Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

І наведвальнікі моўчкі і пачціва расступіліся, вызваліўшы старшыню са свайго кола і даючы дарогу да дзвярэй кабінета маладому архітэктару.

У прыёмнай было ўжо душна. А ў кабінеце — цудоўны вільготны халадок; зачыніш за сабой дзверы і быццам трапляеш у другі свет. Вокны выходзілі на паўночны бок, на ціхую вуліцу. Гукан кіўнуў на доўгі стол.

— Вось тут рассцілайце свае чарцяжы. Замест кнопак вось гэта, — ён падняў адзін з круглых падшыпнікаў, якія стосам ляжалі на краі стала.

Пакуль наведвальнік разгортваў свае праекты, Гукан павесіў у куце на вешалку кепку, заглянуў у настольны каляндар — якія справы чакаюць сёння? Потым падышоў да адчыненага акна і доўга любаваўся на каштан. З таго часу, калі загарэліся белыя свечкі квецені, ён з цікавасцю сачыў, як завязваліся, развіваліся і як цяпер растуць плады каштана, маленькія, яшчэ зялёныя, з ледзь прыкметнай насечкай. Сямён Парфёнавіч глядзеў на іх па некалькі разоў на дзень. Гэта супакойвала, давала адпачынак нервам. Хораша настройвала.

Але, разглядаючы каштаны, ён раптам адчуў трывогу ў душы. Чаму? Ад чаго?

Нібы спалохаўшыся, што гэтую трывогу можа пачуць старонні чалавек, старшыня хутка павярнуўся да яго.

— Ну, што ў вас?

— Вось тут…

— Нічога не тлумачце. Я сам… Я, малады чалавек, зубы з'еў на гэтых планіроўках. Так… Так… Гэта ў вас што?

— Сад для дзяцей. З усім комплексам…

— Так… Цікава. Цікава…

Ён ступіў да другога ліста, да трэцяга. Праект яму спадабаўся. Планіроўка мікрараёна, архітэктура яго не былі падобны на ўсё тое, што яму паказвалі дагэтуль. Абком і гарком паставілі задачу — зрабіць мікрараён найпрыгажэйшым у горадзе, самым сучасным па архітэктурным вырашэнні, і некалькі бяскрылых праектаў ужо былі адхілены. А ў гэтага, здаецца, нешта ёсць. Гукан падышоў да століка, на якім стаялі тры тэлефонныя апараты, патэлефанаваў спачатку галоўнаму архітэктару горада Гамбіцкаму, потым свайму намесніку Кушнеру, які займаўся будаўніцтвам. Папрасіў іх зайсці. Кладучы слухаўку, спытаў:

— Як ваша прозвішча? Хто вы?

— Маё? — зноў-такі нібы здзівіўся хлопец і ўсміхнуўся, мабыць, падумаў: «Нарэшце вы здагадаліся спытаць пра гэта». — Я студэнт Ленінградскага архітэктурнага. Дыпламант. Гэта мой дыпломны праект. Я вырас на Выселках.

— О, брат, гэта ўжо цэлая тэма для рамана! Ведаеш, у нас мясцовы пісьменнік ёсць — Шыковіч?

— Ведаю. Я ў школе яшчэ калі вучыўся, ён у нас выступаў.

— Але… Яго хлебам не кармі, а дай пагаварыць.

І прыгадалася, як учора Шыковіч ледзь не сапсаваў дзень. Хораша было пасля рыбалкі сядзець на верандзе, слухаць, як шуміць дождж і лес. Ён, Гукан, і жанчыны пілі шампанскае, Шыковіч і Яраш — каньяк. Чорт яго пацягнуў за язык выказацца супраць культу асобы (цяпер Гукан нават не помніў, чаму пачаў гаварыць пра гэта). Вось тады Шыковіч і разышоўся. Прыгадаў, як Гукан, будучы сакратаром гаркома, прымушаў яго пісаць пісьмы Сталіну. «Сабраўся які сход, актыў — давай Шыковіча, каб ён напісаў прыгожа, паэтычна. Дзе яны, нашы пісьмы, Сямён? Давай калі-небудзь пачытаем! І некаторыя мясціны з нашай кнігі, з першага выдання. Хочаш, пачытаю зараз?»

Жонка і Яраш рашуча супакоілі шумнага гаспадара. Праўда, ён тут жа павярнуў усё на жарт і нават, здаецца, неяк папрасіў у яго, Гукана, прабачэння. Сямёна Парфёнавіча не пакрыўдзіла п'яная балбатня і напамінак пра яго даўнюю дзейнасць. Не ён адзін так рабіў. Такі быў час. Уразіла іншае: фамільярнасць, з якой Шыковіч казаў гэта. Ён тады ж падумаў, што заўсёды меў рацыю, калі вельмі асцярожна прымаў запрашэнні. Нельга адказнаму работніку хадзіць у госці! Людзі хутка губляюць дыстанцыю.

Цяпер, адганяючы непажаданы ўспамін, ён падумаў інакш, больш злосна: «Зазнаўся, няшчасны пісака… Расперазаўся».

Першы ўкаціўся ў кабінет Гамбіцкі, нізкі, тоўсты, з галавой-шарам, бліскучым, аж шызым ад частага галення. Ён хадзіў, быццам сапраўды катаўся на роліках, хутка, бясшумна. Старшыні архітэктар моцна паціснуў руку. Маладому калегу свайму кіўнуў галавой, прывітаўся здалёк:

— Прывет, Кухараў. Ты ўсё-такі вырашыў патурбаваць Сямёна Парфёнавіча? Ах, моладзь, моладзь!

— І правільна зрабіў, што патурбаваў. Цікавы праект, — сказаў Гукан.

Гамбіцкі пільна паглядзеў на старшыню: сур'ёзна ён кажа, шчыра ці з іроніяй, з падэсцю?

— Цікавы. Але не нашы ўплывы, Сямён Парфёнавіч. Не наш стыль, форма. Заходнія.

— А што, па-вашаму, на Захадзе ў архітэктуры няма нічога цікавага? — спытаў Кухараў.

— Не. Чаму? Ёсць арыгінальныя рашэнні. Вельмі своеасаблівыя. Але ў нас не тыя задачы, дарагі мой калега, разумееце?

— А па-мойму, галоўная задача, каб было прыгожа, менш каштавала і людзям было зручна жыць. А вы проста кансерватар!

Шызы шар Гамбіцкага пачырванеў, загарэліся маленькія вушы, як два пялёсткі. Гукан засмяяўся.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: