Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

У нейкай сталовай, падобнай на студэнцкую, ён сеў за стол і спытаў сабе абед. Яму вельмі хацелася есці, але як толькі ён апусціў лыжку ў суп, адразу адчуў, што не здолее праглынуць і кроплі, - як завязала.

Выйшаў. Адчуваючы ўсё ж, што ён можа зваліцца з ног, не дачакаўшыся канца аперацыі, ён зайшоў у вулічную кавярню пад тэнтам і выпіў там тры чашкі кавы. Цяпер сэрца білася зусім па-іншаму, напоўнена і моцна, а вочы прыдбалі, здавалася, асабліва бязлітасную яснасць погляду на навакольны свет.

Стрэлкі гадзінніка паўзлі марудна. Ён сядзеў і, апёршыся на столік, на якім слаба дымела некранутая чацвёртая чашка, глядзеў у той бок, дзе за скверам бачны быў інстытут. Папяроса таксама сцяліла валокны, шызыя з боку тытуню, жаўтаватыя і цяжкія — з муштука. Тры струменьчыкі: празрысты, шызы і дымны. I ўсе яны чэзнулі, па меры таго як кава стыла, а папяроса згасала.

Ён устаў і рушыў у інстытут, хаця да аперацыі было яшчэ з паўгадзіны. Назіральнік з боку пабачыў бы яго занадта выразныя рухі і зразумеў бы, што гэты чалавек шалёна нервуецца, але сам ён думаў, што ён спакойны.

…Шэсць гадзін. Дзень хіліцца да вечара, Ад дрэў ляглі ўжо вячэрнія цені. Зараз яе вязуць у аперацыйную, Трэба быць бліжэй да яе. Хоць бы ў вестыбюлі.

У вестыбюлі той самы гардэроб, тая ж брыдкая кніга на стале, кніга існаванняў і сконаў, кніга лёсаў.

Дзверы без стуку хістаюцца за праходзячымі: туды-сюды, туды-сюды, у розныя бакі. Белыя дзверы на дзве палавіны.

За аднымі з такіх дзвярэй яна. Пэўна, пачалі. Хто б зрабіў, каб іхнія рукі былі спрытнымі і ўдалымі, каб шчасліва скончылася ўсё?

Бог? Ён, Андрэй, не верыць у бога. А веруючым, пэўна, лягчэй.

Як гэта ў малітве: "Захавай дом мой". Не, ён не памятае. А можа, гэта і не ў праваслаўнай малітве?

Мозг, здавалася, нічога не мог, а на самай справе заўважаў ўсё так зорка, як ніколі.

…Вось правезлі на пахілых драбінках вялізны сіні балон з надпісам «вадарод»… Балон… Пакуль не правялі газавую лінію — давядзецца мець балоны. Ёй нельга, каб холадна… Добры дом…

— Што з вамі? — дакранулася да яго пляча Сашанька. — Вам дрэнна?

— Чаму? — здзівіўся Андрэй.

— Вы бледны, як смерць.

— Нічога, — голас гучаў, як чужы. — Як там?

— Цудоўна, — адказала Сашанька. — Усё ідзе як трэба… Я выйду праз гадзіну.

— Я, пэўна, пачакаю ў скверыку, — тым самым голасам сказаў ён.

Занадта прамы, ён накіраваўся да дзвярэй. Сашанька паглядзела на яго і пахітала галавой.

Ён выйшаў проста ў добры майскі прысмерак і сеў на лаўку. Успомніўся хлопчык, што дзесяць дзён таму весела ішоў на спатканне з маці. Дурны хлопчык!

Ну, а хіба ён, Андрэй, болыы разумны, калі думае аб газе, аб дзецях, чорт ведае аб чым у час, калі яна так пакутуе?

I раптам ён зразумеў, што ўвесь гэты час ён толькі вонкава думае аб іншых прадметах, што ўвесь гэты час у душы жыў і катастрафічна нарастаў жах, нясцерпны жах і бязмерная боязь за яе.

Сэрца падала ўніз. Цьмянела ў вачах. Каб быў голас, ён з насалодаю закрычаў бы па-жывёльнаму, дзіка, нема.

Ніколі, ніколі яшчэ ў жыцці не было такога жаху. Нават тады, калі ўцякала партызанская армія і «фокевульфы» ныралі над самымі галовамі.

I не так страшна было, калі хлопцы наступалі на сяло, занятае бандай, а са званіцы білі кулямёты.

I не так страшна было, калі шкляное паветра калыхалася над разбітай машынай, там, на шашы, над невялікай рэчкай, якая завецца Бобр.

Неяк занадта скора і зусім де ў час пачало цямнець. Калі ён узняў галаву, здзіўлены гэтым, ён пабачыў, што з боку Масквы-ракі на будынак, на вяршыні дрэў, на ўвесь застыглы горад насоўваецца цяжкая хмара, свінцова-чорная, з нейкім цьмяна-барвяным водбліскам. Пэўна, ад незлічоных агнёў, што спуджанымі іскрачкамі гарэлі пад ёй.

"Так, паўсюль запалілі агні. Бо стала зусім цёмна. Нават вулічныя ліхтары запалілі. Нават тут, у скверы".

Чаму не ідзе Сашанька? Ён глядзеў на гадзіннік і ўпершыню ясна зразумеў, што аперацыя цягнецца ўжо больш чым дзве гадзіны. I такі спакой вакол, быццам прырода і ўвесь горад уцягнулі галовы ў плечы, чакаючы непазбежнага.

Ён амаль пабег у будынак і сутыкцуўся з медсястрой.

— Як?

— Ды не нервуйцеся вы так, — сказала Сашанька. — Фу! Не мужчына, а мокрая курыца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • 113
  • 114
  • 115
  • 116
  • 117
  • 118
  • 119

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: