Жук Александр Александрович
Шрифт:
Туманоўскі пастукаў ціха, потым мацней, пастаяў, паслухаў. Цішыня панавала такая, што было чутно нават, як адчыніліся дзверы з хаты ў сенцы.
— Вера, адамкні, гэта я, Туманоўскі.
— Ты, Іванка? Шахнула замыкла.
Вера першая вярнулася ў хату, пратупала цераз кухню ў зал і выйшла адтуль да Туманоўскага ўжо ў сукенцы.
Гэта была вясковая старэнькая бабка з цёмным маршчыністым тварам, сівымі валасамі.
— Бач, як састарэла я. Даўно мы не бачыліся.
— Не маладзець, а старэць і далей будзем, — толькі і знайшоўся адказаць Туманоўскі.— Маю тыдні два. Думаю, прыеду, пагасцюю. На Міхаілаву магілу зайду.
— Зараз я табе перакусіць чаго гляну. Ты ж з дарогі.
— Не трэба.
— На газе хутка, ты прысядзь.
Туманоўскі прысеў на табурэтку, выцягнуў ногі. З непрывычкі яны аж гудзелі ад хадзьбы.
Потым Туманоўскі вячэраў, а Вера ціха расказвала яму пра сваё:
— Пчол прадала: няма каму глядзець. Хаджу пакрысе на работу. Карову дзяржу, хоць цяжка, але дзяржу. Думаю, можа, хлопец сюды з арміі вернецца меншы. Хай бы тут аставаўся, не ехаў у гэты горад.
Паслала спаць Вера Туманоўскаму на ложку пры акне. Цела гуло ад стомленасці, халодная бялізна прыемна студзіла яго. Але не засыналася. Замінала цішыня. Ён усміхнуўся, рады гэтай разгадцы, і адразу ж пачаў нібы апускацца ў цёплы малочны туман… Але апусціцца так да канца і не змог, прахапіўся ад утробнага рову на вуліцы, зірнуў у акно: пры месячным святле мільгнулі белыя шлемы. Матацыклісты кучаю праляцелі па вёсцы, падняўшы пылу, як чарада кароў, і маторы доўга былі яшчэ чутны за вёскай у палявой цішыні, нудныя, як цыркулярная піла.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
пра здарэнне ў горадзе, якое не мае пакуль што дачынення да Туманоўскага.
Малодшы сяржант Іванчык паволі ішоў па набярэжнай. У гэтым раёне ён апынуўся выпадкова, не па службе. Тут ён хадзіў, калі патруляваў разам з дружыннікамі. Але то была работа. А цяпер ён глядзеў на высаджаны паўз рэчку сквер. За скверам, цераз вуліцу, стаялі новыя дамы, а ў двары ў іх пааставаліся старыя сады, якія прыгожа цвілі вясной.
Раён ціхі, на ўсю вуліцу адзін бар. Публіка збіралася ў яго не тая, што круціцца ля розных там «гадзючнікаў».
Пайсці ў міліцыю Іванчыка ўгаварыў пасля арміі сусед. Ён служыў у ДАІ і пераконваў, што лепшай работы, чым служба ў міліцыі, быць не можа. Ён і дапамог Іванчыку. Пакуль што Іванчык жыў на кватэры ў цёткі, чакаў месца ў інтэрнаце. Пасля строгае ваеннае дысцыпліны ён цешыўся сваёй самастойнасцю, вялікім горадам, які быў для Іванчыка прываблівым і загадкавым.
Калі прызнацца шчыра, то Іванчыка цікавілі і гэтыя гарадскія хлопцы ў туга абцягнутых на сцёгнах джынсах, рослыя, дагледжаныя, якія цэлымі вечарамі маглі сядзець у барах, нібыта гэта была ў іх галоўная работа. І дзяўчаты былі пад іх — гэтакія ж выгледжаныя, з аголенымі рукамі і спінамі. Яны адчувалі сябе гаспадарамі і на міліцэйскі нарад не звярталі ўвагі, толькі злёгку касавурыліся. Прыходзілі і кампаніі дзяўчатак па дзве-тры, сядзелі цэлыя вечары за столікамі, пастрэльваючы вачыма. Да іх падсядалі таксама джынсавыя, але ўжо лысаватыя і таўставатыя, нібы крыху пакамечаныя кавалеры і заказвалі кактэйлі… І хоць розніца ў гадах у паненак і кавалераў была дабраватая, але перад закрыццём бара дзяўчаткі выходзілі разам з новымі кавалерамі пахіхікваючы. Праз некалькі дзяжурстваў Іванчык заўважыў, што дзяўчаткі былі прыкладна адны і тыя ж і што кавалераў яны мянялі даволі лёгка і ўсё пахіхіквалі…
Але найбольш уразіла Іванчыка барменша. Не пажылая, стомленая жанчына, пры якой у бары не адважваліся курыць, не грымела з магнітафона музыка, якая «забівала» залу так, што хоць крычы, як у лесе, а маладая, белавалосая, якую многія проста звалі Валечка. Яна быццам не чула гэтае «Валечкі», зеленаватыя вочы глядзелі спакойна і роўна, крышку скрозь цябе. Толькі маглі варухнуцца вусны, як у царыцы.
Часам яна выходзіла з-за стойкі, і то, здавалася, дзеля таго, каб паказаць сваю царскую паходку. Іванчыка яна запомніла, віталася, калі ён заходзіў у час дзяжурства, але вочы глядзелі паўз яго, не заўважалі, не бачылі.
Адна з дружынніц, якая жыла ў гэтым раёне, пажаноцку раўніва і зайздросна фыркнула:
— Каралева з рыбінымі вачыма! На таксі на работу пад'язджае, дык думае, што каралева.
Дзяўчына была таўставатая, непрыгожая, і ёй, мабыць, таксама хацелася прыязджаць на работу на таксі.
Іванчык не хацеў прызнавацца, што з-за гэтае барменшы ён і зараз, нібыта гуляючы, ідзе да бара. У вымытай адпрасаванай новенькай рубашцы, ён падабаўся сам сабе, калі, выходзячы з дому, зазірнуў у люстра.
У зале ў кутку сядзелі дзве падпітыя красуні і пры іх два цвярозыя хітраватыя кавалеры. У другім канцы залы, дзе былі дзверы ў пасудамыйку, за столікам сядзела беленькая худая дзяўчынка з ярка падфарбаванымі губамі, у светла-ружовай сукенцы, вузенькія шлейкі якой цудам не спаўзалі з плеч. Сукенка ледзь-ледзь прыкрывала маленькія грудзі. З краю сядзеў сярэдняга росту таўсматы малады хлопец з каротка астрыжанай, «вожыкам», галавой, падобны з выгляду на баксёра. Ля дзяўчыны чуць адкінуўся на спінку крэсла малады мужчына з роўнаю лысінай і доўгімі, вычасанымі на вушы і на плечы валасамі, паверх рубашкі вясёлкава ляжалі на плячах падцяжкі. І барменша бачком прысела да гэтага століка, перад ёй таксама стаяў бакал.
Іванчык падышоў да стойкі, Валя толькі раз коратка зірнула на яго, нават не на яго, а некуды вышэй і збоку, як заўсёды, больш нават і вокам не павяла, працягвала гаварыць, потым устала, адчыніла дзверы і хутка была за стойкай, не спыталася, а толькі падняла голаў на Іванчыка. Вочы глядзелі недзе паўз плячо і не бачылі яго. Не, не прывычнае раўнадушша было ў гэтым паглядзе, а пагарда.
Калі не да яго асабіста, то да такіх, як ён, па другі бок стойкі, якая, як барыкада, аддзяляла іх. Іванчык адчуў, што ў грудзях у яго пачынае падымацца злосць.