Шрифт:
Але маўчанне маё трывожыла вас. Вам так не цярпелася выведаць мой сакрэт. Жэнеўева, бывала, хацела купiць мяне сваёй ласкай. Якая прасцячка! Я ўжо здалёк чуў яе цяжкiя крокi i часта ёй гаварыў: "Благаславiце мяне, хутка я памру". Я жартаваў, i мне прыемна было глядзець, як нервуецца яна, як сквапна блiшчаць яе вочы. Потым Жэнеўева пераказвала табе гэтыя словы. I ўся сям'я аж стагнала ад радасцi i нецярпення. А я тым часам думаў, як пакiнуць вам толькi тое, што немагчыма ўтаiць. Я думаў пра маленькага Люка i збiраўся нават закласцi зямлю...
I ўсё ж праз год пасля смерцi Мары я папаўся на ваш кручок. Я захварэў. Некаторыя прыкметы былi такiя самыя, як i ў той хваробы, што загубiла нашу дачушку. О! Як я не люблю лячыцца! Не пераношу дактароў, лекаў! Глядзець не магу, як вакол мяне топчуцца, разглядаюць, спачуваюць! Але ты не адступiлася ад мяне, пакуль я не згадзiўся легчы ў пасцель i выклiкаць Арназана.
Што ж, няма слоў, ты шчыра клапацiлася пра мяне. Часам, калi ты ў мяне пыталася, як я адчуваю сябе, мне нават здавалася, што ў тваiм голасе гучалi ноткi трывогi. Ты мацала мой лоб з такой самай пяшчотай, як i хворым дзецям. Ты загадала, каб перанеслi твой ложак да мяне ў пакой. Калi ноччу я пачынаў варушыцца, ты ўставала i памагала мне напiцца. "Яна даражыць мною!
– думаў я.
– Хто б мог падумаць?
– Напэўна, таму, што "зарабляю добрыя грошы..." Не, грошы самi па сабе радасцi ёй не даюць... А можа, яна баiцца, што пасля маёй смерцi дзецям будзе горш? Вось тут больш праўды..." Але я не адгадаў.
Пасля таго як Арназан агледзеў мяне, ты выйшла з iм на ганак i ад хвалявання гучна загаварыла:
– Доктар, прашу вас, гаварыце ўсiм, што Мары памерла ад брушнога тыфу. А то, ведаеце, у мяне два браты памерлi ад сухотаў, i цяпер па горадзе папаўзлi плёткi, нiбыта i ў Мары была гэтая хвароба. Чужыя языкi такiя злыя, доктар! Я так баюся, каб i мужава хвароба не нарабiла бяды Хюбэру i Жэнеўеве! Калi муж сапраўды цяжка хворы, зноў пойдзе погаласка. Я так перапалохалася i ўсё думала пра нашых дзетак! Вы ж ведаеце, прафесар, ён у маладосцi, яшчэ перад нашым вяселлем, таксама хварэў на лёгкiя. I пра гэта ўсе дачулiся. У нас жа ўсё пра кожнага ведаюць. I так ужо любяць смакаваць чужыя непрыемнасцi! Нават калi б муж памёр ад якой-небудзь iнфекцыйнай хваробы, нiхто б у гэта не паверыў, як не вераць, што i Мары сышла на вечны спакой ад тыфу. I за што ж такая бяда на маiх дзяцей?! Я месца сабе не знаходзiла: не хоча лячыцца i што хочаш яму рабi! Як быццам гэта датычыцца толькi яго аднаго. Такi ўжо чалавек: нiколi нi пра кога не думае! Нават пра сваiх дзяцей! Не, не, доктар, вам цяжка паверыць, што ёсць на свеце людзi, як мой муж! Вы ж такi самы, як абат Ардуэн, - вы не верыце, што на зямлi ёсць зло.
А я ляжаў у пасцелi i смяяўся. Ты зайшла ў пакой i спыталася:
– Чаго ты рагочаш?
– А так...
– Пра што ты думаеш?
– Нi пра што...
Х
Амаль месяц не браўся я за свае запiскi. Пасля цяжкага прыпадку мусiў я ляжаць у пасцелi пад вашым пiльным наглядам. Як толькi хвароба падкошвае мяне, вы ўсе тут як тут. Цэлымi днямi сядзiце ў пакоi i сочыце за мной.
У мiнулую нядзелю завiтаў да мяне Фiлi. Было горача, душна, я ледзьве мог гаварыць, думкi блыталiся, i я задрамаў... Цi доўга я спаў? Не ведаю. Пабудзiў мяне яго пранiзлiвы голас. У прыцемку я бачыў, як ён увесь насцярожыўся. Вочы яго блiшчалi, як у маладога ваўка. На левай руцэ над гадзiннiкам ён насiў яшчэ залаты ланцужок. На худых, яшчэ хлапечых грудзях кашуля была расшпiлена... I зноў я задрамаў... Прачнуўся ад скрыпу ягоных чаравiкаў. Я прыплюшчыў вочы i пачаў сачыць. Фiлi абмацваў мой пiнжак, дзе ва ўнутранай кiшэнi ляжаў мой кашалёк. Сэрца маё затахкала, але я прымусiў сябе не варушыцца. Няўжо ён нешта западозрыў? Вярнуўся на сваё месца...
Я зрабiў выгляд, што толькi-толькi прачнуўся, i папытаўся, цi доўга я спаў.
– Ды не, што вы, дзядуля! Мо дзве-тры хвiлiны.
На мяне напаў той страх, якi ахоплiвае адзiнокiх старых людзей, калi iх высочвае якi-небудзь малады спрытнюга. Няўжо я звар'яцеў? Мне здалося, што гэты ўнучак мог забiць мяне! Недарэмна ж Хюбэр сказаў неяк, што ад Фiлi можна ўсяго чакаць...
Вось бачыш, Iза, якое было маё шчасце... А калi ты будзеш чытаць пра ўсё гэта, позна ўжо будзе мяне шкадаваць. Але мне добра на душы ад адной надзеi, што ты ўсё ж такi паспачуваеш мне трохi. Не веру я ў тваё вечнае пекла з кiпучай смалою. Затое добра ведаю, што значыць быць праклятым на зямлi. Куды нi пойдзе такi чалавек - заўсёды перад iм сумная дарога! Не ўмее ён жыць на зямлi, - не ў тым сэнсе, як гэта разумееце вы, свецкiя людзi, а ў самым глыбокiм... Iза, я пакутую. Дзьме гарачы паўднёвы вецер. Мне душна, мяне мучыць смага, а ў мяне толькi цёплая нясмачная вада з умывальнiка. У мяне ёсць мiльёны, а шклянкi чыстай халоднай вады няма!
Калi я магу яшчэ цярпець гэтага Фiлi, то толькi таму, што ён нагадвае мне другога юнака - нашага Люка, якому цяпер было б ужо за трыццаць. Я нiколi не перакрэслiваў тваёй хрысцiянскай дабрачыннасцi i добра бачыў, што гэты хлопчык дапамагаў табе яе развiваць. Яго ты не любiла, бо нiчога не знайшлося ў iм ад Фандадэжаў. А гэта ж быў сын Марынеты, тваёй сястры!.. Не любiла ты гэтага чарнавокага хлопчыка з прыгожым высокiм лобам i завiткамi на скронях - "як у гiшпанцаў", - казаў Хюбэр. Вучыўся ён дрэнна, але табе да гэтага справы не было: "Досыць з мяне таго, што я няньчуся з iм кожнае лета".
Не, не цягнула яго да кнiг. У нашых ваколiцах, дзе, здаецца, даўно ўжо перастралялi ўсю дзiчыну, ён амаль штодня знаходзiў здабычу. Калi раз на год на нашых палетках з'яўляўся заяц, Люк абавязкова высочваў яго i прыносiў у маёнтак. Як цяпер бачу: iдзе ён па доўгай алеi i радасна паказвае забiтага зайца, трымаючы яго за доўгiя вушы... Я заўсёды чуў, як на золку ён выходзiў з дому. Я адчыняў акно i чуў яго бадзёры голас:
– Пайду пагляджу, як там мае вуды.
Ён заўсёды глядзеў мне проста ў вочы i спакойна вытрымлiваў мой позiрк. I ён зусiм не баяўся мяне.
Часам я ад'язджаў на некалькi дзён, а калi вяртаўся не папярэдзiўшы вас, то да мяне адразу даносiўся пах цыгар, на падлозе ў гасцiнай я не бачыў дывана i знаходзiў усе прыкметы перапыненага банкету. Толькi, бывала, я за дзверы Жэнеўева i Хюбэр запрашалi сваiх сяброў i наладжвалi баль, хоць я строга забаранiў гэта рабiць. А ты, Iза, патурала iм: "Няхай ужо, трэба ж неяк падтрымлiваць адносiны. Дый гасцiннасць нашу няхай людзi ведаюць..." У такiх выпадках толькi Люк мог прытушыць мой гнеў. Яго вы i падсылалi да мяне. А хлопчыку было смешна, што я наводжу на вас такi страх: