Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Смачна? — спытаў Альфонс.

— Як у роднай маці, — адказаў я.

— А даме?

— Лепшых свіных скабак з роду не каштавала, — адважна заявіла дама.

Альфонс задаволена кіўнуў галавой.

— Зараз пастаўлю новую пласцінку. Вам на здзіўленне.

Ён падышоў да грамафона. Зашыпела іголка, потым магутна загучаў мужчынскі хор, які моцнымі галасамі спяваў «Маўчанне ў лесе». Гэта было надзвычай гучнае маўчанне.

З першых тактаў у шынку зрабілася ціха. Альфонс рабіўся небяспечным, калі хто непачціва паводзіў сябе. Ён стаяў за стойкай, абапёршыся на яе валасатымі рукамі. Яго твар мяняўся пад уздзеяннем музыкі. Ён задумаўся — так, як можа задумацца гарыла. Харавы спеў меў над ім незвычайную ўладу. Ён рабіўся пяшчотны, як маладзенькая лань. Ён мог улезці ў крывавую бойку, але як толькі харавы спеў кранаў яго слых, ён нібы зачараваны кідаў усё, прыслухоўваўся і быў гатовы памірыцца. Раней, калі ён быў больш запальчывы, пад рукой жонкі заўседы напагатове ляжалі яго любімыя пласцінкі. Калі рабілася небяспечна і ён з молатам у руках выходзіў з-за стойкі, яна хуценька апускала іголку, і Альфонс апускаў молат, слухаў і супакойваўся. З часам такой патрэбы не стала: жонка памерла, яе партрэт, падарунак Фердынанда Граў, якому ў знак удзячнасці заўсёды быў вольны столік, вісеў над стойкай, ды і Альфонс пастарэў і астыў.

Пласцінка закончылася. Альфонс падышоў да нас.

— Чароўна, — сказаў я.

— Асабліва першы тэнар, — дадала Патрыцыя Хольман.

— Правільна, — пацвердзіў Альфонс і ўпершыню ажывіўся. — Вы разбіраецеся! Першы тэнар — высокі клас!

Мы развіталіся з ім.

— Прывітанне Готфрыду, — сказаў ён. — Няхай заходзіць.

Мы стаялі на вуліцы. Ліхтары перад дамамі адкідвалі неспакойныя водбліскі і цені ўверх, у галлё старога дрэва. На галінках ужо быў лёгкі зялёны бляск, і дзякуючы мігатліваму невыразнаму святлу знізу дрэва здавалася больш магутным і высокім. Здавалася, што крона губляецца ў змроку, як вялізная рука з растапыранымі пальцамі, якая з надзвычайнай жалобай учапілася ў неба.

Патрыцыя Хольман зябка ўздыхнула.

— Вам холадна?

Яна ўзняла плечы і схавала рукі ў рукавы курткі.

— Толькі спачатку. Там было даволі цёпла.

— Вы занадта лёгка апрануліся, — сказаў я. — Вечарам холадна.

Яна адмоўна пахітала галавой.

— Я не люблю цяжкай вопраткі. Дый хочацца, каб нарэшце пацяплела. Не выношу халадоў. Асабліва ў горадзе.

— У «кадзілаку» цёпла, — сказаў я. — На ўсякі выпадак я ўзяў плед.

Я дапамог ёй сесці ў машыну і накрыў калені пледам. Яна падцягнула яго вышэй.

— Цудоўна! Вось так — выдатна! Холад наводзіць сум.

— Не толькі холад. — Я сеў за руль. — Пакатаемся крыху?

Яна кіўнула.

— Ахвотна.

— Куды?

— Проста паедзем паволі па вуліцах. Усё роўна куды.

— Добра.

Я завёў машыну, і мы паволі і без мэты паехалі па горадзе. Быў час пік. Мы несліся амаль бязгучна, так ціха працаваў матор. Здавалася, што машына — карабель, які нячутна імчыцца па стракатых каналах жыцця. Вуліцы праносіліся міма, светлыя парталы, агні, рады ліхтароў, салодкая, мяккая, вячэрняя мітусня быцця, мяккая ліхаманка асветленай ночы, а над усім, паміж краямі дахаў — жалезна-шэрае, вялікае неба, якое адкідвае сваё святло на горад.

Дзяўчына моўчкі сядзела побач са мной; святло і цені прабягалі з акна па яе твары. Я час ад часу пазіраў на яе. Яна зноў напомніла мне пра вечар, калі я ўбачыў яе ўпершыню. Яе твар пасур'ёзнеў, ён здаваўся больш адчужаным, чым раней, але вельмі прыгожым. Гэта быў твар, які паланіў мяне тады і не адпусціў. Мне здавалася, што ў ім было нешта ад таямнічасці цішыні, характэрнай для рэчаў, блізкіх да прыроды — дрэў, воблакаў, жывёлін, а часам — для жанчын.

Мы выехалі на ціхія прыгарадныя вуліцы. Вецер памацнеў. Здавалася, ён гнаў ноч перад сабой. На вялікай плошчы, вакол якой спалі маленькія домікі, акружаныя садамі, я спыніў машыну.

Патрыцыя Хольман страпянулася, быццам спала.

— Прыгожа, — сказала яна праз хвіліну. — Калі б у мяне была машына, я вось так ціха каталася б кожны вечар. У гэтым ёсць нешта казачнае — вось так бясшумна ехаць, дзе хочаш. Быццам і не спіш, але ў той самы час сніш штосьці. Мне здаецца, тады і людзі не патрэбны табе вечарам.

Я дастаў з кішэні пачак з цыгарэтамі.

— А ўвогуле хочацца, каб вечарам нехта быў побач…

Яна кіўнула.

— Хочацца. Калі цямнее, на душы робіцца ніякавата.

Я разарваў пачак.

— Амерыканскія. Вам падабаюцца?

— Так. Нават больш, чым нейкія іншыя.

Я даў ёй прыпаліць. На імгненне блізкае цёплае святло запалкі асвятліла яе твар і мае рукі, і ў мяне раптам з'явілася вар'яцкая думка, што мы ўжо даўно блізкія. Я апусціў шыбу, каб даць выйсці дыму.

— Вы хочаце павесці машыну? — спытаў я. — Вам, пэўна, было б прыемна.

Яна павярнулася да мяне.

— Хацелася б. Але не ўмею.

— Сапраўды?

— Не ўмею. Ніколі не вучылася.

Тут я вырашыў скарыстаць выпадак.

— Біндзінг жа даўно мог навучыць вас, — сказаў я.

Яна засмяялася.

— Біндзінг занадта закаханы ў сваю машыну. Ён нікога не падпускае да руля.

— Гэта неразумна, — заявіў я, задаволены, што магу ўпікнуць таўстуна. — Я даю вам праехаць без усялякіх ваганняў. Садзіцеся.

Я насуперак усім папярэджанням Кёстэра вылез, каб памяняцца месцамі. Яна захвалявалася.

— Але ж я сапраўды не ўмею кіраваць.

— Умееце, — запярэчыў я. — Вы ўсё ўмееце. Толькі не ведаеце пра гэта. — Я паказаў ёй пераключэнні.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: