Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Гукан умеў гэта рабіць, не як другія кіраўнікі, і меў волю выконваць такія аднадзённыя планы.

У панядзелак Сямён Парфёнавіч заспаў. Гэта яго злавала і смяшыла, калі ён таропка ішоў па абмытых дажджом вуліцах. Такога з ім не здаралася ўжо год дваццаць — каб ён праспаў. Без будзільніка, без старонняй дапамогі ён мог дакладна ў назначаны час усхапіцца на ногі. А тут раптам праспаў да палавіны дзевятай. Вінаваты ўчарашні адпачынак.

«А ўрэшце, гэта няблага, што арганізм яшчэ здольны атрымліваць такую зарадку і гэтак выключацца», — разважаў ён ідучы.

Успамінаў учарашні дзень. Многа было прыемнага. Асабліва рыбалка. Рэдка каму шанцуе так. І дождж, які захапіў іх на лузе. А потым, як ён гатаваў разам з дзвюма далікатнымі ўважлівымі жанчынамі юшку, пакуль гаспадары ездзілі ў вёску ў краму, і рагатаў, расказваючы ім, як зваліўся ў раку Кірыла Шыковіч. Жанчыны таксама смяяліся, хоць Ярашава жонка сказала, што Кірыла мог зрабіць гэта знарок — для смеху.

У прыёмнай ужо чакалі людзі. Чалавек дзесяць. Гукан прывітаўся. Яго адразу абкружылі.

— Таварыш старшыня!

— Сямён Парфёнавіч!

— Таварыш Гукан!

Ён спыніўся сярод пакоя, узвышаючыся над самым рослым з наведвальнікаў. Зняў габардзінавую кепку, выцер складзенай у чатыры столкі хусцінкай лоб і шыю. Агледзеў прысутных, жадаючы адгадаць, хто з чым.

— Чакайце. Можаце лічыць мяне бюракратам, кім хочаце, але давайце адразу высветлім нашы ўзаемаадносіны. Заяўляю рашуча: па кватэрных пытаннях не прымаю. У пятніцу прыёмны дзень, калі ласка, прашу.

— Я два месяцы не магу трапіць да вас! — злосна крыкнула маладая жанчына ў простай сукенцы з бледным стомленым тварам.

— Магло быць, — спакойна згадзіўся Гукан. — Справы і выезды двойчы сарвалі мне прыёмны дзень. Прымалі мае намеснікі.

— А я хачу да вас!

— Нэла, — звярнуўся Гукан да сакратаркі, — была гэтая грамадзянка на прыёмах?

Маленькая чорненькая Нэла заружавелася, нясмела і няўпэўнена адказала:

— Была.

— Запішыце яе на пятніцу першай на чаргу. — І ласкава звярнуўся да жанчыны: — Чакаю вас роўна ў дзевяць.

Жанчына збянтэжылася. Старшыня добра ведаў вось такіх, раззлаваных, якія ішлі з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, і ўмеў улагодзіць іх ці хаця б збіць ваяўнічы запал.

Жанчына пераключылася на Нэлу, каб тая не забылася запісаць яе першай.

— Вы, таварыш маёр, наконт дарогі? — Твар Гукана ўміг пасуравеў, вочы зрабіліся калючымі і глядзелі не на маёра, а міма, як бы шукалі кагосьці другога. — Дарогу міма школы-інтэрната закрываем. Вы хочаце, каб дзеці глыталі пыл і газы ад вашых машын? Не будзе! Вам далі праезд, прывядзіце яго ў парадак.

— Мост.

Гукан раздражнёна звярнуўся да ўсіх:

— Мост цераз канаву — казе пераскочыць. Праблема, бачыце! Што ж мне дзяцей паслаць, каб збудавалі вам гэты мост? Пасаромеліся б гаварыць. Такая часць!..

Чалавекі два з наведвальнікаў засмяяліся.

— Таварыш Гукан!

— Не рабіце сакрэтаў там, дзе іх няма. Увесь горад ведае вашу часць, дзе вы стаіце і кудой вы ездзіце. Усё! Ёсць рашэнне выканкома!

Гукан крута павярнуўся да трэцяга наведвальніка, інтэлігентнага чалавека ў акулярах.

— Вы?

— Я, уласна кажучы, таксама…

— Дамовіліся. У пятніцу.

— У вас што?

— Я наконт інтэрната…

— Да Кушнера. Няхай дае прапановы.

Гукан шукаў вачамі наведвальніка, у якога магла б быць такая справа, каб усе зразумелі: так, гэта першачаргова і важна, мы можам і пачакаць.

Яго позірк спыніўся на зусім маладым чалавеку, амаль юнаку, модна апранутым: светлы касцюм, карычневая сарочка, вузенькі гальштук. Ён стаяў збоку, слухаў размову старшыні гарсавета з наведвальнікамі, і ў вачах яго, крыху блізарукіх, прыжмураных, свяцілася іранічная ўсмешка.

У такіх, што не лезуць назойліва наперад, не заглядваюць лісліва ў вочы і не вельмі нават дамагаюцца прыёму, — у іх бываюць самыя цікавыя справы.

— А вы, таварыш? — цераз галовы другіх звярнуўся да яго Гукан.

— Я? — паказаў на сябе пальцам юнак і як бы здзівіўся. — Я хачу прапанаваць новую планіроўку мікрараёна на Выселках. — І ён падняў скрутак ватманскай паперы.

— О! — узрадаваўся Гукан, у сваю чаргу паказаўшы пальцам на хлопца. — З гэтага мы і пачнем! Бо гэта на сённяшні дзень самае галоўнае. Прашу вас.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: