Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
Ён вылез, а я павёз дзяўчыну дадому. Сёння было не так, як мінулы раз. Яна стаяла ў дзвярах, і ліхтар кідаў водбліскі на яе твар. Яна выглядала выдатна. Мне вельмі хацелася пайсці з ёй.
— Дабранач, — сказаў я. — Спакойнага сну.
— Дабранач.
Я пазіраў ёй услед, пакуль не пагасла святло. Потым я паехаў. У мяне было дзіўнае пачуццё. Я адчуваў сябе не так, як звычайна, калі вечарам захочацца дзяўчыны. Было куды больш пяшчоты. Пяшчоты і жадання пазбавіцца нечага ў самім сабе. Пусціць, каб паляцела, няведама куды.
Я паехаў да Ленца ў «Інтэрнацыяналь». Ён быў амаль пусты. У кутку сядзела Фрыда са сваім сябрам, кельнерам Алоісам. Яны спрачаліся. Готфрыд сядзеў з Мімі і Валі на канапе каля стойкі. Ён быў далікатны, не пакідаў без увагі нават Мімі, бедную старую кабету.
Дзяўчаты неўзабаве пайшлі. Ім трэба было на працу. Цяпер была самая пара. Мімі вохала і ўздыхала — балелі ногі. Я падсеў да Готфрыда.
— Ну, выказвайся! — сказаў я.
— Навошта, хлопец, — адказаў ён на маё здзіўленне. — Усё правільна, так і дзейнічай.
Мне стала лёгка ад таго, што ён успрыняў усё так проста.
— Мог бы і раней добрае слова сказаць, — сказаў я.
Ён махнуў рукой.
— Глупства.
Я заказаў рому.
— Ты ведаеш, — сказаў я потым. — У мяне ніякага ўяўлення, хто яна і што. Не ведаю, што ў яе з Біндзінгам. Ці гаварыў ён табе тады што-небудзь?
Ён зірнуў на мяне.
— Цябе гэта трывожыць?
— Не.
— Я так і думаў. Між іншым, паліто табе добра пасуе.
Я пачырванеў.
— Няма чаго чырванець. Усё нармальна. Я хацеў бы, каб і ў мяне так было.
Я хвіліну памаўчаў.
— Чаму, Готфрыд? — спытаў я нарэшце.
Ён глянуў на мяне.
— Таму што ўсё астатняе — дзярмо, Робі. Таму што сёння няма нічога, што мела б вартасць. Прыпомні, што табе ўчора гаварыў Фердынанд. Ён мае рацыю, гэты стары таўстун, які малюе нябожчыкаў. Ну, давай, сядзь да скрынкі ды сыграй некалькі старых салдацкіх песень.
Я сыграў «Тры лілеі» і «Аргонскі лес». У пустым шынку песні прагучалі прывідна, калі мець на ўвазе той час, у які мы іх спявалі…
VII
Праз два дні Кёстэр паспешліва выбег з майстэрні.
— Робі, тэлефанаваў твой Блюменталь. Прасіў цябе прыехаць у адзінаццаць на «кадзілаку». Ён хоча зрабіць пробную паездку.
Я шпурнуў адвёртку і гаечны ключ.
— Браце, Ота… Няўжо нешта будзе?
— А што я вам казаў! — пачуўся голас Ленца з ямы пад «фордам». — Я казаў, што ён вернецца. Слухайцеся Готфрыда!
— Прытрымай язык, становішча сур'ёзнае, — крыкнуў я ўніз.
— Ота, наколькі можна збавіць цану?
— У крайнім выпадку саступі дзве тысячы. У самым крайнім — дзве дзвесце. Калі ўжо іншага выйсця не будзе — дзве пяцьсот. Калі ўбачыш, што перад табой вар'ят — дзве шэсцьсот. Але скажы яму, што мы будзем яго вечна праклінаць.
— Добра.
Мы адцёрлі машыну да бляску. Я сеў у яе. Кёстэр паклаў мне руку на плячо.
— Робі, памятай, што ты быў салдатам і рабіў і не такое. Абарані гонар нашай майстэрні, не шкадуючы крыві. Памры, але не выпускай з рук кашалёк Блюменталя.
— Дамовіліся, — усміхнуўся я.
Ленц выцягнуў з кішэні нейкі медаль і паднёс яго мне да твару.
— Дакраніся да майго амулета, Робі!
— Давай. — Я дакрануўся.
— Абракадабра, вялікі Шыва, — заклінаў Готфрыд. — Дай гэтаму баязліўцу мужнасці і сілы. Стой! Лепш за ўсё вазьмі яго з сабой. А цяпер плюнь тры разы.
— Парадак, — сказаў я, плюнуў яму пад ногі і паехаў міма Юпа, які ўсхвалявана вітаў мяне, узняўшы ўгору шланг.
Па дарозе я купіў некалькі гваздзікоў і ўпрыгожыў імі машыну. Я разлічваў зрабіць уплыў на фраў Блюменталь.
На жаль, Блюменталь прыняў мяне не дома, а ў канторы. Мне давялося хвілін пятнаццаць чакаць. «Даражэнькі, — падумаў я, — гэты фокус мне знаёмы, гэтым ты мяне не выб'еш з каляіны». У пачакальні я як след распытаў сімпатычную машыністку пра фірму, падкупіўшы яе гваздзіком. Трыкатажныя вырабы, збыт добры, дзевяць супрацоўнікаў, ціхі кампаньён, зацятая канкурэнцыя з «Маерам і Сынам», сын Маера ездзіць у чырвоным двухмесным «эсексе» — вось што мне ўдалося даведацца, пакуль мяне запрасіў Блюменталь.