Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Я сеў да піяніна. Роза таго толькі і чакала. Яна любіла музыку, як і ўсе гэтыя дзяўчаты. Я на развітанне яшчэ раз сыграў усе шлягеры, якія любілі Роза і Лілі. Для пачатку «Малітву нявіннай дзяўчыны». Назва, праўда, не зусім пасавала да месца, але гэта была ўсяго толькі бразготная п'еска. Потым прагучалі «Птушыны вечаровы спеў», «Зара ў Альпах», «Калі памірае каханне», «Мільёны Арлекіна» і на заканчэнне — «Я хацеў бы на радзіму». Гэтую песню вельмі любіла Роза. Прастытуткі — вельмі жорсткія, але і вельмі сентыментальныя. Усе пачалі падпяваць. Підар Кікі спяваў другім голасам.

Лілі зазбіралася. Ёй трэба было сустрэць свайго жаніха. Роза цалавала яе ад усяго сэрца.

— Бывай, Лілі. Трымайся!

Яна пайшла, нагружаная падарункамі. Клянуся, што ў яе быў зусім іншы твар, чым да гэтага. Разгладзіліся жорсткія рысы, якія ўядаюцца ў твар кожнага, хто мае справу з людской подласцю. Твар памякчэў, на ім сапраўды зноў з'явіліся сляды дзявоцкасці.

Мы стаялі ў дзвярах і махалі Лілі рукой. Мімі раптам загаласіла. Яна сама ўжо пабывала замужам. Яе муж памёр на вайне ад запалення лёгкіх. Калі б ён загінуў, ёй далі б невялічкую пенсію і не давялося б выходзіць на панель.

Роза паляпала яе па спіне.

— Ну, Мімі, не расслабляйся! Хадзем, вып'ем яшчэ па глытку кавы.

Уся кампанія вярнулася ў змрочнае памяшканне «Інтэрнацыяналя», як кучка курэй у куратнік. Але добры настрой больш не вярнуўся.

— Сыграй нам пад канец яшчэ, Робі! — сказала Роза. — Што-небудзь вясёленькае.

— Добра, — згадзіўся я. — Давайце грымнем «Марш старых сяброў».

Потым я таксама развітаўся. Роза ўкруціла мне кавалак пірага з сабой. Я падараваў яго сыну «мамкі», які на двары рыхтаваў кацялок варыць вячэрнія сасіскі.

Я задумаўся, што мне рабіць. Ісці ў бар зусім не хацелася. І ў кіно не хацелася. У майстэрню? Я нерашуча глянуў на гадзіннік. Восем. Зараз павінен быў вярнуцца Кёстэр. Калі ён там, Ленц не будзе зноў безупынку балбатаць пра дзяўчыну. Я пайшоў.

У памяшканні гарэла святло. Не толькі ў памяшканні — увесь двор быў заліты святлом. Кёстэр быў адзін.

— Што тут робіцца, Ота? — спытаў я. — Можа, ты прадаў «кадзілак»?

Кёстэр засмяяўся.

— Не. Готфрыд зладзіў невялічкую ілюмінацыю.

Гарэлі абедзве фары «кадзілака». Машыну паставілі так, што пукі святла праз акно падалі на двор якраз на квітнеючую сліву. Карціна была цудоўная: дрэва, пакрытае беллю. Змрок з абодвух бакоў, здавалася, шумеў, як начное мора.

— Выдатна, — сказаў я. — А дзе ж ён?

— Пайшоў прынесці перакусіць.

— Бліскучая ідэя, — сказаў я. — Мяне крыху хістае. Але магчыма, што гэта з голаду.

Кёстэр кіўнуў.

— Пад'есці заўсёды карысна. Асноўны закон усіх старажытных вояў. Я сёння зрабіў таксама нешта хісткае. Заявіў «Карла» на гонкі.

— Што? — сказаў я. — Няўжо на шостае?

Ён кіўнуў.

— Чорт вазьмі, Ота, там жа ўдзельнічаюць усялякія славутасці.

Ён зноў кіўнуў.

— У класе спартовых машын — Браўмюлер.

Я закасаў рукавы.

— Тады за справу, Ота! Адмыем як след нашага пестунка!

— Стоп! — крыкнуў апошні рамантык, заходзячы. — Спачатку — падвячорак!

Ён дастаў яду — сыр, хлеб, цвёрдую вэнджаную каўбасу і шпроты. Апетыт у нас быў, як у галодных малацьбітоў. Мы запівалі халодным півам. Потым мы ўзяліся за «Карла». Мы корпаліся з ім дзве гадзіны, праверылі і змазалі ўсе падшыпнікі. Потым з Ленцам павячэралі яшчэ раз.

Готфрыд цяпер накіраваў святло і на «форд». Пры сутыкненні выпадкова адна фара засталася непашкоджанай. Цяпер яна ўзіралася з пагнутага шасі ў неба.

Ленц задаволена павярнуўся да нас.

— Ну, Робі, цягні бутэлькі. Давайце адзначым свята квітнеючага дрэва.

Я паставіў на стол каньяк, джын і дзве чаркі.

— А ты?

— Я не буду піць.

— Што? Чаму?

— Таму што мне ўжо абрыдлі гэтыя папойкі.

Ленц хвіліну разглядаў мяне.

— Наша дзіця звіхнулася, Ота, — звярнуўся ён да Кёстара.

— Пакінь яго, раз не хоча, — адказаў Кёстэр.

Ленц наліў сабе поўную чарку.

— Хлапец ужо даўно ненармальны.

— Не самае горшае, што можа быць, — заявіў я.

Месяц, вялікі і чырвоны, вылез з-за даху фабрыкі насупроць нас. Нейкі час мы сядзелі моўчкі.

— Скажы, Готфрыд, — пачаў я, — ты ж спецыяліст у сардэчных пытаннях, праўда?

— Спецыяліст! Я зубы з'еў на гэтым, — сціпла адказаў Ленц.

— Цудоўна. Мне, між іншым, хацелася б ведаць, ці заўсёды закаханыя паводзяць сябе як дурні.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: