Вход/Регистрация
Казкi (на белорусском языке)
вернуться

Киплинг Редьярд Джозеф

Шрифт:

– Не, о браце мой, - сказаў Сулейман-iбн-Дауд, - гэтага не будзе, абяцаю табе.

I ён пакруцiў на пальцы пярсцёнак (толькi для таго, каб дапамагчы Матыльку, а не для таго, каб пахвалiцца сваёю ўсемагутнасцю), i як згледзець вокам чатыры вялiзныя Джыны ўзнiклi перад iм з-пад зямлi.

– Рабы, - сказаў Сулейман-iбн-Дауд, - калi гэты васпан, што сядзiць у мяне на пальцы (там сядзеў хвалько Матылёк), тупне левай пярэдняй нагой, зрабiце так, каб усчалася навальнiца, ляснуў пярун i гэты палац, i ўсе гэтыя сады згiнулi з вачэй, знiклi. А як ён тупне зноў, асцярожна пастаўце iх на ранейшае месца.

– Цяпер, о браце мой, - сказаў ён Матыльку, - iдзi да жонкi i тупай сабе на пацеху.

Матылёк падляцеў да жонкi, якая ўсё яшчэ крычала:

– Чаму ж ты не тупаеш? Тупнi! Ну, тупнi ж! Тупнi!

За агароджай, што акружала палац, Балкiда ўбачыла чатырох Джынаў i сказала:

– Нарэшце такi Сулейман-iбн-Дауд, каб уратаваць Матылька, зробiць тое, што даўным-даўно павiнен быў зрабiць, каб уратаваць самога сябе: утаймуе гэтых сварлiвых царыц.

Матылёк тупнуў нагою. Джыны падхапiлi палац i сады i знеслi iх па паветры за тысячу мiляў. Ляснуў страшэнны пярун, i неба зрабiлася чарнейшым за чарнiла. А Матылiха лятала ў цемры i крычала:

– О, я не буду болей сварыцца! I навошта я пад'юджвала яго! Мой каханы, мой любенькi муж, вярнi назад i палац i сады, i я нiколi болей не буду пярэчыць табе!

Матылёк i сам спужаўся не менш за сваю жонку, а Сулейман-iбн-Дауд гэтак рагатаў, што не мог нават адразу шапнуць Матыльку:

– Тупнi зноў, о браце мой, вярнi мне мой палац, о вялiкi чарадзей!

– Ага, вярнi яму палац!
– усклiкнула Матылiха, якая лятала ў цемры, нiбы начнiца.
– Вярнi яму палац i не займайся болей такiм жахлiвым чараўнiцтвам!

– Добра, дарагая, хай будзе так!
– сказаў Матылёк, стараючыся як мага паддаць сабе храбрасцi.
– От бачыш, што выйшла з таго, што ты прыдзiралася да мяне. Само сабой зразумела, што сам я нiколечкi не турбуюся пра тое, вернецца палац цi не, такiя рэчы для мяне не ўпершыню, але з павагi да цябе i да Сулеймана-iбн-Дауда я не пярэчу супроць таго, каб усё вярнулася на сваё месца.

I ён тупнуў яшчэ раз, i ў той жа момант Джыны без нiводнага штуршка паставiлi i сады i палац на ранейшае месца.

I ўсё было па-ранейшаму. Цёмна-зялёнае лiсце апельсiнавых дрэў ярка зiхацела на сонцы, фантаны пералiвалiся сярод пунсовых эгiпецкiх лiлеяў, птушкi спявалi, быццам нiчога i не было, а Матылiха ляжала на баку пад камфорным дрэвам. Крыльцы ў яе трымцелi, i, задыхаючыся, яна паўтарала:

– Даруй мне! Я болей не буду!

Сулейман-iбн-Дауд гэтак смяяўся, што ледзьве мог слова вымавiць. На яго напала iкаўка. Знемагаючы ад смеху, ён выставiў Матыльку палец i сказаў:

– О вялiкi чарадзей, што з таго, што ты вярнуў мне палац, калi ад смеху, да якога ты давёў мяне, давядзецца сёння ж легчы ў магiлу?

Тут пачуўся страшэнны шум, таму што з палаца выбеглi ўсе дзевяцьсот дзевяноста дзевяць царыц i пачалi прарэзлiва крычаць, i верашчаць, i клiкаць сваiх малых дзяцей. Яны беглi па мармуровай лесвiцы, што вяла ўнiз ад фантанаў, - сто жанчын на кожнай прыступцы.

Наймудрэйшая Балкiда велiчна выйшла наперад, сустрэла iх i сказала:

– Чаго гэта вы так перапужалiся, царыцы?

А яны стаялi на мармуровай лесвiцы - сто жанчын на кожнай прыступцы - i крычалi:

– Чаго мы перапужалiся? Ды гэта кожнаму зразумела! Бо мы жылi сабе пажывалi ў сваiм залатым палацы, i раптам наш палац знiкае немаведама куды, i мы трапляем у апраметную цемру, i над намi ляскае пярун, i Джыны i Афрыты шныпараць у цемры! Вось чаго мы перапужалiся, о царыца царыц, i мы неймаверна перапуджаны нашым перапудам, бо гэта сама страшэнны перапуд з усiх перапудаў, якiя давялося нам перажыць за ўсё наша жыццё.

Тады Балкiда, Найпрыгажэйшая царыца, сама любiмая з усiх жонак Сулеймана-iбн-Дауда, амаль гэтакая ж прамудрая, як сам Сулейман-iбн-Дауд, сказала:

– Нiчога асаблiвага не здарылася, о царыцы. Проста Матылёк паскардзiўся на сваю жонку, якая сварылася з iм, а Сулейману-iбн-Дауду захацелася навучыць яе лагодзе i пакорлiвасцi, ветлiвасцi i сцiпласцi, бо гэта лiчыцца добрымi якасцямi сярод жонак матылькоў.

I тады эгiпецкая царыца, дачка фараона, сказала:

– Наш палац нельга вырваць з коранем, як цыбулiну, для якой-небудзь нiкчэмнай казяўкi. Не! Сулейман-iбн-Дауд, мусiбыць, ужо сканаў, i зямля скаланулася ад гора, i ляснуў пярун, i на зямлю апусцiлася цемра.

Тады Балкiда, не ўзнiмаючы вачэй, павабiла да сябе пальцам гэтую непачцiвую царыцу i сказала ёй ды i ўсiм астатнiм:

– Вы можаце пайсцi i паглядзець.

Яны спусцiлiся па мармуровай лесвiцы шырокiмi шэрагамi - у кожным шэрагу была сотня царыц - i пад камфорным дрэвам убачылi прамудрага цара Сулеймана-iбн-Дауда, якi ўсё яшчэ знемагаў ад смеху. Цар сядзеў i кiваўся ўзад-уперад, i на адной руцэ ў яго была Матылiха, а на другой Матылёк. I царыцы пачулi, як ён кажа:

– О жонка майго брата, якi лятае па паветры, запомнi з гэтага часу i навекi, што ты павiнна дагаджаць свайму мужу ва ўсiм, iнакш ён раззлуецца i тупне нагою зноў, бо ён вялiкi чарадзей i вядзьмар i можа, калi яму прыйдзе ў галаву, выкрасцi палац у самога Сулеймана-iбн-Дауда... Дык жывiце ў згодзе вы абое.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: