Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
Я зразумеў, што перада мной майстар высокага класа ў лаянцы. Трэба было, нягледзячы на дрэнны настрой, зберагчы гонар.
— Каціся сваёй сцежкай, псіхічны неданосак, — сказаў я і ўзняў руку для благаславення.
Ён не звярнуў увагі на маю прапанову.
— Каб табе мазгі залілі бетонам, засохлая малпа! — брахаў ён.
Я адказаў яму «плоскаступнёвым вылюдкам». Ён мяне абазваў папугаем, а я яго беспрацоўным мыйшчыкам нябожчыкаў. Тады ён, ужо паважліва, ахарактарызаваў мяне як каравячую галаву, што хворая на рак. А я, ужо жадаючы скончыць лаянку, назваў яго бадзяжнымі могілкамі біфштэксаў. Яго твар раптам праясніўся.
— Могілкі біфштэксаў — гэта добра, — сказаў ён. — Яшчэ не чуў. Бяру ў свой рэпертуар. Бывай! — Ён прыўзняў капялюш, і мы з узаемнай павагай разышліся.
Лаянка мяне ўзбадзёрыла. Але злосць засталася. Калі я стаў цверазець, яна нават узмацнілася. Я здаваўся сабе выкручаным мокрым ручніком. Але паступова злосць пераходзіла і на дзяўчыну. Яна была прычынай, што я напіўся. Я наставіў каўнер. Няхай яна думае пра мяне, што хоча, мне цяпер усё роўна. Ва ўсякім разе адразу зразумела, з кім мае справу. А як па мне — няхай усё ідзе да д'ябла: што было, тое было. Нічога не зменіш. Магчыма, нават і лепш.
Я вярнуўся ў бар і набраўся да чорцікаў…
IV
Надвор'е стала цёплае і вільготнае, некалькі дзён запар ішоў дождж. Потым праяснілася, пачало прыпякаць сонца, і калі я ў пятніцу раніцай прыйшоў у майстэрню, я ўбачыў у двары Мацільду Штос, якая стаяла з венікам пад пахай. Твар у яе быў як у расчуленага кракадзіла.
— Ну, паглядзіце, пан Локамп, якое хараство! Гэта ж проста цуд!
Я спыніўся як зачараваны. Старая сліўка каля заправачнай калонкі за ноч расцвіла.
Яна ўсю зіму стаяла голая, скрыўленая, мы вешалі на яе старыя пакрышкі і надзявалі на голле слоікі з-пад алею на прасушку. Яна была для нас проста прыдатнай вешалкай на ўсё — ад анучы да капота. Яшчэ некалькі дзён назад на ёй матляліся вымытыя сінія камбінезоны. Учора яшчэ на ёй нічога не было бачна — і вось раптам за ноч яна чароўна ператварылася ў мігатлівае ружова-белае воблака, у воблака белых кветак, быццам у наш забруджаны двор заляцеў рой матылькоў.
— А пах, — летуценна прамовіла Мацільда і закаціла вочы, — цудоўны, зусім як той ром.
Я не адчуваў ніякага паху. Але адразу ж здагадаўся.
— Больш пахне каньяком для кліентаў, — запэўніў я.
Яна энергічна запратэставала.
— Пан Локамп, вы, мусіць, прастудзіліся. Магчыма, у вас у носе паліпы. Сёння паліпы амаль у кожнага. Не, у старой Штос нос як у ганчака, паверце мне, гэта ром… вытрыманы ром…
— Ну добра, Мацільда.
Я наліў ёй чарку рому і пайшоў да калонкі. Юп ужо сядзеў там. У ржавай бляшанцы з-пад кансерваў перад ім стаяла некалькі галінак.
— Што гэта такое? — спытаў я здзіўлена.
— Для дам, — растлумачыў Юп. — Калі яны прыязджаюць на запраўку, то атрымліваюць бясплатна кветку. Дзякуючы гэтаму я прадаў ужо на дзевяноста літраў больш. Залатое дрэва, пан Локамп. Каб яго не было, трэба было б зрабіць штучнае.
— Ты дзелавы хлопец.
Ён усміхнуўся. Сонца прасвечвала яго вушы, і яны былі падобныя да рубінавых царкоўных акон.
— Мяне ўжо два разы фатаграфавалі, — паведаміў ён. — На фоне дрэва.
— Глядзі, ты яшчэ станеш кіназоркай, — сказаў я і пайшоў да ямы, дзе Ленц ужо корпаўся пад «фордам».
— Робі, — сказаў ён, — у мяне ідэя. Нам трэба было б падумаць пра дзяўчыну Біндзінга.
Я ўтаропіўся на яго.
— Што ты маеш на ўвазе?
— Менавіта тое, што сказаў. Але чаго ты так утаропіўся?
— Я не ўтаропіўся.
— Нават набычыўся. Між іншым — а як завуць дзяўчыну. Пат… а далей?
— Не ведаю, — адгукнуўся я.
Ён выпрастаўся.
— Ты не ведаеш? Ты ж запісваў яе адрас! Я сам бачыў.
— Згубіў паперку.
— Згубіў! — Ён дзвюма рукамі схапіўся за сваю жоўтую чупрыну. — І дзеля гэтага я трымаў Біндзінга цэлую гадзіну ў садзе? Згубіў! Дык, можа, Ота ведае?
— Ота таксама не ведае.
Ён зірнуў на мяне.
— Варты жалю дылетант! Тым горш! Ці ты не ведаеш, якая казачная дзяўчына гэта была? Божа! — Ён узняў вочы небу. — Толькі раз сустрэнецца нешта людскае, а гэты жалобны пень губляе адрас.
— Я не ўбачыў у ёй нічога асаблівага.
— Таму што — асёл, — адпарыраваў Ленц. — Дурань, які нічога не бачыў, што ўзвышалася б над узроўнем прастытутак з кавярні «Інтэрнацыяналь». Ты — тапёр! Я яшчэ раз паўтараю: нам пашэнціла, вельмі пашэнціла з гэтай дзяўчынай! Проста ты нічога не разумееш! Ты бачыў яе вочы! Вядома ж, не. Ты бачыў толькі сваю шклянку…