Шрифт:
Нешта шчымела і варочалася ў горле.
— Што з вамі? — спагадліва спытала Горава.
— Так, Успомніў, што Хронас жор уласных дзяцей, што на месцы Кіева пасля татар трыста год раслі дрэвы.
— А жыць трэба, Андруша, — сумна сказала яна. — Сапраўднаму чалавеку заўжды трэба жыць. Каб множыць дабро.
Яны ледзьве цягнулі ногі, цягнулі толькі таму, што трэба было яшчэ пабачыць царкву Пакрава на Нерлі. I ім зусім не хацелася гэтага, але ногі ішлі аўтаматычна. Трэба ж ім было кудысьці ісці.
Заржавелыя цыстэрны ля чыгуначнага палатна, бетонныя трубы, матляецца на ветры бялізна. Нерэалістычны пейзаж.
Хто ж ты ёсць, чалавек?!
Цьмянае сонца выплывала з-за хмар. З моста над галавою падалі ржавыя кроплі. I калі людзі прайшлі яго, уздых, як у дзіцяці пасля слёз, пашырыў лёгкія Андрэя.
Бясконцыя-бясконцыя лугі з лесам на ўскраіне далягляду ляжалі перад ім. Гусцела іхняя трава, як у тыя часы, калі выязджалі сюды на паляванне з празрыстым гукам рагоў і сакаліным палётам.
Зялёная трава, кураслеп рассыпаў па ёй сваё тлустае золата, і маленькія браткі падміргваюць сінімі вачыма. Але гэта не галоўнае. Там, на краі лугоў, зліўшыся з гэтым, молада-зялёным і залатым, уросшы ў гэты просты пейзаж, відзён зграбны-зграбны белы прамакутнічак са сціплым зялёным купалам.
Яны мімаволі паскараюць крокі. Царква плыве да іх, адрываючыся ад зямлі, як кветка, раскрытая небу, як неапалімая купіна, палаючая белым агнём.
Там-сям купы ліп падступаюць да яе. I вось бліжэй, і вось бачна ўжо сухая бяроза, што схілілася над старыцай.
— Што гэта? — уражана спытаў Андрэй.
— А гэта і ёсць тое, дзеля чаго варта жыць. Дзіва чалавечага генія.
Яна ішла поруч з ім, невысокая, з мяккімі шэрымі вачыма, у якіх ззяў зараз добры і чысты агонь захаплення.
Царква набліжалася.
Пэўна, нехта заўважыў іх маленькімі мурашкамі ў лугах і проста, бы ў свой дом, адчыніў ім дзверы. Быццам сама яна даверліва адчынілася ім.
Два вузкія перашыйкі паміж Нерлю і старыцай вялі да яе, і ў яснай, як сляза, вадзе старыцы плавалі струхлелыя чаўны, якія нельга было адрозніць ад старажытных.
Простая, зграбная, дасканалая на дасканалай зямлі, яна чакала іх, і вакол не было ані душы, быццам яна сама вырасла з гэтых лугоў і, зажурыўшыся, стаяла над княжычам, што загінуў тут на паляванні восем стагоддзяў таму.
"Пяшчотная мая!" — падумаў Андрэй, і камяк падкаціў яму да горла.
Ён не мог не думаць цяпер. I думкі былі балюча добрымі і ўзвышанымі.
"Я чэрствы і грубы, — думаў ён, — я не верыў, што можна плакаць, гледзячы на каменні. Я веру ў гэта цяпер. Птушкай ускінуся перад табою. Сірынам заспяваю, прыжмурыўшы вочы сярод маладых дрэў, Феніксам згару і ўваскрэсну з попелу".
Яны зайшлі ў сярэдзіну царквы. Нічога не было там: чыстыя белыя сцены, цішыня, святло, што падала невядома адкуль, квадратны алтарны камень.
Ніякіх украс, толькі львы з чалавечымі лікамі глядзяць з верхавін чатырох квадратных калон, і на іхніх вуснах застыла таямніча-сумная, хітраватая і зажмураная, усёразумеючая ўсмешка.
— Божа, — сказаў Андрэй, — я шукаў яе паўсюль, а адшукаў тут.
Праз вокны глядзеў у царкву дзень, спявалі пад ветрам лугі, а тут, зусім поруч, стаяла тая, што паказала яму ўсё гэтае дзіва, добры-добры друг, чалавек з растрапанымі валасамі, скручанымі на патыліцы ў вялізны цяжкі вузел.
Аб чым вашыя летуценні? Га, недарэчныя ільвы?
Строгі халадок даходзіў да самага сэрца, снежнае святло выціскала вільгаць з вачэй.
I гэтыя шэрыя вочы побач.
"Вось стану на дыбачкі, - думаў Андрэй, — адарвуся ад зямлі, павольна палячу туды, пад купал, купаючыся ў слупах белага святла. I гэты добры-добры чалавек поруч".
"Куды знікла зараза смерці? — думаў Андрэй. — Не, чалавек не звер на зямлі, калі можа ствараць такое. Стократ варта паходзіць ад такіх продкаў. Усім жыццём імкнуцца стварыць вешта падобнае. Можа, і не атрымаецца, але імкніся".
А жанчына поруч узняла руку і паправіла пасмачку валасоў.
"Усё паўторнае на зямлі, і толькі ты адна непаўторная, — думаў Андрэй. — Тысячы разоў яшчэ будуць праліваць кроў і крыўдзіць, але хто, хто наважыцца пырснуць чалавечай крывёю на гэтыя белыя каменні, запэцкаць тваю белую нявіннасць і чысціню?"
Яны зноў перайшлі парог і пабачылі бязмежныя залатыя лугі.
I Андрэй доўга яшчэ глядзеў на яе з лугоў.
I здарылася дзіва. Быццам нябачны горад явіў позіркам самы дасканалы свой твор, схаваўшы ўсё астатняе.