Вход/Регистрация
Салярыс
вернуться

Лем Станислав

Шрифт:

— Ты нiчога больш не хочаш сказаць мне?

— Даруй, — мармытнуў я, — ты маеш рацыю, гэта глупства…

Не хапала, каб мы пасварылiся!

Мы пайшлi снедаць. Хэры рабiла ўсё не так, як звычайна, але я не мог зразумець, якая тут рознiца. Яна да ўсяго прыглядалася, часам не чула, што я ёй кажу, захопленая сваiмi думкамi. Я заўважыў, што вочы ў яе блiшчаць.

— Што з табой? — спытаўся я шэптам. — Ты плачаш?

— Ат, не чапай мяне. Гэта несапраўдныя слёзы, — прашаптала Хэры.

Вiдаць, трэба было высветлiць усё да канца, але я больш за ўсё на свеце баюся «шчырых размоў». Мяне турбавала зусiм iншае. Хоць я i ведаў, што iнтрыгi Снаўта i Сарторыуса мне толькi прыснiлiся, я пачаў успамiнаць, цi ёсць на Станцыi хоць якая-небудзь зручная зброя. Я не думаў, навошта яна мне, — проста хацелася яе знайсцi. Я сказаў Хэры, што мушу пайсцi ў трум i на склады. Яна моўчкi пайшла са мной. Я капаўся ў скрынях, вынюхваў у кантэйнерах, а калi спусцiўся на самы нiз, не змог адолець жадання зазiрнуць у халодную камеру. Мне не хацелася, каб Хэры заходзiла туды, таму я толькi прачынiў дзверы i агледзеў усё памяшканне. Пад цёмным покрывам па-ранейшаму адрознiвалiся абрысы цела нябожчыка, але з таго месца, дзе я стаяў, нельга было ўбачыць, ляжыць там чарнаскурая цi не. Мне здалося, што яе няма.

Я працягваў блукаць, так i не знайшоўшы нiчога вартага ўвагi. Настрой усё больш i больш псаваўся. Нечакана я заўважыў, што побач са мной няма Хэры. Зрэшты, яна адразу ж з’явiлася — затрымалася ў калiдоры, але ўжо адно тое, што Хэры спрабавала аддалiцца — а ёй жа дорага каштавала пакiнуць мяне хоць на хвiлiнку, — павiнна было насцярожыць мяне. Я па-ранейшаму iмiтаваў пакрыўджанага, карацей, паводзiў сябе надзвычай дзiўна. Разбалелася галава, я не мог знайсцi нiякiх парашкоў i, злосны, як чорт, перакапаў усю аптэчку. У аперацыйную iсцi не хацелася, i наогул у мяне нiчога не ладзiлася. Хэры, як цень, блукала па пакоi, часам некуды знiкала. Пасля поўдня, калi мы паабедалi (зрэшты, яна наогул не ела, а я жаваў без апетыту — у мяне так трашчала галава, што я нават не спрабаваў прымусiць Хэры паесцi), яна раптам села побач i пачала скубцi мой рукаў.

— Што? — неахвотна азваўся я.

Мне хацелася пайсцi наверх, бо здавалася, што трубы перадаюць слабы водгук стуку — вiдаць, Сарторыус займаўся апаратурай высокага напружання. Але ад адной думкi, што давядзецца браць з сабой Хэры, знiкала ўсялякае жаданне iсцi. Прысутнасць Хэры ў бiблiятэцы была хоць крыху зразумелая, але там, сярод машын, гэта можа даць падставы Снаўту для непажаданых заўваг.

— Крыс, — прашаптала Хэры, — а як у нас з табой?..

Я мiжволi ўздыхнуў. Нельга сказаць, што гэта быў шчаслiвы дзень.

— Усё цудоўна. А ў чым справа?

— Я хачу з табой пагаварыць.

— Калi ласка. Я слухаю.

— Але не так.

— А як? Я ж табе казаў, што ў мяне вельмi балiць галава, ды i клопатаў шмат…

— Каб толькi было жаданне, Крыс.

Я прымусiў сябе ўсмiхнуцца. Напэўна, гэта выглядала пакутлiва.

— Добра, каханая, кажы.

— А ты скажаш мне праўду?

Я падняў бровы. Такi пачатак мне не падабаўся.

— Навошта я буду цябе падманваць?

— У цябе могуць быць прычыны. Сур’ёзныя. Але калi хочаш, каб… ну, ведаеш… тады не падманвай мяне.

Я прамаўчаў.

— Зараз я нештачка табе скажу, але i ты мне скажы. Добра? Усю праўду. Нягледзячы нi на што.

Я не пазiраў у яе вочы, а яна лавiла мой позiрк. Я зрабiў выгляд, што не заўважаю гэтага.

— Я ўжо сказала табе, што не ведаю, адкуль я тут з’явiлася. Хiба мо ты ведаеш. Пачакай, я яшчэ не ўсё сказала. Мо i ты не ведаеш. А калi ведаеш i не можаш цяпер сказаць, то, магчыма, скажаш калi-небудзь пазней? Гэта не будзе сама страшнае. Ва ўсякiм разе дасi мне шанц.

Мне стала холадна.

— Дзiцятка, што ты кажаш? Якi шанц?.. — мармытаў я.

— Крыс, кiм бы я нi была, але я не дзiця. Ты ж абяцаў. Скажы.

Тое «кiм бы я нi была» так перахапiла мне горла, што я знямеў i мог толькi пазiраць на яе, бязглузда кiваючы галавой, нiбы абараняючыся ад таго, што я меў пачуць.

— Паслухай, неабавязкова ж казаць зараз, проста скажы, што не можаш…

— Я нiчога не хаваю… — адказаў я хрыплым голасам.

— Вось i добра, — прамовiла яна i ўстала.

Я хацеў што-небудзь сказаць, адчуваючы, што нельга так заканчваць размову, але словы заселi ў горле.

— Хэры…

Яна стаяла ля акна, спiнай да мяне. Цёмна-сiнi пусты Акiян раскiнуўся пад пустым небам.

— Хэры, калi ты думаеш, што… Хэры, ты ж ведаеш, што я кахаю цябе…

— Мяне?

Я падышоў да яе. Хацеў абняць. Яна вызвалiлася, адпiхнуўшы маю руку.

— Ты такi добры… — сказала яна. — Кахаеш? Мяне? Я хацела б, каб ты лепш бiў мяне!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: