Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Вось як ён спакойна нейтралізаваў выкрык дзяўчыны:

— Мяшчанкі. Адкуль выплывае столькі дрэні?

«Але навошта ты водзішся з гэтай дрэнню?» Тарас ішоў злосны і зацікаўлены.

Селі за столік каля акна. На першым пуці стаяў дальні цягнік. На пероне — бегатня, крыкі. Каля буфетаў тоўпіліся пасажыры. А сталы пустыя.

Славік грэбліва змахнуў крошкі, завярнуў рог запэцканага абруса.

— Думаеш, тут можна культурна паабедаць? Шыш.

Тут, у рэстаране, ён пераўтварыўся: стаў сур'ёзны і паважны. Кіўком пальца паклікаў афіцыянтку і, пакуль тая без спеху падыходзіла, разгарнуў цяжкую, зашмальцаваную, з пабляклым золатам літар дэрмацінавую вокладку, у якой быў укладзены адзін лісток меню.

— Пачнём, Валя…

Дзяўчына, выцягнуўшы кніжачку і агрызак карандаша, перасмыкнулася:.

— Усім вам сніцца Валя.

— Ах, Марынка? Прабач, Марына. — Усмешка і тут жа суровасць. — Пачнём, Марына, з таго, што… заменім абрус! Што гэта за ануча? Сорам. Рэстаран называецца. Май на ўвазе, гэта — Тарас Ганчароў.

Дзяўчына глянула на Тараса і паслухмяна пачала збіраць са стала келіхі і шклянкі. Тараса абурыў тон, якім Славік размаўляў з ёй. «Скажы, калі ласка, які Сціва Аблонскі! А пры чым тут маё імя? Не, не таму, што галодны, цягнуў ты ў рэстаран. Парысавацца захацеў. Здзівіць мяне. Хлапчук».

Калі дзяўчына пабегла па чысты абрус, ён сказаў узлавана:

— Слухай. Калі ты будзеш вось так, я пайду. Не люблю гэтых рэстаранных конікаў.

— А што? — здавалася, зусім шчыра здзівіўся Славік. — Няхай думае, што ты чэмпіён. Яны любяць чэмпіёнаў. Лепш абслужыць.

Ён вывучаў меню. Моршчыўся, круціў галавой.

— Адна свініна ды рыбныя кансервы.

— А табе вустрыц захацелася?

Славік зразумеў іронію, і яму не спадабалася яна. Бліснуў вачамі.

— Хаця б чалавечага мяса. — І засмяяўся са свайго недарэчнага жарту. — Вустрыцы! Гурка свежага няма. А на рынку іх поўна ўжо.

— На рынку ёсць, — згадзіўся Тарас. — Я вось вязу.

— Сур'ёзна? Кладзі на стол. А то Яраш плюс Шыковічы ўсё з'ядуць. Калгасам жывуць. І апетыт у іх там…

— Няёмка.

— Усё ёмка. Давай сюды!

Ён сапраўды гіпнатызаваў сваёй здзіўляючай незалежнасцю. Ён амаль загадваў. Тарас у душы пратэставаў, але падпарадкаваўся. Развязаў мяшок і падаў паўдзесятка маладзенькіх зялёных гурочкаў.

Славік перадаў іх афіцыянтцы, якая засцяліла чысты абрус, паставіла чаркі, з усмешкай слухаючы іх размову.

— Марына! Памыць. Але не рэзаць. А то кухар палавіну сажрэ. Цэленькія. Аздобіць цыбулькай. Асобна смятану. Колькі? Шклянку смятаны. Дырэктару скажы: няхай пасыпле галаву попелам. Ад ганьбы, што наведвальнікі прыходзяць са сваімі гуркамі. Вось так, — зняважлівым рухам ён шыбнуў на акно меню, як непатрэбную рэч. — Адбіўныя.

— Колькі?

— Дзесяць. Восем з'ясі сама, — ён жартаваў груба, панура, без усмешкі, і гэта таксама абурала Тараса. — Каньяку трыста.

— Толькі па сто.

— Толькі? А ты зрабі па трыста. Вады далі. І закон не парушаны. І мы задаволены.

Афіцыянтка засмяялася і пайшла.

Паводзіны Славіка і абуралі, і забаўлялі.

«Аблонскі! Далібог жа. Вось тып. Хаця б спытаў, ці ёсць у мяне грошы на каньяк».

— Ты чуў? Толькі па сто.

— Правільна. Трэба змагацца…

— З чым? Кінь. Усё гэта ханжаства дзядзькоў, якія п'юць дома.

— Ну, ведаеш, дай волю такім, як ты… Наліжуцца.

— Наліжуся. Бо не выхавана культура піцця. У Парыжы дзесяць тысяч кафэ — і п'яных няма.

— Хто табе сказаў?

— Чытаў. А ў нас тры рэстараны. А налізваюцца штовечар.

«Ах, вось дзе тваё нутро вылазіць. Рэстаранаў мала. У Парыж табе хочацца», — з пагардай падумаў Тарас, але з-за далікатнасці сказаў больш мякка:

— Хто налізваецца? Хто за бацькавы грошы п'е. А калі чалавек мазалём зарабляе… Я не бачыў сярод рабочага класа…

— Кінь. — Вочы Славіка непрыгожа і злосна звузіліся, ён натапырыўся і стаў падобны на маленькага драпежніка са сваімі каротка падстрыжанымі, непакорлівымі валасамі. — І потым не рабі хоць ты гэтага ідыёцкага дзялення: ты — клас, а я — не клас. А я хто? Я таксама зарабляю свае пяцьдзесят шэсць рублёў. І адрозніваюся ад цябе адным… Табе ўсё падабаецца, ты ўсім задаволены… А я крытыкую ўсё…

— Вось іменна, усё.

— Не лаві на слове. Гагарын паляцеў — я на галаве хадзіў на студыі. Ад захаплення. Крытыкую тое, што не падабаецца мне.

— Дрэннае і я крытыкую. Толькі не ў рэстаранах.

— А дзе? На сходзе? Не люблю сходаў.

Тарас адкінуў далікатнасць, спытаў з'едліва:

— А што ты любіш, парыжскія кафэ?

Славік, разявіўшы рот, змоўк. Паглядзеў на Тараса так, быццам убачыў упершыню.

— Ты ведаеш, што за такія словы б'юць па мордзе?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: