Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Як гэта — як дурні?

— Ну, быццам на падпітку. Балбочуць, нясуць лухту і хлусяць.

Ленц зарагатаў.

— Ах, сынок! Усё — гульня. Чароўная гульня мамы прыроды. Паглядзі на гэтую сліву. Яна таксама падманвае. Робіць сябе прыгажэйшай, чым будзе потым. Было б жахліва, калі б каханне нечым было звязана з праўдай. Дзякуй богу, усё могуць гэтыя заклятыя маралісты — але не прымушаць.

Я выпрастаўся.

— Ты думаеш, што без хлусні ўвогуле немагчыма?

— Немагчыма, дзіцятка.

— Але ж тады можаш выставіць сябе жахліва смешным.

Ленц заўсміхаўся.

— Запомні сабе адно, хлопчык: ніколі, ніколі, ніколі не выставіш сябе смешным перад жанчынай, калі робіш нешта дзеля яе. Нават у самай банальнай камедыі. Рабі што хочаш: стой на галаве, пляці несусветную лухту, хваліся, як гусак, спявай пад яе акном, толькі аднаго не рабі: не будзь дзялком. Не будзь разважлівы!

Я ажывіўся.

— А што скажаш на гэта ты, Ота?

Кёстэр засмяяўся.

— Відаць, так яно і ёсць.

Ён устаў і адкрыў капот «Карла». Я прынёс сваю бутэльку з ромам і яшчэ адну чарку і паставіў іх на стол. Ота завёў машыну. Матор гудзеў нізка і стрымана. Ленц з нагамі залез на падваконнік і ўзіраўся ў двор. Я падсеў да яго.

— Ты прыходзіў калі-небудзь да жанчыны п'яны?

— Часта, — адказаў ён, не варухнуўшыся.

— І што?

Ён скоса зірнуў на мяне.

— Ты маеш на ўвазе, калі нешта ўчворыў? Ніколі не прасі прабачэння, дзіця. Ніколі нічога не гавары. Паслаць кветкі. Без запіскі. Адны кветкі. Яны загладжваюць усё. Нават магілы.

Я зірнуў на яго. Ён не варушыўся. Яго вочы іскрыліся ў водбліску белага святла з вуліцы. Матор усё яшчэ ціха вуркатаў.

— Відаць, магу спакойна крыху выпіць, — сказаў я і адкаркаваў бутэльку.

Кёстэр заглушыў матор. Потым ён звярнуўся да Ленца.

— Месяц свеціць даволі ясна, каб не згубіць шклянку, Готфрыд. Выключы ілюмінацыю. У першую чаргу «форда». Жывёліна напамінае мне косы пражэктар, напамінае вайну. Тады было не да смеху, калі яны намацвалі твой самалёт.

Ленц кіўнуў.

— А мне гэта напамінае… а-а… усё роўна. — Ён устаў і выключыў пражэктары.

Месяц свяціў над фабрычным дахам. Ён свяціў усё ярчэй і цяпер, як жоўты папяровы ліхтар, вісеў паміж галін слівы. Галінкі ціха гойдаліся пад слабым ветрам.

— Дзіўна, — праз хвіліну сказаў Ленц. — Навошта ўсякім людзям ставіць помнікі? Чаму б не паставіць месяцу або квітнеючаму дрэву?

Я рана пайшоў дамоў. Калі я адчыніў дзверы ў калідор, пачуў музыку. Іграў грамафон Эрны Бёніг, сакратаркі. Спяваў чысты жаночы голас. Потым рассыпаліся прыглушаныя гукі скрыпак і пічыката на банджа. І зноў голас — настойлівы, мяккі, нібы да краёў напоўнены шчасцем. Я прыслухаўся, стараючыся разабраць словы. Ціхая песня жанчыны кранала, асабліва тут, у цёмным калідоры, паміж швейнай машынкай фраў Бэндэр і валізкамі сям'і Хасэ. Я глянуў на дзікаву галаву над дзвярыма кухні.

Я чуў, як служанка звінела посудам.

— …Як бы я жыла без цябе… — спяваў голас за дзвярыма на адлегласці некалькіх крокаў.

Я паціснуў плячыма і пайшоў у свой пакой. Побач я пачуў раздражнёную лаянку. Праз некалькі хвілін у дзверы да мяне пастукалі. Увайшоў Хасэ.

— Не перашкоджу? — спытаў ён стомлена.

— Ані, — сказаў я. — Вып'еце?

— Не хочацца. Толькі пасяджу.

Ён тупа ўзіраўся перад сабой.

— Вам добра, — сказаў ён. — Вы адзін…

— Што за глупства, — адказаў я. — Невялікае шчасце — увесь час сядзець у адзіноце. Можаце мне паверыць…

Ён расслаблена сядзеў у крэсле. Яго вочы шалёным бляскам свяціліся ў паўзмроку. Пакой быў асветлены толькі святлом ліхтароў знадворку. Вузкія, апалыя плечы…

— Жыццё мне ўяўлялася зусім інакш, — сказаў ён праз нейкі час.

— Не толькі вам, — адказаў я.

Праз паўгадзіны ён зноў пайшоў у свой пакой на перагаворы з жонкай. Я даў яму некалькі газет і паўбутэлькі апельсінавага лікёру «кюрасаа», што стаяў у мяне невядома з якога часу на тумбачцы — непрыемнае, салодкае пітво, але для яго якраз. Ён усё роўна не разбіраўся.

Ён выйшаў ціха, амаль бязгучна, цень ценем, быццам ужо пагас. Я замкнуў за ім дзверы. З калідора, нібы стракатая шоўкавая хусцінка, заляцеў урывак музыкі — скрыпкі, прыглушаныя банджа.

«…як бы я жыла без цябе…»

Я сеў да акна. Могілкі ляжалі ў сінім святле месяца. Стракатыя квадраты светлавой рэкламы чапляліся за кроны дрэваў, са змроку мігцелі надмагільныя камяні. Яны былі маўклівыя і не навявалі жаху. Міма іх праносіліся, сігналячы, аўтамашыны, святло фараў слізгала па выцвілых надпісах.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: