Шрифт:
Аднойчы, калi князь Сiба Ёсiёры пайшоў вайною на князя Асакура Такакагэ, да яе зайшоў лютага выгляду воiн, таксама цяжка паранены. Гэтага яна выхадзiла. Ноччу, перад тым як пакiнуць яе келлю, ён згвалцiў яе. А потым сказаў:
– Даруй мне, пустэльнiца. Я ж не ведаю, што чакае мяне заўтра. Шмат грахоў на маiм сумленнi. Не раз я падымаў меч супраць пана майго, а цяпер паўстаў на цябе, прыслужнiца Буды вялiкага... i з гэтага часу прызначана мне простая дарога на самае дно пекла...
Яна хацела суцешыць яго, сказаць, што няма нiякага пекла ў Буды, што пекла i рай у свеце чалавечым, толькi рай вельмi ўжо далёкi i знайсцi яго цяжка... Хацела яна сказаць, але... прамаўчала.
Воiн, Такэда было яго iмя, пайшоў, а потым вярнуўся. Кiнуў даспехi i застаўся ў яе келлi. Нярэдка ў тыя часы, у часы смуты i мiжусобiц, манахiнi-пустэльнiцы служылi ўцехай воiнам, але ўсё ж Хама адчувала боль, калi ў вёсках, куды яна хадзiла жабраваць, на яе паказвалi пальцамi i гаварылi: "Глядзiце, вось гэтая рабыня Буды завяла сабе мужчыну i трымае яго ў сваёй келлi!" I пагарда людзей была вялiкая, а мiласцiна iх - малая. Зiмой давялося ёй разам з Такэдам, каб падмануць голад, сёрбаць полiўку з глiны, прыпраўленую драўнянай карой.
Але як толькi насталi цёплыя днi, пачала яна выкопваць маладыя парасткi каранёў бамбука, якi рос за хацiнай, ды вырошчваць сякую-такую гароднiну на маленькiм, з кошчын лоб, агародзiку. Яна старалася дагадзiць мужчыну, нават валасы адпусцiла сабе на голенай галаве...
– Падумаць толькi, як мы з табою жывём - цiха ды непрыкметна... I гэта ў наш час, i ў нашым смутным свеце...
– гаварыў Такэда, гледзячы на яе з галерэi. I позiрк у яго быў мяккi i задумлiвы, зусiм не такi, як у тую першую ноч.
– Магчыма, падобнае жыццё i ёсць iсцiна. Такая ж iсцiна, як сама старажытнасць. Мудрасць вучняў Буды вартая здзiўлення.
I Хама ў такiя хвiлiны смяялася. Весела, як дзяўчынка. I прыкрывала рот запэцканай агароднай зямлёю рукой, i камячкi плоднай зямлi прылiпалi да яе ружовых вуснаў.
– Мудрасць вучэння Буды тут нi пры чым, - адказвала яна.
– Гэта мудрасць самога чалавека, якая ўвайшла ў яго яшчэ ў тыя далёкiя часы, калi Сак'я-Мунi яшчэ не нарадзiўся. Чалавек вучыўся, як трэба жыць, каб не крыўдзiць iншых i самому не быць пакрыўджаным. А потым недарэчная сквапнасць i звярыная ненасытнасць прымусiлi яго забыцца на першародную мудрасць. I не людзям вучыцца ў Буды веры i праведнасцi i спакою душэўнаму. Буда сам запазычыў з душы чалавечай дадзены ёй спрадвеку светлы спакой, якi ўсiм дапамагае i ўсiх вылечвае ад непатрэбных пакут.
– Хто ведае, хто ведае...
– задуменна кiваў галавой мужчына.
– Магчыма, надыдуць такiя часы, калi нават з цябе не злiтуецца бурлiвы паток часу. I навакольны свет уварвецца ў тваю келлю ў аблiччы здзiчэлага разбойнiка, якi падобна зверу блукаў па дарогах...
– Няхай... Цi звяры, цi разбойнiкi - што мне да iх?
– яе голас спяваў, як сярэбраны званочак, а пальцы яе абрывалi лiставую капусту.
– Калi знойдуць у маёй келлi што ўзяць - няхай бяруць. Я i сама аддам. А жыццё будуць патрабаваць, таксама аддам, не шкада. Усё роўна ж памру калi-небудзь. Не павiнен чалавек скупiцца на падарункi. Табе я падарыла лона сваё, а iншаму, можа, падару жыццё...
I тады мужчына ўстаў, i працягнуў рукi, i павёў яе ў келлю. А на галерэю, якая караблём плыла ў сонечным патоку, прыляцелi птушкi нябесныя, збеглiся малпы з блiжняга лесу i раскiдалi насенне лiставой капусты, пакуль iх не напалохаў воклiч радасцi Хамы.
А мужчына з сумам думаў, што сiла яго сыходзiць, што ён старэе...
I меў ён рацыю, калi гаварыў пра неспакойнасць смутнага часу. Мiжусобiцы не сцiхалi, правiцелi падаўлялi народ, народ бунтаваў, i кожны - крыўдзiцель i пакрыўджаны караў нi ў чым не вiнаватую зямлю агнём i мячом. Вёскi гарэлi, i сяляне, якiя ўзнялiся з выгарэлай зямлi, iшлi бадзяцца па дарогах.
Аднойчы натоўп здзiчэлых людзей, якiя выпадкова праходзiлi мiма, уварваўся ў хацiну i збiў мужчыну да смерцi, таму што ён не хацеў аддаць дзве дзяругi, што закрывалi ўваход у келлю.
Мужчына, некалi магутны воiн, нядоўга супрацiўляўся: быў ён ужо не малады i сiла яго згасла. Труп яго, раздзеты дагала, кiнулi ў снег.
А Хамы не было - яна пайшла ў сяло па мiласцiну...
3
А потым...
Хама ўспамiнала. Яе пальцы, якiя прывыклi перабiраць ружанец, цяпер перабiралi пажоўклыя лiсты паперы - памятныя нататкi пра былое.
А потым насталi ўжо зусiм страшныя часы. Ода Набувага напаў на князя Асакуру. Услед за гэтым Тоетомi Хiдресi пайшоў уцiхамiрваць паўночныя правiнцыi. Як жа любяць мужчыны займацца забойствам, войнамi i пралiваць кроў. Хiба ёсць у гэтым сэнс - адбiраць адзiн у аднаго па чарзе землi i плацiць сваiм жыццём за чужое жыццё?..
У памятных запiсах было шмат iмёнаў - усё, што засталося ад людзей, якiя былi некалi цёплай i жывой плоццю. Добра, хоць iмёны захавалiся - як бы iначай яна памiнала iх у сваiх малiтвах?