Шрифт:
На гарышчы быў паўзмрок. Але Савіч адразу пазнаў мяне.
«Антон Яраш?»
Цудоўная памяць!
«Чакай. Чакай. Высокі. Бландзін. Дык гэта ты — Лучынскага? — хваравіта гэтак зморшчыўся. — Непрыгожы акт».
Мяне ўзарвала:.
«А вешаць людзей на плошчы — прыгожы акт? А што варты нейкі халуй у параўнанні з тымі людзьмі?!»
«Цішэй ты! Гром! — прашаптаў ён. — Не аднаго сябе ставіш пад удар. Не забывай».
Я адразу прыкусіў язык.
Ён сеў на матрац, памацаў сухой далоняй мой лоб.
«Паранены? Зося бінты цягае».
«Паранены», — прызнаўся я.
«Пакажы».
Разбінтаваў. Агледзеў рану.
«Хто аперыраваў?»
«Сам. З дапамогай Зосі».
«Агідная дзяўчынка! Труса забіць не можа. Крыві баіцца. Ну што ж… Гангрэны няма. Праз тыдзень будзеш танцаваць. Калі-небудзь станеш добрым хірургам».
У той міг я адчуў да яго сімпатыю. Не, чорт вазьмі, усё-такі гэта яшчэ той Савіч, якога я ведаў! І ў мяне мімаволі вырвалася:
«Дзякую, Сцяпан Андрэевіч!»
«Няма завошта мне дзякаваць, — незадаволена прабурчаў ён. — Зосі дзякуй». І, памаўчаўшы, сказаў сурова, выціснуўшы па адным слове: «Ты вось што… Ляжы… тут… Ціха ляжы… Але крый божа… кранеш… Зосю…»
Я не адразу нават зразумеў, што значыцца «кранеш». А зразумеў — задыхнуўся ад абразы і абурэння:
«Што ж, я, па-вашаму, фашыст?»
Ён паляпаў мяне па шчацэ.
«Ну, ну… Не крыўдуй. Я сам некалі малады быў».
«Маладосць ад маладосці розніцца».
Савіч стоена ўздыхнуў:
«Але… Цяжкая ў вас маладосць. Ну, будзь здароў. І будзьце асцярожныя…»
І пайшоў. Яшчэ больш, здавалася, згорбіўся. А праз колькі хвілін з'явілася Зося. Шчаслівая, але ў слязах. Кінулася ў парыве да мяне, абняла, пацалавала.
«Віктар, даражэнькі, ты ведаеш… — Зноў на „ты“, як у тую, першую, ноч. — Ты ведаеш… Ён нічога не сказаў. Прытуліў мяне да сябе… Пацалаваў. І заплакаў. Тата заплакаў. Божа мой! І толькі ўвесь час паўтараў: „Будзьце асцярожныя! Будзьце асцярожныя!“»
Яны не прыкмецілі, як развіднела. Быў канец чэрвеня, самая кароткая ноч. Прачыналіся птушкі, напаўнялі гоманам лес. А два чалавекі жылі ў мінулым, у іншай ночы, далёкай і страшнай. Толькі калі над дубамі са свістам праляцелі дзве качкі, гучна шлёпнуліся ў старыцу і кракнулі, Яраш, перапыніўшы расказ, падняў галаву. Здзівіўся:
— Раніца? Ну вось, па сутнасці, усё, што мне хацелася расказаць табе. Пра ўсё іншае як-небудзь пасля.
Шыковіч маўчаў — пераварваў тое, што пачуў. Гатовы сюжэт. Гатовыя вобразы. Але спачатку трэба выясніць, хто ж такі Савіч.
Стомлены Яраш сядзеў на лавачцы і слухаў раніцу.
Нарэшце Шыковіч адчуў, што яму холадна на зямлі. Самлелі нага і рука. Падняўся, пацягнуўся.
— Ну, брат, даў ты харч майму склератычнаму мозгу. Але скажы шчыра, Антон, чаму ты расказаў усё гэта? Маўчаў, маўчаў і раптам — бух, адразу, у адну ноч… Сярод ночы…
— Чаму я расказаў? — Яраш як бы задумаўся на хвіліну. — Учора я спаткаў Зосю.
— Савіч?! — Кірыла пераскочыў вогнішча. — Дзе? Чакай. Ты ж казаў, што дачка Савіча загінула.
— Так я думаў семнаццаць год.
— Ну і ну! Дзе ты яе спаткаў?
— У бальніцы.
— Хворая? Чакай. Калі хавалі Савіча?
— У маі сорак трэцяга.
— З верасня да мая яна павінна была даведацца, хто ж яе бацька. Трэба распытаць яе.
— Ніякіх роспытаў. Да аперацыі. Я буду аперыраваць яе. Набыты парок…
— Сэрца? — Кірыла свіснуў. — А раптам зарэжаш?
Яраш уздрыгнуў і адказаў жорстка, злосна:
— Дурань! Я нікога не рэжу. Я лячу. — І, напэўна, адчуўшы, што сказаў груба, прапанаваў па-сяброўску цёпла: — Хадзем на луг. Сустрэнем сонца.
6
Славік Шыковіч стаяў на прывакзальнай плошчы з дзвюма дзяўчынамі, размаляванымі пад кінаактрыс: стракатыя спаднічкі-парасоны, адмыслова вымеражаваныя кофтачкі, прычоскі «я ў мамы дурачка». Абедзве рудзенькія, вымытыя хной. Славік круціў у руках ланцужок з ключамі ад аўтамашыны і нешта расказваў, але не вельмі вясёлае. Хіхікала і то, відаць, больш з ветлівасці адна дзяўчына. Другая пазяхала і зіркала ў бакі: шукала некага другога. Славік адчуваў, што крыніца яго дасціпнасці высыхае, і злаваўся. Было душна і сумна. Хацелася пайсці ў рэстаран. Але грошай — ні капейкі. Нават не было на аўтобус, каб паехаць на дачу да бацькоў. Ды і сумна там, на дачы. Усе захапляюцца: «Ах, які лес! Які луг! Рака!» А яму сумна. Ну, добра, у рацэ можна пакупацца. А далей што? Злосны ён на бацькоў. Сёння асабліва. Збудавалі дачу, напіхалі панчоху грошай… А ён працуе і мусіць харчавацца ў рабочай сталоўцы. Крыўдна, што і маці цяпер ва ўсім згаджаецца з бацькам. Нічым яе не разжаласціш.