Шрифт:
Страшэнна збялелая, яна глытнула нешта і, гледзячы ўбок, сказала:
— Не прыкідвайся іранічным. Я ад сваіх слоў не адмаўляюся. Ён моцны і разумны… I ён мой сын.
Яна акінула позіркам ладную постаць Андрэя, глянула ў не па-дзіцячы сур'ёзныя вочы. Веі яе задрыжалі. Яна дадала:
— I ён будзе вельмі асцярожны.
I Андрэю пашанцавала там, дзе не пашанцавала двум хлопцам. Яму ўдалося прайсці праз заслоны ў вёску Ражкі і прывесці адтуль дзеда-правадніка, які ведаў другі выхад праз дрыгву, да якой іх прыпёрлі.
Потым было адступленне праз агонь, дзесяткі плытоў з людзьмі, якія плылі па віруючай вадзе Дняпра, торкаючыся ў розныя бакі паміж соцень узрастаючых і зноў чэзнучых вадзяных слупоў.
Потым Андрэя з другімі дзецьмі перакінулі з першым самалётам праз лінію фронту: з вышыні ён здаваўся такім прыгожым ва ўспышках зенітак і рознакаляровых радках трасіруючых куль.
Затым была Масква напярэдадні першай зімы: сляпыя вокны, сінія лямпачкі ў пад'ездах, ямы на аколіцах, абстракцыянісцкая мазаніна на плошчах, мазаніна, што павінна была ашукваць самалёты ворага.
А па начах пранізлівае выццё сірэн. Андрэю здавалася, што гэта апошні марсіянін у адчаі крычыць на вуліцах мёртвага горада.
Дзіўна, але хлопец, у мінулым пяшчотны і ласкавы, як дзяўчынка, не баяўся ні сірэн, ні бамбёжак. Ён стаў вельмі строгі, і на шчоках, зусім не па-дзіцячы, выявіліся падсохлыя ад суровасці мускулы.
Ён думаў, што яго бацькі забітыя. Пасля Масквы была эвакуацыя з дзіцячым інтэрнатам. Сіні ад снягоў паўночны Урал. Андрэй ехаў туды з непахісным рашэннем уцячы пры першай магчымасці. Ён не хацеў быць з іншымі, ён быў партызан, сірата, ён быў сам па сабе.
Словам, гэта быў лёс многіх дзяцей яго пакалення.
Толькі сам ён зусім не быў дзіцём і таму не хацеў дзяліць іхні лёс, не хацеў быць падобным да іх. Хутка гэта выявілася.
Знайшліся людзі, што і ў інтэрнаце паспрабавалі абкрадваць давераных ім дзяцей. Большасць з «давераных», напэўна, абмежавалася б бурчаннем пазавуголлю. I ўсё ж у інтэрнаце ўспыхнуў бунт, на чале якога стаяў былы мамчын сынок і «цюця» — Андрэй Грынкевіч.
Бунт, вядома, быў падаўлены лёгка. Перад начальнікам інтэрната стаяў чалавек, не па гадах развінены хлапчыска, маленькае ваўчаня, сэрца якога жадала толькі аднаго: справядлівасці. I за гэтую справядлівасць прымітыўна, па-дзіцячы і, значыць, адзіна правільна зразуметую, ваўчаня гатова было біцца да зубоў. Гэта было так лёгка і так па-чалавечы проста зразумець. I начальнік "зразумеў".
Андрэя пакінулі на два дні без абеду — ён не ўзяў нават хлеба і вады. Не ўзяў і на трэці дзень. На чацвёрты дзень яму далі падвойную норму — ён не ўзяў нічога, ён не хацеў хлеба з нячыстых рук.
Яму пагражала калонія, і таму ён уцёк. Ён уцякаў на фронт двойчы, і аднойчы яго вярнулі з-пад самай Рузы. У адной са сваіх эскапад ён наеўся жыта, якое ляжала ў адкрытай платформе і ўкрылася ўжо зялёным кілімам парасткаў. Страшэнны панос ледзь не адправіў яго на той свет.
Калі яго другі раз вярнулі ў інтэрнат, ён даведаўся, што яго бацькі жывыя, што іх таксама перакінулі праз фронт, што яны жывуць у Орску. Моцны, загартаваны падлетак, які нават біцца прывучыўся моўчкі, па-мужчынску, раптам зразумеў, заўчасна пасталеўшы, што дарогі на фронт яму, па маладосці год, заказаны, і… змірыўся. Гэтаму ўзрадаваліся ўсе, усе, хто дрэнна яго ведаў.
Два месяцы ён сумленна і моўчкі працаваў і вучыўся, а потым, падрыхтаваўшыся, уцёк, на гэты раз назаўсёды.
Без дакументаў, без пропуску ён схітрыўся дабрацца да Кунгура (татары, што везлі яго праз тайгу, узялі за гэта бохан хлеба — палову яго запасаў), а потым, праз Чэлябінск і Свярдлоўск, даехаць да Орска. I толькі тут, калі маці пасля ўсіх здзіўленняў і пацалункаў пайшла гатаваць яму нешта на вячэру, ён не стрымаў адзінай за паўтара года слязы.
А маці, як кожная маці, зноў з самага пачатку, пачала рабіць сваю вечную справу: лячыць скалечаную душу сына, зноў прывучаць тую душу да дабра і разумення чалавечнага на зямлі.
Аб астатнiм доўга i цяжка расказваць. Рээвакуацыя. Ушчэнт разбураны горад у заходняй Беларусi, куды яны часова прыехалi. Банды лютуюць вакол. I семнаццацiгадовы хлопец быў камандзiрам аддзялення ў камсамольскiм "атрадзе садзеяння".
І тут ён застаўся без першага друга. Тут ён сам упершыню забіў чалавека.
I чамусьці больш за потную, нягледзячы на холад, галаву друга на каленях (машыну страшэнна кідала па замёрзлых камлыгах гразі) Андрэй запомніў здзіўлены і ўтароплены ў неба позірк ворага, які хацеў забіць яго, Андрэя, і якога замест таго забіў ён сам.
У сорак шостым годзе Грынкевічы вярнуліся ў родны гарадок, які ўжо сяк-так залячыў першыя раны вайны. I ў той самы год Андрэй паступіў ва універсітэт.
I тут настала тое, што можна было назваць маральным ператамленнем. Маці, відаць, не да канца вылекавала яго душу. За пяць год хлопец стаміўся жыць напружаннем і нянавісцю. Стаміўся, але не мог, не ведаў, як жыць іначай. Прамы да рэзкасці, ён забываўся, што такое далікатнасць, пяшчотнасць, пяшчотнае нежаданне прыносіць людзям боль, асцярожная ўвага да няўлоўных рухаў і выгібаў чалавечай душы.