Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Жанчына прыкусіла губу:

— У мяне неўроз сэрца ад кахання. А ты… Божа мой. Я ўпершыню адчуваю сілу кахання і рэўнасці. Мне жыцця не хопіць для кахання. Я баюся, што цябе ў мяне адбяруць. Я ўсё аддала табе. Я да цябе стаўлюся вельмі сумленна.

Яна казала гэта, напэўна, амаль шчыра, але манера вымаўляць словы была вельмі тэатральнай. Бываюць людзі, у шчырасць якіх менавіта з-за гэтага нельга паверыць.

Грынкевіч узяў яе пад бараду і павярнуў да сябе.

— Ты толькі дарэмна мучыш сябе, Маша. Нічога такога няма. I не будзе. Табе проста падабалася спачатку, што я так смешна апраўдваюся. А цяпер ты прывыкла. Ты проста катуеш мяне гэтымі вечнымі падазрэннямі. Я цяпер нават думаю, што, калі я ажанюся, ты ператворыш маё жыццё ў пекла. А я хачу жыць. У жыцці і без кахання досыць многа добрага.

Яна раптам ударыла кулачком па камлі маладзенькай бярозкі. Воблачка снегу асыпалася з галін, укрыла ім плечы, іскрамі заззяла ў яе валасах.

Але яшчэ больш заззялі яе вочы:

— Ну вядома, цяпер яшчэ і гэта. Шукаеш прычыны, каб пазбавіцца ад мяне? О, вядома! Я гэта даўно заўважыла!

— Марыя, — пакутліва прамычаў Андрэй, — ну нашто ты так. Дарэмна ж гэта ўсё. Хто на мяне паглядзіць?

— Маўчы, — амаль вiскнула яна. — Хлусня ўсё.

Грынкевіч уздыхнуў.

— Як мне ўсё гэта абрыдла, — сказаў ён. — Ведаеш, яшчэ дзве такія сцэны, і я сапраўды завяду сабе другую. Каб хоць недарэмна падазравалі..

— Добра, — сказала яна, — я, здаецца, зраблю такі самы ўчынак.

Знерваваны да апошняга, Андрэй рэзка павярнуўся і накіраваўся прэч ад яе, да маленькага будынка курсаў, які стаяў у глыбіні двара, непадалёк ад ампірнага дома інстытута.

Завярнуўшы за рог будыніны, ён злосна плюнуў і ўпершыню падумаў, што, бадай, сапраўды думка аб шлюбе — лухта і што, калі Марыя будзе і далей катаваць яго рэўнасцю, — трэба канчаць.

З гэтай думкай ён таргануў дзверы, падняўся па сходах на другі паверх і на хвіліну спыніўся перад уваходам, адчуваючы, што спазніўся.

Верх вялізнага акна на пляцоўцы быў вітражны: нейкія дэкадэнцкія лілеі, сітнягі, яблыкі, качкі ў палёце. Каляровыя плямы святла ляжалі на фігуры Андрэя.

Бадай, не варта было заходзіць. Але ў скверыку перад інстытутам была Марыя, а бачыць яе зараз было горш за смерць.

I ён ірвануў дзверы.

У вялікім пакоі для адпачынку стаяў пах тытунёвага дыму. Прыбіральшчыца выкідвала з попельніц недакуркі ў вядро.

Грынкевіч павесіў паліто на вешалку і толькі пачаў прычэсвацца, як з канцылярыі выглянула Галіна Іванаўна, завуч. З камічным непакоем пляснула далонямі:

— Андрэйка, ты што ж гэта сабе думаеш? Лекцыя пяць хвілін як пачалася. Якая нядобрасумленнасць. Сорам, і яшчэ раз сорам.

Яна была толькі трошкі старэйшая за яго, надта зграбная, цёмнавалосая і цемнавокая, з вельмі добрым і здаровым румянцам на шчоках.

Андрэй усміхнуўся: ён любіў завуча.

— Прабачце, Галіна Іванаўна, — сказаў ён, — затрымалі абставіны.

— Ну вядома, Марыя Крат. Андрэйка, дзяўчаты цябе да дабра не давядуць.

I міжволі ўсміхнулася: зубы так і заззялі. Яна была вельмі цікаўлівая. I яна любіла Андрэя. Ён нагадваў ёй малодшага брата.

— Зусім мой Віктар. Такі самы хударлявы і такі самы расцяпа.

Зноў ссунула бровы:

— Марш, марш на лекцыю.

— Не злуйцеся. Дальбог, не буду, — сказаў Андрэй.

Усё яшчэ ўсміхаючыся — Галіна Іванаўна вярнула яму добры настрой, — ён прайшоў маленькім калідорам і адчыніў дзверы ў аўдыторыю.

У аўдыторыі было зусім цёмна. На сцяне, у светлым чатырохкутніку плаваў адбітак аднаго з рэльефаў Пергамскага алтара. Бойка багоў з тытанамі.

— Дазвольце прысутнічаць? — спытаў Андрэй.

— Калі ласка, — адказаў з цемры жаночы голас.

— Андрэй, сюды, — гукнуў голас Вайвадса.

Праходзячы на месца, Андрэй спаткнуўся аб провад, што змяiўся ў праходзе. Ледзь не ўпаў.

Вайвадс пасунуўся і даў яму месца.

— Ну як? — шэптам спытаў Андрэй.

— Думаў, не прыйдзеш… Слухай.

I вось з цемры загучаў голас.

— …і вы трапляеце ў самую сярэдзіну жахлівай, смяротнай сутычкі. Вы адразу пазбаўляецеся слыху, аглушаныя выццём, ровам, скрыгатам. Вы адчуваеце нават пах потных цел. Дзеці Геі-зямлі — волаты і багі (таксама дзеці Геі) пачалі біцца. I малодшыя перамаглі старэйшых. Хутка такі самы лёс чакаў і Афіны. Але нават і ў загібелі сваёй дух Афін быў прыўкрасным.

Яна сцiхла на хвiлiну. Андрэй дарэмна намагаўся разгледзець яе. Чуў толькi голас, дзiвосны па мяккасцi i глыбiнi. Ды яшчэ, калi яна паказвала нешта на экране, бачыў вузкую руку з доўгiмi, тонкiмi на канцах пальцамi.

Зноў загучаў голас жанчыны.

— У другім стагоддзі Рым захапіў Грэцыю. Скончылася залатое дзяцінства, пачалася пакутлівая сталасць. Захапленне будучыняй, вера ў яе — загінулі. Рым, які спачатку быў падобны на Грэцыю, які верыў у свабоду, скончыўся разам з перамогамі рымлян і патокам золата. Вайна давала багацце. Таму ўся ўстаноўка была на заваяванні, а рэжым Рыма стаў таталітарным рэжымам. Гэта адбілася і на светапоглядзе рымлян. Яны свята верылі ў сваю гістарычную місію, у вайсковае прызванне. Анхіз сказаў: "Няхай іншыя выводзяць мармуровыя абліччы. Прызванне рымлян панаваць і бурыць гарады".

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: