiў галаву i замёр. Вантала замёр над iм.
– Цiшэй! Доўг Крывi сплачаны!
– сказаў Маўглi.
– Праспявай сваю песню, Вантала!
– Ён больш не выйдзе на паляванне, - сказаў Шэры Брат.
– I Акела таксама маўчыць, ужо даўно.
– Мы разгрызлi косцi!
– прагрымеў Пхао, сын Пхаоны.
– Яны ўцякаюць! Забiвайце, забiвайце iх, Паляўнiчыя Вольнага Народа!
Сабакi адзiн за другiм крадком разбягалiся з пацямнелых ад крывi водмеляў да ракi, у густыя джунглi, уверх па цячэннi або ўнiз па цячэннi - туды, дзе дарога была свабодная.