Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Готфрыд хутка зноў узяў сябе ў рукі. Я кінуў на яго позірк, які маліў знікнуць. Ён адказаў на яго мярзотнай усмешкай, абцягнуў пінжак і падышоў да нас.

Я ўжо ведаў, што будзе, і таму паспрабаваў захапіць ініцыятыву.

— Ты ўжо праводзіў дадому фройляйн Бомблят? — спытаў я, каб адразу нейтралізаваць яго.

— Праводзіў, — адказаў ён, вокам не міргнуўшы, хоць да апошняй секунды ён пра фройляйн Бомблят не чуў — не ведаў.

— Яна перадала табе прывітанне і прасіла, каб зранку адразу патэлефанаваў ёй.

Гэта быў моцны контрудар. Я кіўнуў.

— Патэлефаную. Спадзяюся, яна купіць машыну.

У Ленца зноў разявіўся рот. Я штурхнуў яго ў нагу і зірнуў так, што ён замоўк, усміхаючыся.

Мы выпілі па некалькі чарак. Я піў толькі кактэйль з лімонам, каб зноў не зляцець з тармазоў.

Готфрыд быў у цудоўным настроі.

— Толькі што я заходзіў да цябе, — сказаў ён. — Хацеў забраць цябе. А потым я быў на плошчы. Там паставілі выдатную новую каруселю. Сходзім туды? — Ён зірнуў на Патрыцыю Хольман.

— Неадкладна! — падтрымала яна. — Больш за ўсё на свеце я люблю каруселі.

— Тады пайшлі! — сказаў я, рады, што выходзім адсюль. На волі будзе прасцей.

Катрыншчыкі — фарпосты луна-парку. Меланхалічна-салодкае гудзенне. На старых аксамітных накідках катрынак — часам папугай ці замерзлая маленькая малпачка ў чырвонай суконнай куртачцы. Потым рэзкія галасы гандляроў, якія прадаюць клей для фарфору, алмазы на нарэзку шкла, турэцкі мёд, паветраныя шары і адрэзы на касцюмы. Халоднае сіняе паветра і пах ад карбідных лямп. Варажбіткі, астролагі, палаткі з пірагамі, арэлі-лодка, будкі з атракцыёнамі і, нарэшце, аглушальная музыка, стракаты бляск — асветленыя, як палац, вежы каруселяў.

— Наперад, сябры! — Ленц з чупрынай, што раскудлацілася на ветры, кінуўся да амерыканскіх горак. Там іграў самы вялікі аркестр. З кожнай з пазалочаных ніш выходзілі шэсць трубачоў, яны паварочваліся на ўсе бакі, ускідвалі, потым апускалі свае інструменты і вярталіся назад. Гэта выглядала велічна.

Мы селі ў гандолу ў форме лебедзя і загайдаліся. Свет праплываў у пералівах агню, ён уздымаўся ўверх і зноў падаў у чорны тунель, праз які мы імчалі пад барабанны грукат, а потым нас зноў сустракалі бляск і фанфары.

— Далей! — Готфрыд накіраваўся да лётаючай каруселі з дырыжаблямі і самалётамі. Мы залезлі ў цэпелін і зрабілі тры кругі.

Крыху задыхаючыся, мы зноў стаялі ўнізе.

— А цяпер на чортава кола! — заявіў Ленц.

Гэта быў вялікі гладкі круглы дыск з невялічкім узвышэннем пасярэдзіне, які кружыўся ўсё хутчэй і на якім трэба было ўтрымацца. Сярод іншых дваццаці чалавек на дыск стаў Готфрыд. Ён як ашалелы вытанцоўваў і атрымаў апладысменты. Нарэшце ён застаўся на дыску з нейкай кухаркай. Задніца ў яе была як у ламавіка. Яна схітрыла: калі ўжо зусім стала нявыкрутка, яна проста села ў цэнтры шайбы, а Готфрыд скакаў перад ёй. Астатніх усіх ужо знесла. Нарэшце лёс напаткаў і апошняга рамантыка. Ён упаў у абдымкі кухаркі, і яны, абняўшыся, скаціліся з дыска. Яны падышлі да нас пад ручку. Ён зваў яе проста Ліна. Ліна сарамліва ўсміхалася. Ён спытаў, чым яе пачаставаць. Ліна заявіла, што піва добра наталяе смагу. Яны зніклі ў палатцы.

— А мы? Куды пойдзем цяпер? — спытала Патрыцыя Хольман. Вочы ў яе блішчалі.

— У лабірынт прывідаў, — сказаў я і паказаў на вялікую будку.

Лабірынт быў поўны нечаканасцяў. Ужо з першых крокаў зямля пад намі захісталася, мы натыкнуліся ў цемры на нечыя рукі, з цёмных куткоў з'яўляліся страшэнныя пысы, галасілі прывіды… Мы смяяліся, але раптам дзяўчына спужалася і адхіснулася — перад ёй з'явіўся асветлены чэрап зялёнага колеру. На адно імгненне яна апынулася ў маіх абдымках, я адчуў на твары яе дыханне, зусім блізка каля вуснаў былі яе валасы. Яна тут жа засмяялася, і я выпусціў яе.

Я выпусціў яе, але нейкай часцінкай сваёй істоты я ўтрымліваў яе. Калі мы ўжо былі на волі, я ўсё яшчэ адчуваў яе плечы, яе мяккія валасы, лёгкі персікавы пах яе скуры… Я баяўся зірнуць на яе. Яна раптам стала для мяне інакшай.

Ленц ужо чакаў нас. Ён быў адзін.

— А дзе Ліна? — спытаў я.

— П'е, — адказаў ён і паказаў галавой на палатку. — З нейкім кавалём.

— Спачуваю, — сказаў я.

— Глупства, — адказаў Готфрыд. — Давай лепш зоймемся сапраўднай мужчынскай справай.

Мы падышлі да будкі, дзе накідвалі гумавыя колцы на крукі. Былі прызначаны розныя прызы.

— Так, — звярнуўся Ленц да Патрыцыі Хольман і збіў свой капялюш на патыліцу. — Зараз мы выйграем вам пасаг.

Ён кінуў першы і выйграў будзільнік. Я кінуў за ім, і мне дастаўся мядзведзь. Гаспадар атракцыёна, аддаючы нам выйгрышы, нарабіў з гэтага шмат шуму, каб прывабіць паболей кліентаў.

— Зараз ты супакоішся, — зласліва ўсміхнуўся Готфрыд і выйграў патэльню. Я — яшчэ аднаго мішку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: