Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Па-твойму, вышэй за Рэмарка няма пісьменнікаў?

— Ведаю. Ведаю. Талстой. Чэхаў… Колас. — Славік узлаваўся чамусьці. — Яны набілі мне аскоміну ў школе.

— Ты ж ніколі іх сур'ёзна не чытаў.

— А навошта?

— Што ж цябе ў Рэмарка захапіла? Кальвадос?

— Што?

Але гэты юны нігіліст добра засвоіў галоўны сакрэт абароны. Успомніўшы, што такое кальвадос, тыркнуў у Тарасавы грудзі пальцам:

— Вось дзе ваша ханжаства. Самі чытаеце пад коўдрай… Глытаеце… Смакуеце… А потым робіце посныя фізіяноміі. «Рэмаркізм заражае моладзь». Ты сур'ёзна думаеш, што я магу нечым заразіцца?

Гэта ўжо было падобна на п'яны выклік, і Тарас, замест адказу, паклікаў афіцыянтку, каб разлічыцца.

— Закажы нашага кальвадоса, — прымірэнча сказаў Славік.

— Не. Мне трэба ехаць.

— Ну чорт з табой.

Тарасу спадабалася такая падзяка за пачастунак, і ён весела засмяяўся. Усё-такі ён цікавы хлопец, гэты Славік. Але ў галаве яго — куча смецця.

Наташка радасна крыкнула:

— Мама! Тарас прыехаў! — кінулася насустрач брату, павісла на шыі, пацалавала. І адскочыла, здзіўленая. Нахмурылася. І тут жа выдала: — Мама! Тарас п'яны.

— Што ты выдумала. Які я п'яны?

— Але выпіў.

— Выпіў, — з вінаватай усмешкай прызнаўся Тарас, вітаючыся з жанчынамі.

Галіна Адамаўна ласкава і дакорліва паківала галавой:

— Тарас!

Валянціна Андрэеўна, любуючыся хлопцам, сказала:

— Што вы апякаеце яго, як маленькага? Ах, які страх, чарку ўзяў рабочы чалавек! Мала якая прычына магла быць.

— Я Славіка сустрэў. І ён зацягнуў мяне ў рэстаран.

Усмешка знікла з твару жанчыны.

— Славік зацягнуў? — І ў голасе яе прагучала недаверлівасць. — Як магло здарыцца, што мой сын зацягнуў цябе, старэйшага на пяць год?

— Сказаў, што галодны, з раніцы нічога не еў. А па-мойму, схлусіў. У рэстаране ён часты госць. Усіх афіцыянтак ведае.

— Афіцыянтак? — Валянціна Андрэеўна адразу змянілася з твару. Не, не пабялела і не пачырванела. А неяк стала непадобнай на самую сябе, заўсёды добрую, вясёлую. Нешта жорсткае, калючае з'явілася ў яе твары. Можа, адчуўшы гэта, яна вінавата ўсміхнулася, прыгладзіла валасы на скронях. Нічога не стала распытваць. Сказала: — Адбіваецца хлопец ад рук. Трэба прасачыць.

Яна была аб'ектыўны і разумны педагог. Але ў першую чаргу — маці. Як педагог паверыла Тарасу. Як маці адчула непрыязь да яго. Яна заўсёды любавалася прыёмным сынам Яраша, ставіла ў прыклад сваім дзецям. А цяпер падумала: «Грубаваты хлопец, недалікатны. Таварыскай салідарнасці не мае. Калі ўжо разам былі, прамаўчы».

Несвядомы парыў мацярынскай душы: пачула дрэннае пра сына — хочацца, каб і на другіх былі плямы.

Хутка Валянціна Андрэеўна выдумала нейкую прычыну і пайшла ў хату.

Галіна Адамаўна, якая адчула гэтую змену ў настроі сяброўкі, з дакорам сказала Тарасу:

— Нядобра так… Трэба разумець, што маці чуць такое балюча. Ты мог бы і памаўчаць.

— Ды нельга маўчаць, Галіна Адамаўна! — запярэчыў Тарас. — Каб вы ведалі, як ён паводзіў сябе і якую лухту гарадзіў. Ва ўсім расчараваўся, усё яму абрыдла, усё не падабаецца. А мы будзем глядзець і маўчаць? У нас часта так робяць. Ад бацькоў хаваць, ад грамадскасці… Пакуль чалавек не апынецца ў балоце. Тады будзем ахаць. Не. Я знарок. Яшчэ Кірылу Васільевічу скажу. Няхай ён пацікавіцца, чым там камсамол займаецца на студыі.

— А сам піў з ім, — усё яшчэ хмурылася Наташа.

— Не сунь носа ў мужчынскія справы! — асек яе Віця.

— Фу, мужчыны! — зняважліва фыркнула дзяўчынка і паскакала на адной назе да ручая.

— Піў я дарэмна, — разважліва згадзіўся Тарас, звяртаючыся да Галіны Адамаўны. — Але каб вы бачылі, як ён умее заказваць. Сціва Аблонскі! Калі ён схлусіў, што ў яго ні капейкі грошай, баюся, што наліжацца. І, чаго добрага, накуралесіць.

Выпіўшы з Тарасам дзве трэці ад заказаных трохсот грамаў, Славік хадзіў і шукаў, за чый кошт пажывіцца яшчэ. І знайшоў у парку. Адзін графаман страшэнна хацеў надрукавацца ў газеце. Ведаючы, што лёс яго вершаў залежыць ад кансультацыі Шыковіча, ён настойліва шукаў сцежку да яго «чэрствага сэрца». Падвярнуўся сын Шыковіча. Што ж, можна паспрабаваць зрабіць і такі ход, тым больш што хлапчына працуе на тэлестудыі: там таксама можа спатрэбіцца пратэкцыя.

Працу сваю малады Шыковіч любіў. Але пасля таго як высмеяў сваё асістэнцтва перад Тарасам, пасада сапраўды здалася яму мізэрнай і смешнай. Падвыпіўшы, ён вырашыў на работу не ісці. Адбудзецца перадача і без яго.

Пасля шчодрага пачастунку графамана ў Славіка пачало дваіцца ў вачах. Насупраць сядзелі два «вялікія паэты». Падавалі дзве «каралевы» з каронамі на галаве. А міма адкрытай пляцоўкі летняга рэстарана хадзіла то двое, то цэлы атрад дружыннікаў. Славік баяўся дружыннікаў больш, чым міліцыі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: