Шрифт:
Калі яны выйшлі на бераг, ён працягнуў ёй руку, і яна раптам сказала яму:
— Ты… дарагі.
Андрэй скора заснуў на пяску, наўздалёк ад вогнішча, і прачнуўся таму, што добра прыпякло высакаватае сонца — у вачах кругі хадзілі, - і яшчэ таму, што на грудзі ўпала некалькі сцюдзёных кропель вады. Гэта Алёнка нахілілася над ім у мокрым блакітным купальніку.
— Уставай, глуптасю, напячэшся.
А ён сказаў ёй:
— Ты… каханая.
I пайшлі дні, поўныя толькі Алёнкай, сонцам, вершамі і вадой. У адзін з такіх дзён, праўдзівей, вечароў, Андрэй вельмі раззлаваўся на дзяўчыну: яна зусім без тармазоў скацілася на веласіпедзе са стромай Лешчыцкай гары, уз'язджаючы на якую дзядзькі падкладалі пад колы вазоў калодкі.
З Андрэя быў дрэнны яздок, але тут ён, забыўшыся, што сам неадменна разаб'ецца там, дзе гэтае малое чарцяня праскочыць без усякай шкоды, ляцеў за ёю і… не мог дагнаць. А яна, ластаўка, ляцела так, што валасы і сукенка аж пялёскаліся на вятры, і спявала нешта, і рагатала… рагатала.
Нарэшце яна, зусім ужо ўнізе, на пад'ёме, збочыла і звалілася ад смеху ў куст ядлоўцу ля дарогі. Устала, усё яшчэ смеючыся, і пабачыла яго страшны, збялелы ад гневу і жаху за яе, твар.
— Дурная, — сіпата крыкнуў ён і моўчкі таргануў веласіпед з яе рук.
Так яны і ішлі моўчкі — ён каціў два веласіпеды — да самага горада. А там, калі ён паставіў свой і яе веласіпед у сенцах хаты сябра, яна вінавата сказала:
— Ну прабач… Пойдзем зараз на Дняпро… Паходзім.
Ён усё яшчэ быў раззлаваны, калі яны прыцемкам выйшлі на адхон і паселі на траву ў бярозавым гаі.
— Дурная. Ты нават не ведаеш, што ты для мяне.
I прыцягнуў да сябе. Яна прыціхла. Сядзелі моўчкі.
— Вось, — сказаў ён пасля паўзы, — я за цябе ўвесь час так дрыжаць буду. Таму выходзь ты лепей за мяне замуж.
Яна хацела была, як заўсёды, пажартаваць, але адчула, як грозна і палка стукае яго сэрца. I таму, закрыўшы вочы, ціха сказала:
— Добра. Я не буду мучыць цябе. Добра, дарагі. Восенню, у верасні, калі хочаш.
…У жніўні, незадоўга да вяселля, яны з'ездзілі да бацькоў Алёнкі, у Мінск. Адтуль іх, разам з Алёнчыным бацькам, узяўся падкінуць дамоў палкоўнік, друг бацькі. Іван Століч сядзеў поруч з палкоўнікам, які кіраваў. Алёнка і Андрэй — на заднім сядзенні.
Неўзабаве іх чакаў вялізны тлум: вяселле ў хаце Андрэя, перазоў гасцей да цёткі, у якой часта гасцявала і жыла гэтае лета Алёнка, потым зноў дарога ў Мінск, зноў вяселле, зноў перазовы. Але Андрэя, хоць яму і хацелася быць толькі разам з Алёнкай, гэты тлум не палохаў, а захапляў. Гэта ўсё быў шлях да яе.
Якое шчасце сядзець поруч з ёю ў загсе, якое шчасце ехаць адтуль, якое шчасце, калі крычаць "горка!".
I якое шчасце, што зараз так бліскавічна ляціць насустрач дарога, так мільгаюць дрэвы, знікаючы з вачэй, так пругка б'е ў твар цёплы, напоены пахам чабору, палыну, верасоў і яшчэ чагосьці, ветрык!
Ох, гэты водар канца лета! Усё аддадзена, спакой, арабіны яшчэ не чырвоныя, а каралавыя, на палях спакой і мір, і першая павуцінка на вяршыні цяжарнай яблыні часам трапеча, як доўгі белы вымпел.
Машына была адкрытая, і таму валасы Алёнкі аж ляцелі па ветры. Поўніла ветрам рот, раздзьмухвала шчокі.
I Андрэй адчуваў, што любiць усё на свеце. Нават каменнi, якiя траплялiся часам наўсцяж дарогi i нагадвалi парсюкоў, што зарылiся ў траву, нават сухую, астрыжаную патылiцу старога ваякi, якi сядзеў за рулём.
Машына пайшла ўніз, мільганула таблічка з надпісам: "Рака Бобр".
Андрэй і раней ведаў гэта месца, бадай што, самае прыгожае на шашы Мінск — Масква. Але зараз ён з нейкім новым, цёплым замілаваннем аглядаў нешырокую рэчку, паплавец над ёю, стромыя берагі, сосны над адхонам і з правага боку каламутна-сінія занураныя шаты лясоў.
Іван Століч павярнуўся да іх:
— Ну як, дзеці? Хораша?
— Хораша, — адным уздыхам адказалі абое.
Іван адкінуўся на спінку сядзення, зажмурыў вочы, з насалодаю ўдыхаючы па-жнівеньску сыты, цёплы вецер.
— Мы сабе некалі пабудуем тут маленькую хату, — шапнула Алёна Андрэю, — са звычайных дошак. Каб летам заўжды быць удваіх.
Ён моўчкі хітнуў галавою на знак згоды.
Аўтамабіль рынуў угору і зноў вырваўся на дарогу, сціснутую з двух бакоў сценамі разамрэлага пад сонцам невысокага лесу. У адным месцы, справа, гэты лес падступаў да самай шашы. Сэрца імчала яму насустрач.
I тут Андрэй убачыў, як наперадзе — літаральна ў дваццаці кроках — выкаціўся на шашу, напярэймы іхняй машыне, вялізны зялёны грузавік. Андрэй толькі паспеў убачыць доўгі радыятар і доўгі кузаў.
"Газ, — недарэчна адзначыў мозг, і яшчэ: — Чорт, хоча праскочыць, ды яшчэ на такой хуткасці. П'яны, ці што?"
Гэта думка прамільгнула за нейкую долю секунды. Потым проста перад вачыма развярнуўся і ўздыбіўся бок зялёнай пачвары. Узвылі тармазы.
У наступны момант, пасля жахлівага, сакрушальнага ўдару, неба з трэскам разарвалася ў вачах Андрэя, і цемра запаланіла ўвесь свет. Ён не чуў, як штосьці выдрала яго з машыны і кінула цераз кювет проста галавою ў жвір.