Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Яша тупаў на месцы, відавочна вагаючыся.

— Вы… не скажаце ёй?

— Абавязкова скажу. Бо іначай у вас, пры недахопе смеласці, няскора атрымаецца…

— А вы думаеце?

— Я не думаю. Я знаю. Вы ніколі не задумваліся, чаму яна не глядзіць вам у вочы?

— Гм, — пачухаў патыліцу Яша.

Нарэшце ён пайшоў, відавочна ўзрадаваны. Яны засталіся адны.

— Якія харошыя людзі, - сказала Ірына. — Якія ўсе — людзі. Дзіўна, але я тут, у палаце, пачала так аджываць душой, што мне страшна.

— Цвіцеш, як букет бэзу.

— Угу. I ты поруч.

З таго часу ён усе ночы сядзеў поруч з ёй, гледзячы на яе твар. Яму ставала балюча ў горле, так ён яе кахаў.

Аднойчы, зусім ужо збіраючыся засынаць, яна трымала сябе так неспакойна, што ён спытаў, ці не баліць у яе што.

— Не, — сказала яна, — але я павінна прызнацца табе яшчэ ў адной маёй хлусні.

— Споведзь на сон градучы? А можа, не трэба?

— Трэба, — рашуча сказала яна. — Ты не спіш трэцюю ноч. Ты занадта, аж да неразумнасці, сочыш за мной. Я скажу, мне будзе лёгка, і я засну. Тады заснеш і ты. Баюся, але скажу.

— Добра, любая мая, — сказаў ён. — Ты толькі не хвалюйся.

— Сядай бліжэй, — сказала яна. — Пацалуй мяне.

Ён перасеў і пацалаваў яе ў вусны, а потым, прыпаўшы тварам да яе чыста прамытых, дзівосна мяккіх валасоў на падушцы, падрыхтаваўся слухаць.

Маўчанне было такім доўгім, што ён падумаў, а ці не заснула яна?

— Я ведала гісторыю на пароме, — раптоўна і хутка сказала яна. — Гэта і сапраўды быў мой прадзед. Толькі ніхто ў нас не ведаў прозвішча расстралянага.

Ён прыўзняўся, прыгаломшаны, але здолеў усё ж спытаць:

— Ну і што?

— Апусці зноў галаву, — папрасіла яна, і ён зноў пакорліва апусціўся шчакою на пахучыя валасы.

— I што? — шэптам, дакорліва спытаў ён.

— Але я… я пабаялася прызнацца табе ў гэтым.

— Чаму ж?

— Гэта быў бы тады канец. Як наканаванне. Звароту назад тады ўжо не магло быць… А я так баялася. Баялася жыцця з такім, як ты, бо трэба было стаць зусім-зусім іншай… Баялася цяжкасцей, баялася пасля столькіх год пакут пайсці з гэтага абрыдлага гнязда, баялася быць цяжарам для цябе.

За вокнамі лёгкі подых начнога ветру прабег па цьмяных верхавінах дрэў і зашалахцеў далей, каб прапасці недзе ў замрэяных дрэвах над Масквой-ракой. Слухаючы гэты заміраючы шолах, яна казала:

— Мне шкада было цябе. Шкада. Ох, як я цябе мучыла.

— Пакінь. Гэта было ўсё адно шчасце.

— Усё адно?

— Досыць, усё яшчэ наперадзе…

— Вядома. Даруй мне за ўсё. Я добрай буду да цябе. Я ўсё-ўсё выкуплю. Буду ласкавай і пяшчотнай да канца свайго…

Ён узяў яе разам з падушкай за плечы, быццам збіраўся люляць дзіцёнка. Яна прыстроіла твар на яго грудзях, паварочалася, каб было зручней, уздыхнула некалькі разоў па-дзіцячаму і заснула, бы ў гняздзе.

Трымаючы яе на руках, ён толькі тут адчуў раптам, што гэта не жанчына, роўная яму вопытам, а безабаронны дзіцёнак, адданы ў абарону яму, мацнейшаму. Лухтой было зведанне страшных дзён апалчэння, нястачы, крыўд і штодзённай барацьбы. Лухтой было тое, што не сёння-заўтра ў яе валасах з'явіцца першая срэбная ніць, што ім, нават у лепшым выпадку, застаецца якіх дзесяць — восем год маладосці. Усё гэта было лухтою ў параўнанні з гэтымі ўздыхамі, з гэтым даверлівым сном на яго руках,

Быццам не год нясцерпнага кахання звязаў іх, не месячныя іскры, не тая подлая ноч з люміналам, а гэтыя дні яе пакут, калі яна дзеля яго трымалася за жыццё. Гэты давер нельга было падмануць.

Быццам з глыбіні мінулага веку працягнулася моцная ніць і наканавана звязала праўнука расстралянага, праўнука жанчыны з цёмнымі азёрамі вачэй, і праўнучку чалавека, сэрца якога адкрылася насустрач дабрыні ў паромную, вераб'іную ноч. З веку подласці і здрады працягнулася яна ў век навальніц і надзеі, каб цягнуцца далей у нейкі новы век нязмернага шчасця, які прыйдзе, не можа не прыйсці, і да якога яны, напэўна, не дажывуць. Працягнулася і звязала повяззю неадрыўна-моцнай, амаль не жаночай ужо і не мужчынскай, а нейкай таварыскай, нейкай братняй любві.

…З гэтай хвіліны ён стаў па-мацярынску ўтрапёным у сваіх клопатах аб ёй. Шчасце было ў недасыпанні, у выдаткаванні ўсіх нервовых і фізічных сіл дзеля яе, у змардаванні, у вычарпанні ўсіх запасаў дасціпнасці і весялосці, у тым, што ён, нават заснуўшы, прачынаўся — ледзь толькі яе дыханне ставала няроўным, ледзь толькі яна паварочвалася на бок. Угаварыць яго хоць на дзень адмовіцца ад гэтага не мог нават Глінскі, і ён здаўся, пабачыўшы, якую асалоду знаходзіць Андрэй у гэтым адмаўленні ад сябе, загадаў, каб увесь цяжар пераклалі на плечы Грынкевіча, загадаў, каб сёстры заходзілі ў палату толькі па яго выкліку ды яшчэ падчас двух штодзённых абходаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • 113
  • 114
  • 115
  • 116
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: