Вход/Регистрация
Чорны павой
вернуться

Жук Александр Александрович

Шрифт:

Камар апрануў светлы адпрасаваны пінжак, які вісеў на спінцы крэсла. Ён ходзіць у касцюме, акуратным, адпаведна пасадзе і званню. Потым прыбраў са стала ў сейф да крыўднага тоненькую папку. У ёй былі матэрыялы пра крадзеж у людзей з хлявоў падсвінкаў, Цялят і нават гусей. Перадушылі ноччу ў цёткі гусей і вывезлі на машыне. Цяпер у яго — Камар лічыў, з насмешкай — перапытваліся: «Ну, як там твае гусі?»

Наогул Камар пачынаў падумваць, што яму не так ужо і не пашанцавала. Застаўся ў горадзе, нават кватэру атрымаў, на зайздрасць аднакурснікам, якіх размеркавалі па раёнах. Камар падумваў, што яны прытвараюцца, калі крыўдзяцца на свой лес, бо пасля запрашалі і на рыбалкі, і па грыбкі, адчувалі сябе там, «дома», гаспадарамі. Ён жа тут быў адзін са следчых у абласным упраўленні, прытым малады следчы. Сур'ёзнае справы яму за чатыры гады так і не траплялася, відаць, прайшлі тыя часы, калі з калгасных кантор выносілі сейфы з грашыма. Ды каб такое і здарылася, наўрад ці даверылі б такую адказную справу маладому следчаму. А так вось гусей шукай, якіх падпіўшыя жулікі ці хуліганы даўно з'елі.

Камар выйшаў з упраўлення. Сонца прыпякала, і не пашкодзіла б праехаць дзе-небудзь да вады, пакупацца. Але ехаць дадому пераадзявацца і тады дабірацца да возера не ставала часу. Выезд за горад Камар планаваў на выхадныя.

Ля пад'езда дома Камара чакаў Семежаў, і Камар падумаў, што планы ягоныя лопнулі.

Назаўтра Камар прачнуўся як звычайна. Праз акно шчодра свяціла сонца. Ён памкнуўся, каб рыўком ускочыць на ногі, але ўгледзеў Семежава, які хораша і нявінна спаў на раскладанцы пасярод пакоя.

Семежаў учора ўсё ж выцягнуў Камара вячэраць у «Ягадку» — параджэнне сучаснае архітэктуры і сучаснага рэстараннага густу. Зала хутчэй нагадвала танцпляцоўку, на якой наставілі столікаў. На пятачку грымеў электрычнай магутнасцю аркестр, выгіналася і абцалоўвала мікрафон салістка. Праўда, у зале курыць было забаронена, і курыльшчыкі выходзілі курыць на першы паверх, у хол. Але ўвесь дым падымаўся сюды, у залу.

Семежаў узяўся камандаваць, заказаў вячэру. За суседнім столікам жаночая кампанія адзначала дзень нараджэння сяброўкі. Кіравала імі белазубая, грудастая Вера Іванаўна. Пакрысе жанчыны расхрабрыліся, загудзелі, і Семежаў падабраў момант, запрасіў на танец чарнявенькую сімпатычную імянінніцу Наташу. Ён, мабыць, нешта нашаптаў Наташы ці жанчынам, бо на адзін з наступных танцаў Вера Іванаўна гулліва выцягнула танцаваць Камара і нават пачала пакрысе «спакушаць». Камар танцуючы паказваў кулак Семежаву, але той толькі пасміхаўся. Праўда, пад канец вечара было з чаго пасміхацца і Камару — калі падышла пара разыходзіцца дадому, кабеты неяк надзіва ж хутка працверазелі і ніякіх праважатых мець не хацелі, у тым ліку і Наташа.

Камар папхнуў раскладанку. Семежаў лыпнуў вачыма:

— Уставай, Наташа званіла.

— Якая Наташа?

— Тая, што не ваша.

— Ану іх!

— Чаго ты так?

— Курыцы сямейныя.

— Ладна, певень калгасны, пад'ём. Сёння на возера, бяром лодку і загараем.

— Ідзёць, Камарык!

Прапанова спадабалася Семежаву. Прыехалі яны на мора электрычкай пазнавата. Лодкі напракат разабралі, але Паша сумеў прарвацца «да мясцовага кіраўніцтва», і лодка знайшлася, са сцяжком выратавальнай службы.

Першую гадзіну адрабляў на вёслах Семежаў, і Камар зайздросціў і ягонаму загару, і тугім мускулам.

Камар цешыўся вадою, якая цурчала паўз барты лодкі, любаваўся возерам, стракатым пляжам і цішынёй, бо ведаў, што потым Семежаў не змоўкне да канца дня.

Потым на вёслы сеў Камар, а Паша адразу ж пачаў каменціраваць пляжную публіку, у асноўным жаночую. «Коля, глянь, як хораша ляжаць, як галубочкі!.. Якая каралева!» На шчасце, Семежаў не дамагаўся, каб Камар абавязкова глядзеў туды, куды хацелася яму. Гадзіна здалася Камару бясконцай — пот засцілаў вочы, а на руцэ ўсхапіўся і лопнуў мазоль. Але толькі праз гадзіну Семежаў дазволіў Камару прычаліць да невялікага астраўка пасярод возера.

І пакуль той адсопваўся, выцягнуў на бераг лодку, разаслаў на траве коўдру. Потым яны «смажыліся», плавалі, абедалі, зноў плавалі і проста драмалі, нібы зліваліся з травой, востравам, пахам травы, вады, возера…

Праўда, пасля другога перакусвання Семежаў не вытрымаў больш, перабраўся ў цянёк і соладка засоп.

Дадому выбраліся адвячоркам, калі спала гарачыня. Цела прыемна пашчыпвала, але яно было лёгкае, пругкае, памаладзелае ад вады і сонца.

Камар нават ужо не звяртаў увагі на тое, што тараторыць Семежаў, і не здзівіўся, калі ён пацягнуў яго да дзвюх дзяўчат, якія стаялі на абочыне дарогі, чакалі спадарожную машыну.

На здзіўленне Камара, старэйшая з дзяўчат, прыгожая, загарэлая, усміхнулася Семежаву, нават першая здалёк працягнула руку. І на твары яе была шчырая радасць, жаданне бачыць яго:

— Пашка! Адкуль ты тут?

Яна нават прытулілася да яго на нейкае імгненне.

— Валька! Каго я бачу!

— А ты не мог знайсці мяне?

— Я пісаў у тваю школу. Там ніхто не ведаў, куды ты прапала. Дзе ты цяпер? У школе?

— Ну ты што? Потым раскажу.

— А жывеш як? Замуж выскачыла?

— Паглядзіш, як жыву. А замуж?.. Цябе чакаю, — пажартавала яна.

— Знаёмся, аднакурснік мой былы, Мікола. Грозны сышчык Мікола Камар.

Валя падала руку Семежаву, назвала сваю напарніцу:

— Алёна, разам робім.

Алёна была маладзейшая за сваю сяброўку, не гэтакая выгледжаная, але па-свойму прыгожая той натуральнай маладой прастатой, якой не трэба яшчэ прыхарошвацца, умець паказваць сябе.

— Ну што, у горад, дзяўчаты? А на вечар «Свіцязь» асвоім ці яшчэ што? — прапанаваў Семежаў і падхапіў Валіну сумку. Камару не асталося нічога, як узяць сумку Алёны.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: