Шрифт:
— Я таксама думаў пра гэта. Ты не верыш? Як вядома, я першы прапанаваў нейтрынную гiпотэзу. Праўда? Паглядзi. Антыполе можна ўзбудзiць. Для звычайнай матэрыi яно не ўяўляе небяспекi. Гэта праўда. Але ў момант дэстабiлiзацыi, калi нейтрынная сiстэма распадаецца, вызваляецца лiшняя энергiя сувязi. Калi на кожны кiлаграм масы, што знаходзiцца ў спакоi, прыпадае 108 эргаў, то на кожнае ўтварэнне Ф — ад 5x108 да 7x108 эргаў. Ты можаш уявiць, што гэта такое? Невялiкi ўранавы выбух унутры Станцыi.
— Пра што ты гаворыш! Але… але Сарторыус павiнен гэта ўлiчваць…
— Неабавязкова, — запярэчыў я са зласлiвай усмешкай. — Разумееш, Сарторыус прыхiльнiк школы Фрэзера i Каёлы. Згодна з iхняй тэорыяй, уся энергiя сувязi ў момант распаду вызваляецца ў выглядзе светлавога выпраменьвання. Гэта была б проста вельмi яркая ўспышка, мажлiва, не зусiм бяспечная, але не разбуральная. Аднак iснуюць iншыя гiпотэзы, iншыя тэорыi нейтрыннага поля. Згодна з Каятам, Авалавым, Сiёнам, дыяпазон выпраменьвання значна шырэйшы, а максiмум прыпадае на жорсткае гама-выпраменьванне. Добра, што Сарторыус верыць сваiм настаўнiкам i iхнiм тэорыям, але ёсць i iншыя тэорыi, Снаўт. Паслухай, што я табе скажу… — Я бачыў, што мае словы ўздзейнiчаюць на яго. — Трэба браць пад увагу i Акiян. Калi ён зрабiў тое, што зрабiў, то, вядома, скарыстаў аптымальны метад. Iнакш кажучы, яго дзеяннi ўяўляюцца мне аргументамi на карысць iншай школы, а не на карысць Сарторыуса.
— Дай мне твае запiсы, Кельвiн.
Я працягнуў яму лiсток. Снаўт схiлiў галаву, спрабуючы прачытаць мае каракулi.
— Што гэта? — паказаў ён пальцам.
Я ўзяў у яго лiсток.
— Гэта? Тэнзар трансфармацыi поля.
— Дай мне лiсток…
— Навошта? — спытаў я, ведаючы, што ён адкажа.
— Я павiнен паказаць яго Сарторыусу.
— Як хочаш, — абыякава адказаў я. — Магу даць. Толькi ўлiчы, эксперыментальна нiхто гэтага не правяраў. Такiя сiстэмы яшчэ дагэтуль невядомыя. Сарторыус верыць Фрэзеру, а я разлiчваў згодна з Сiёнам. Я не фiзiк, i Сiёна таксама не фiзiк. Ва ўсякiм разе з пункту погляду Сарторыуса. Але гэта дыскусiйнае пытанне. А я не хачу дыскусii, у вынiку якой я магу знiкнуць дзеля славы Сарторыуса. Цябе можна пераканаць, яго — не. Я не буду нават iмкнуцца.
— Што ты хочаш зрабiць?.. Ён працуе над гэтым, — абыякава паведамiў Снаўт.
Ён згорбiўся, увесь яго спрыт знiк. Я не ведаў, цi давярае ён мне, але мне было ўсё адно.
— Тое, што робiць чалавек, калi яго хочуць забiць, — цiха адказаў я.
— Я паспрабую звязацца з iм. Мо ён думае пра нейкiя меры бяспекi, прамармытаў Снаўт. Ён зiрнуў на мяне. — Паслухай, а калi ўсё-такi?.. Першы праект, га? Сарторыус згодзiцца. Безумоўна. Ва ўсякiм разе… ва ўсякiм разе… нейкая магчымасць.
— Ты верыш?
— Не… Але… гэта не зашкодзiць…
Мне не хацелася згаджацца надта хутка, каб не паказаць, як важна, што Снаўт становiцца на мой бок. Цяпер мы маглi разам зацягваць справу.
— Трэба падумаць, — сказаў я.
— Я пайду, — мармытнуў Снаўт i ўстаў.
Калi ён уставаў з крэсла, у яго хруснулi суставы.
— Дык ты дазволiш зняць з цябе энцэфалаграму? — спытаўся Снаўт, выцiраючы пальцамi фартух, нiбы спрабаваў сцерцi нябачную пляму.
— Добра, — згадзiўся я.
Не звяртаючы ўвагi на Хэры (яна назiрала за гэтай сцэнай моўчкi, трымаючы кнiгу на каленях), Снаўт падышоў да дзвярэй. Калi яны зачынiлiся, я ўстаў, разгладзiў лiсток, якi трымаў у руках. Не ведаю, цi прызнаў бы Сiёна мае вывады дакладнымi. Вiдаць, не. Я здрыгануўся. Хэры падышла да мяне ззаду i дакранулася да пляча:
— Крыс!
— Што, каханая?
— Хто гэта быў?
— Я табе казаў. Доктар Снаўт.
— Што ён за чалавек?
— Я мала яго ведаю. Чаму ты пытаешся?
— Ён так пазiраў на мяне…
— Вiдаць, ты яму спадабалася.
— Не, — пакруцiла яна галавой. — Ён пазiраў на мяне iнакш. Так… нiбыта…
Яна здрыганулася, падняла на мяне вочы i адразу ж iх апусцiла.
— Пайшлi адсюль куды-небудзь…
ВАДКI КIСЛАРОД
Я ляжаў у цёмным пакоi здранцвелы, уперыўшы позiрк у светлы цыферблат на руцэ. Колькi гэта працягвалася, не ведаю. Я прыслухоўваўся да свайго дыхання i нечаму здзiўляўся. Стан дзiўнай абыякавасцi я звязваў з вялiкай стомленасцю. Павярнуўся на бок, ложак быў незвычайна шырокi, мне чагосьцi не хапала. Я затаiў дыханне. Наступiла поўная цiшыня. Я сцiшыўся. Нiякага руху. Хэры? Чаму я не чую яе дыхання? Я правёў рукамi па пасцелi. Хэры не было.
«Хэры», — хацеў я паклiкаць, але пачуў крокi.
Нехта высокi i грузны iшоў, як…
— Гiбарыян? — спакойна спытаўся я.
— Так, гэта я. Не запальвай святла.
— Не запальваць?
— Не трэба. Так будзе лепш нам абодвум.
— Але ж цябе няма сярод жывых?
— Гэта не мае значэння. Ты пазнаеш мой голас?
— Пазнаю. Навошта ты гэта зрабiў?
— Так трэба было. Ты спазнiўся на чатыры днi. Калi б ты прыляцеў раней, магчыма, у гэтым не было б патрэбы. Не пакутуй, хай тваё сумленне будзе спакойным. Я адчуваю сябе нармальна.