Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Ён робіць усё лепей за вас, вар'ят чортаў.

Пасля гэтага дзён не было. Было свядомае спусташэнне ў імя таго дня, калі яна ачуняе, вышэйшы нервовы пад'ём, які часам дазваляе чалавеку тыднямі амаль не спаць, сочачы за здароўем другога… Здавалася, давалі ежу; здавалася, заходзілі ўрачы; здавалася, рабілі аналізы.

Толькі часам, уначы, калі яна спакойна спала, ён, седзячы ў глыбокім крэсле, паглыбляўся ў дрымоту з адкрытымі вачыма. Гэта была дрымота, калі сон мяжуецца з явай, калі бязладныя малюнкі і сказы ніколі не прымушаюць забыць, што за акном ноч і дрыжачыя таполі, што Я н а кожную хвіліну можа прачнуцца, калі нават крэслы здаюцца нечым пачварным, тыграмі, што прыселі ад залішняй злосці на нізкія лапы.

Такое ж было і ў апошнюю ноч перад аперацыяй. Ён драмаў, і твар яго быў прасветлены, знясілены, змарнелы. Удзень ні яна, ні другія ніколі не маглі гэтага заўважыць. Уначы ён заўсёды нараджаўся з дрымоты для явы, не бясхмарна-трывожнай явы, явы замгленнай і чорнай.

На гэты раз яго заспелі.

Калі ён адкрыў вочы — яна глядзела на яго з-пад доўгіх вей. Глядзела сур'ёзна і ўважліва. На белым і ў белай хусцінцы, спакойны і вызвалены ад усяго, яе твар здаваўся тварам манахіні-царыцы з гістарычных фільмаў.

— Дык ты… вось так? — бязгучна спытала яна.

— Глупства, — шэптам сказаў ён.

— Табе трэба выспацца па-сапраўднаму, у ложку, — сказала яна. — Заўтра табе спатрэбяцца ўсе твае сілы.

— Глупства.

Зашапацелі дрэвы за акном.

— Не, — сказала яна, — не глупства. Бедны мой, бедны, што я з табою зрабiла?

I працягнула да яго руку:

— Кладзіся са мною.

— Табе нельга.

— Я ведаю. Ты проста паляжы… Выспіся.

— Табе будзе нязручна.

— З табою?

Ён лёг. Яна прынікла да яго. Шэпт прагучаў ля яго вуха:

— А шкада, што нельга. Але ж у нас усё жыццё… Спі, мой родны, спі да раніцы, мой стомлены.

Паступова правальваючыся ў дрымоту, ён слухаў яе апошнія, кволыя, засынаючыя словы. Яны былі соннымі і цёплымі, як яе цела, гэтыя словы, і таму ім нічога не трэба было саромецца:

— Я благаслаўляю жыццё за тое, што яно звяло нас, дало хаця адно… шчасце… Як ты стаміўся… Спі… Да светлай раніцы…

Абняўшы яе апошнім рухам рукі, з радасцю адчуваючы, што яна тут, поруч, ён адчуў, як сон уладна лёг на яго… У наступную хвіліну яны спалі так, як не спалі ўсе гэтыя дні.

Шапацелі змрочныя таполі за адчыненым акном. Цішыня панавала над горадам. Яны ляжалі, як дзеці, і іхнія чыстыя подыхі, змешваючыся, бязважка блукалі па спячых, спакойных тварах.

Р а з д з е л XXXI

Раніцаю яны прыйшлі да свядомасці адначасова. Яны не ведалі, што за гадзіну да гэтага ў палату заходзіў Глінскі. Нячутна зайшоў, прычыніўшы за сабою дзверы, і з хвіліну глядзеў на хлопца і жанчыну, што спалі ў той самай паставе, што і звечара, інстынктыўна кожны баючыся ў сне патрывожыць адзін аднаго: рука хлопца на яе плячы, рука жанчыны — на стане хлопца. Абліччы побач. Спакойныя, чыстыя паставы целаў.

"Пашкадавала, — з нечаканай для самога сябе пяшчотай падумаў стары. — Пасунулася і дала месца, каб адпачыў. Відаць, пабачыла нарэшце, як ён звёўся, як дрэмле, амаль не закрываючы вачэй".

I, толькі нячутна зачыніўшы за сабою дзверы, даў на хвіліну пачуццям авалодаць сабой. Таму што ніхто, акрамя яго, старога, спрактыкаванага "тыгра ад хірургіі", не прадчуваў цяжкасцей, якія чакалі сёння гэтае дзяўчо. Бедныя дзеці! Няхай ужо незваротна папсута яго жыццё, але за што такое ім?

А яны прачнуліся абое, разам, адразу адчуўшы, што прасынаецца другі. Андрэй адчуваў сябе такім свежым, бадзёрым і моцным, такім упэўненым у гэтым дні і ва ўсіх наступных днях, што яму хацелася спяваць.

Ды і яна, гледзячы ў ранішні парк з яго шчодрай, дымчата-вясёлкавай расой, з яго сцюдзёна-сінімі ценямі і сонечнай лістотай ля верхавін, сказала, шчасліва ўздыхнуўшы:

— Ніколі, здаецца, так не адпачывала.

— Ну вось і добра, — сказаў Андрэй, — а то мяне сумленне мучыла. Зараз я ўмыю цябе.

— Ведаеш, — з усмешкай сказала яна, — мне нават падабаецца быць хворай. Ты ўсё робіш са мною так пяшчотна, твае рукі лягчэй за тапалёвы пух.

— Ну што ж, калі хочаш, я заўсёды буду ўмываць цябе раніцай, расказваць казкі на сон і папраўляць тваю падушку.

— Што ж, — засмяялася яна. — Ты не думай, я не такая. Я магу хадзіць, як мужчыны, і плаваць, як яны. Калі ты будзеш блукаць па дарогах з рукзаком і кіем, я табе буду верным спадарожнікам.

Залікавала птушка ў росных дрэвах, быццам адчуўшы подых роснай свежасці з надрэчных шатаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • 113
  • 114
  • 115
  • 116
  • 117
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: