Вiнцэсь Мудроў
Iду на таран!
Амаль што дакумэнтальны аповед
На трэйцiя суткi палёту ў небе зьявiлiся аблокi. Бухматыя, крутабокiя, яны нагадвалi сонных мядзьведзяў, i карантышкi, пазiраючы на iх, мiжволi сьцепаналiся, прагна глыталi халоднае паветра i стоена пераводзiлi дых, не раўнуючы, як пасьля доўгай беганiны. Белыя аграмады праплывалi мiма непадалёку ад шара, - i аднаго разу зямля зьнiкла зь вiдавоку й навакольле панурылася ў шэры i волкi цi то дым, цi то туман.
– Што гэта?
– закрычалi ўсе.
– Адкуль гэты дым?
– Гэта ня дым, - адказаў Знайка, - гэта воблака. Мы паднялiся да аблокаў i зараз ляцiм у аблачыне.
– Ну ты прыдумаў, - выгукнуў Нязнайка.
– Воблака - яно вадкае, як жур, а гэта нейкi туман.
– А з чаго, ты думаеш, зроблена воблака?
– запытаўся Знайка.
– З таго ж самага туману. Гэта толькi здаецца, што яно шчыльнае.
Знайка прыкусiў верхнюю губу, сеў на лаўку й, дастаўшы з пляншэту мапу, расклаў яе на каленях.
Карантышкi з дакорам паглядзелi на Нязнайку, а потым - з надзеяй у вачох на свайго камандзёра.
– Нас увесь час нясе на паўночны ўсход, - прамармытаў Знайка; у гэты момант шар вырваўся з аблачыны й сонца вясёлкава зайграла на шкельцах знайкавых акуляраў.
Карантышкi ўважлiва сачылi за камандзёрам i калi той пачаў раптам лiхаманкава папраўляць шкельцы на носе, зразумелi, што здарылася штосьцi непапраўнае. Хвiлiну Знайка сядзеў нерухома, а потым, пашнарыўшы рукою пад лаўкай, роспачна прасiпеў:
– Ратуймася, хлопцы! Нас нясе на Беларусь!
Яшчэ празь iмгненьне ён выцягнуў з-пад лаўкi парашут i, насунуўшы на плечы сырамятныя лямкi, выгукнуў:
– Скачам па чарзе... Усе за мной! Пайшлi!
Знайка скочыў першым. За iм пайшоў Тарапыжка, але тут надарылася неспадзеўка. Замест таго, каб скокнуць, а потым раскрыць парашут, Тарапыжка спачатку раскрыў парашут, а потым скокнуў i ў вынiку той зачапiўся за край каша. Тарапыжка заблытаўся ў стропах i павiс дагары нагамi.
– Браткi!
– закрычаў доктар Пiлюлькiн.
– Калi парашут адчэпiцца, Тарапыжка грымнецца галавой аб зямлю.
Карантышкi ўчапiлiся рукамi за парашут, уцягнулi Тарапыжку назад у кош i ў гэты самы момант Нязнайка, якi не чытаў газэтаў i нiколi ня чуў пра Беларусь, загарлаў:
– Стойце! Нiкому больш скакаць ня трэба!
– А што Знайка будзе бяз нас рабiць?
– запытаўся ў сваю чаргу Пончык. Стаўшы каленямi на лаўку, Пончык зьвесiў долу кучаравую галаву.
Усе, хто быў у кашы, таксама зьвесiлi галовы, назiраючы за белым дзьмухаўцом знайкавага парашута. Нават сабачка Булька, якi дагэтуль увесь час сядзеў у куце, ускочыў на лаву i, убiўшыся памiж гаспадаром - паляўнiчым Пулькам - i Нязнайкам, глянуў на зямлю. Булька акiнуў уважлiвым поглядам навакольле, патрабавальна нюхнуў паветра, а потым, адчуўшы ва ўсiм гэтым штосьцi нядобрае, голасна заскавытаў. Ад гэтых зыкаў у Нязнайкi заварушылiся валасы на галаве, капялюш наехаў на патылiцу й давялося хапаць яго абедзьвума рукамi i зь сiлаю насоўваць на самыя бровы.
I
Палкоўнiк Бурзачыла стаяў ля вакна i, упiхнуўшы рукi ў кiшэнi форменных штаноў, задуменна перабiраў ядры. Краявiд за вакном лашчыў вока: неба было пазначанае ранiшняй ружавiзною, па небу плылi лёгкiя аблачынкi, а ля самай шыбы гайдалася квiтучая галiнка вiшнi, на якой шумлiва завiхалiся маладыя вераб'i. Гледзячы на ўсё гэта, якi-небудзь японскi сузiральнiк вiдочна стоiў бы дых i, ачараваны, пачаў бы дэклямаваць вершы Такасi Нагацукi цi Акiка Ёсаны, але палкоўнiк быў не японскiм сузiральнiкам, а штабным афiцэрам, а таму глядзеў не на ўвiшных вераб'ёў i не на ружовыя аблокi, а на буфэтчыцу Тосю, што стаяла на доле й лiчыла скрынкi, якiя выгружалi з машыны два дарэшты схуднелых шарагоўцы.
Порсткi ветрык даймаў карацельку-спаднiцу, агаляў белыя сьцёгны, з кожным парывам ветру палкоўнiк хiтаўся, налягаючы на пяткi, i хромавыя палкоўнiцкiя боты поўнiлi габiнэт прыемным рыпам.
I вось, калi шарагоўцы зьнялi з кодабу апошнюю скрыню, гарэза-ветрык задзёр караценькую спаднiцу да самых да зялёных трусiкаў, палкоўнiк хiтнуўся зь небясьпечнай для сябе амплiтудай, i хромавiкi рыпнулi з такой рашучасьцю, зь якой здольныя рыпець толькi боты кадравых штабных афiцэраў. Палкоўнiк пасьмiхнуўся, падцягнуў матню форменных штаноў i ў гэты момант за сьпiнаю ягонай азваўся тэлефон апэратыўнай сувязi. Юрлiвыя крозы выпетрылiся з галавы, палкоўнiк счакаў хвiлiну, у спадзеўцы, што тэлефон ацiхне, але той не ацiхаў, i таму давялося iсьцi да апарата.
Тэлефанавалi аднекуль здалёк: у слухаўцы спачатку штосьцi рыпала, потым узбуджана вохкала, потым задаволена аддзiмалася i, нарэшце, у тэлефонных глыбiнях узьнiк залiвiсты голас нейкага маладзёна.
– Таварыш палкоўнiк... Дакладвае лейтэнант Пашкоў...
– Ну, што там у вас, - палкоўнiк мацюкнуўся, прыцiснуў слухаўку да вуха, але на другiм канцы провада iзноў узбуджана завохкалi, нейкая кабета - вiдаць, тэлефанiстка - рашуча загадала: - Канчайце!
– i толькi пасьля гэтага залiвiсты лейтэнантавы голас скалануў мэмбрану: