Вход/Регистрация
Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)
вернуться

Уэллс Герберт Джордж

Шрифт:

Калi Хол, Хенфры i работнiкi выбеглi з карчмы, мiсiс Хол, навучаная шматгадовым вопытам, засталася сядзець за касай. Раптам дзверы гасцiнай расчынiлiся, адтуль выскачыў мiстэр Кас i, нават не глянуўшы на яе, збег з ганка i панёсся за вугал дома.

– Трымайце яго!
– крыкнуў ён.
– Не давайце яму выпусцiць з рук вузел! Пакуль ён трымае гэты вузел, яго можна бачыць!
– Мiстэр Кас нiчога не ведаў пра Марвела, якому Невiдзiмка перадаў кнiгi i вузел ужо ў двары. Выгляд у мiстэра Каса быў сярдзiты i рашучы, але ў касцюме яго нечага не хапала; папраўдзе, усё адзенне яго складалася з чагосьцi падобнага на лёгкую белую спаднiчку, якая магла б замянiць вопратку хiба што толькi ў Грэцыi. Трымайце яго!
– лямантаваў ён.
– Ён знёс мае штаны! I ўсю вопратку вiкарыя!

– Зараз я дабяруся да яго!
– крыкнуў ён Хенфры, прабягаючы мiма ляжачага на зямлi Хакстэрса, i, абагнуўшы вугал, далучыўся да натоўпу, якi гнаўся за Невiдзiмкам, але тут жа быў збiты з ног i бразнуўся на дарогу ў самым непрыглядным выглядзе. Хтосьцi з усяго размаху наступiў яму на руку. Ён завыў ад болю, паспрабаваў устаць на ногi, зноў быў збiты, упаў на карачкi i нарэшце пераканаўся, што ўдзельнiчае не ў пагонi, а ў адступленнi. Усе беглi назад у вёску. Ён зноў падняўся, але атрымаў моцны ўдар па вуху. Хiстаючыся, ён павярнуў дадому, мiмаходзь пераступiўшы цераз Хакстэрса, якi, да таго часу ўжо ачухаўся i, забыты ўсiмi, сядзеў пасярод дарогi.

Падымаючыся на ганак карчмы, Кас раптам пачуў ззаду сябе гук гучнай аплявухi i раз'юшаны крык болю, якi ўзвiўся над шматгалосым шумам i гамам. Ён пазнаў голас Невiдзiмкi - той крыкнуў так, быццам яго прывёў у шаленства нечакана востры боль.

Мiстэр Кас уварваўся ў гасцiную.

– Банцiнг, ён вяртаецца!
– крыкнуў ён з парога.
– Ратуйцеся!

Мiстэр Банцiнг стаяў ля акна i майстраваў сабе касцюм з камiннага дыванка i аркуша "Заходне-сярэйскай газеты".

– Хто вяртаецца?
– спытаўся ён i так уздрыгнуў, што ледзьве не сапсаваў увесь свой касцюм.

– Невiдзiмка!
– адказаў мiстэр Кас i падбег да акна.
– Нам трэба ўцякаць адсюль. Ён б'ецца як шалёны. Проста як шалёны.

Цераз секунду ён быў ужо ў двары.

– Злiтуйся божа!
– у жаху ўсклiкнуў Банцiнг, не ведаючы, на што адважыцца. Але тут з калiдора карчмы данёсся шум схваткi, i гэта спынiла ўсе яго разважаннi. Ён вылез у акно, хуценька прыладзiў свой касцюм i кiнуўся бегчы па вулiцы з усёй хуткасцю, на якую толькi былi здольны яго тоўстыя кароткiя ножкi.

Пачынаючы з той хвiлiны, калi пачуўся раз'юшаны крык Невiдзiмкi i мiстэр Банцiнг кiнуўся ўцякаць, устанавiць паслядоўнасць у ходзе айпiнгскiх падзей становiцца немагчымым. Можа, спачатку Невiдзiмка хацеў толькi прыкрыць адступленне Марвела з вузлом i кнiгамi. Але таму што ён увогуле не вызначаўся рахманым норавам ды яшчэ выпадковы ўдар канчаткова вывеў яго з сябе, ён стаў сыпаць ударамi направа i налева i бiць усiх, хто трапляўся пад руку.

Уявiце сабе вулiцу, запоўненую людзьмi, якiя бягуць, бразганне дзвярэй i бойку з-за зацiшных куточкаў, дзе можна было б схавацца. Уявiце сабе ўздзеянне гэтай буры на няўстойлiвую раўнавагу дошкi, пакладзенай на два стулы ў сталовай старога Флетчэра, i выклiканую гэтым катастрофу. Уявiце сабе перапалоханую парачку, якую заспела бедства на арэлях. А потым бура пранеслася, i айпiнгская вулiца, упрыгожаная флагамi i гiрляндамi, апусцела; толькi адзiн Невiдзiмка працягваў бушаваць сярод раскiданых па зямлi какосавых арэхаў, перакуленых парусiнавых шчытоў i раскiданых тавараў з латка гандляра ласункамi. Адусюль даносiўся стук аканiц i завалаў, i толькi дзе-небудзь, выяўляючы прысутнасць людзей, у кутку акна мiльгала вылупленае вока пад спалохана прыўзнятым брывом.

Невiдзiмка нейкi час забаўляўся тым, што разбiваў вокны ў карчме; затым прасунуў вулiчны лiхтар у акно гасцiнай мiсiс Грогрэм. Ён жа, напэўна, перарэзаў тэлеграфны провад за домiкам Хiгiнса на Эдэрдзiнскай дарозе. А затым, карыстаючыся сваёй незвычайнай здольнасцю, ён бясследна знiк, i ў Айпiнгу пра яго больш нiколi не было нi слыху нi дыху. Ён знiкнуў назаўсёды.

Але мiнула добрыя дзве гадзiны, пасля чаго першыя смельчакi адважылiся зноў выйсцi на пустынную айпiнгскую вулiцу.

Раздзел ХIII

МIСТЭР МАРВЕЛ ХАДАЙНIЧАЕ АБ АДСТАЎЦЫ

Калi ўжо пачало змяркацца i жыхары Айпiнга сталi баязлiва вылазiць з дамоў, пазiраючы на развалiны свайго няўдалага свята, па дарозе ў Брэмблхерст за букавым гаем цяжка крочыў нiзенькi каржакаваты чалавек у старым цылiндры. Ён нёс тры кнiгi, звязаныя разам нечым накшталт стракатай эластычнай стужкi, i вузел, загорнуты ў сiнi абрус. Яго чырвоны твар выказваў маркоту i знямогу, а ў паходцы была нейкая сутаргавая паспешлiвасць. Ён iшоў у суправаджэннi чужога, не свайго голасу i часта курчыўся пад дотыкам нябачных рук.

– Калi ты зноў уцячэш, - сказаў Голас, - калi ты зноў надумаешся ўцякаць...

– Госпадзi!
– сказаў мiстэр Марвел.
– I так ужо жывога месца на плячы не засталося.

– Чэснае слова, - працягваў Голас, - я цябе заб'ю.

– Я i не думаў уцякаць ад вас, - сказаў Марвел, ледзьве не плачучы. Клянуся вам. Я проста не ведаў, дзе трэба зварочваць, толькi i ўсяго. I адкуль я мог гэта ведаць? Мне i так дасталася як мае быць...

– I дастанецца яшчэ больш, калi не будзеш слухацца, - сказаў Голас, i мiстэр Марвел адразу замоўк. Ён надзьмуў шчокi, i вочы яго красамоўна выказвалi глыбокi адчай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: