Жук Александр Александрович
Шрифт:
Туманоўскі прыглядаўся, адкуль можна было высачыць Міхаіла. У кустах пад нагамі слізка ад расы, і торф наліпаў на чаравікі. Тут жа ляжала ўтаптанае ў гразь ламачча, далей, мабыць, зусім пачыналася гразь ад крынічак, якія яшчэ варушыліся ў гэтай лагчыне пад кусцікамі.
Туманоўскі пачуў, што ззаду, гэтак жа, як у яго пад нагою, бразнула бляшанка, скочыў уперад, рэзка завярнуўся, але нагу працяў боль, і ён ляпнуўся вобзем.
Нейкі час ляжаў нерухома, прыслухоўваўся, расплюшчыў вочы — зірнуў. Адно шкло акуляраў было залеплена граззю, другім вокам Туманоўскі ўбачыў сівае барадатае стварэнне, якое спачувальна глядзела на яго сумным спагадлівым вокам, нахіліўшы голаў.
— Гэта ты!..
Туманоўскі гэтак падхапіўся насустрач свайму ворагу, што той спалохана мэкнуў ад нечаканасці і крыўды, гэцнуў убок і даў дзёру.
Пасля Туманоўскі доўга выціраў сваю фацэтную штармоўку ад балотнае руды, чысціў штаны, і толькі пасля, накульгваючы на падвярэджаную нагу, цераз пляцы падаўся да хаты.
Вера, як угледзела яго, аж рукамі ўспляснула.
— А божачкі, што з табой, Іванка?
— Нічога, вот паслізнуўся…
— Раздзявайся… Вой, вой… Я перапаласну, пакуль не засохла руда гэтая.
Толькі за снеданнем Туманоўскі адважыўся запытацца:
— А хто гэта ў вас коз дзяржыць?
— Коз? А, гэта Аляксандр канцавы. Каб жа хоць казу, а то казлішчу. Ён, каб здох, за ім следам цэлы дзень, як сабачка, бегае, а ноччу, як чорт які,
сноўдаецца. І ваўка на яго няма. Прыстроіцца ўслед за чалавекам, адале як мэкне, утрупець можна. Цябе не напужаў?
— Не, — пакруціў галавой Туманоўскі, але бачыў, што Вера яму не паверыла і старалася, каб не засмяяцца.
Усё ж пасля снедання настрой у Туманоўскага палепшаў. Дзень устаў ясны і сонечны. Памытае Верай адзенне сохла на плоце, чаравікі на ганку. Туманоўскі ў прыкараткіх Міхаілавых штанах і ягонай сарочцы спачатку падправіў плот ад вуліцы, а потым заняўся рамонтам веласіпеда. Тэхніка яму магла спатрэбіцца, бо да цэнтра калгаса сем кіламетраў.
Палуднаваў Туманоўскі наварыстым маладым баршчом і пасля абеду не ўтрымаўся, задрамаў на пару гадзінак, а вечарам з Вераю позна глядзеў тэлевізар. Пра далейшы росшук думак ніякіх пакуль што не ўзнікала. Назаўтра ён зрабіў самае элементарнае — пайшоў да аўтобуса, каб з'ездзіць у райцэнтр, паглядзець медыцынскае заключэнне.
Новенькі «пазік» прывёз Туманоўскага ў райцэнтр недзе праз гадзіну. У гарадскім пасёлку была асфальтаваная цэнтральная вуліца, а хаты патаналі ў раскошных садах. Усё былое мястэчка хораша аглядалася з цэнтральнае плошчы, якая якраз і ляжала на самым большым узгорку. Але мястэчка было і тое, якое памятаў Туманоўскі, і не тое, якое яны штурмавалі перад вызваленнем да прыходу армейскіх падраздзяленняў.
Туманоўскі прыпыніўся перад невялікім атынкаваным шэрай тынкоўкай двухпавярховым будыначкам з шыльдамі абапал дзвярэй. Тады домік гэты быў, здавалася, самы большы і галоўны на плошчы, з чырвонае цэглы, старое, купецкае яшчэ кладкі. З гэтага доміка на Туманоўскага вочы ў вочы зірнула смерць. Ён потым спазнаў франтавыя дарогі, ляжаў паўгода ў шпіталях пасля мінамётнага ранення, і апошні асколак яшчэ не выйшаў з параненае нагі,— а смерць ніколі не бачыў гэтак блізка, ва ўпор. Яна глядзела на яго аўтаматным ствалом, потнаю і круглаю шчакой і востра прыплюшчаным вокам. Ён толькі адчуў, што не ўспее падняць карабін — аўтаматная чарга перарэжа напал. Ён міжволі заплюшчыў вочы, калі пачуў трэск першага стрэлу.
Стрэліць немец не паспеў. Стрэліў Міхаіл Кухта.
Туманоўскі пачуў, як бразнуў аб брук аўтамат. Потым ён прыходзіў паглядзець на таго немца.
Вяртаўся Туманоўскі з райцэнтра адвячоркам, пасля таго, як абышоў, агледзеў пасёлак. Заключэнне было кароткае, лаканічнае, сумнявацца ў ім не выпадала — інсульт, які даўно наспяваў у бадзёрым, але старэчым ужо арганізме. Цяпер толькі і сам Туманоўскі ўспамінаў, што Міхаіл жаліўся на тое, што часта баліць галава.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
пра сышчыкаў, якія загараюць.
Лейтэнант Камар зняў трубку і пачуў насмешлівы, як некалі ў студэнцтве, вясёлы голас Семежава:
— Прывет, Камар! Звініш? Я тут на выхадныя выбраўся ў сталіцу, забягу да цябе. Дасі прытулак аднакурсніку?
У час студэнцтва Камар не быў надта блізкі з Семежавым, ды і той з ім таксама. Аднак пасля, калі Камар астаўся ў абласным упраўленні, а Семежава размеркавалі ў раённы цэнтр, Семежаў часам пазвоньваў Камару.
Стройны і чарнявы Паша быў з тых студэнтаў, у якіх клопат узнікаў толькі два разы на год — «перажыць» сесію. Астатні час ішоў весела, па-студэнцку. Камар жа з тых, якія не толькі акуратна наведвалі заняткі, але сур'ёзна канспектавалі ўсе лекцыі, пунктуальна рыхтаваліся да ўсіх семінараў. Выкладчыкі лічылі іх сталымі і сур'ёзнымі людзьмі, многім з іх прарочылі надалей навуковую кар'еру, а наконт перавагі пры размеркаванні не ўзнікала і сумнення.
Паведамленне Семежава пра тое, што ён прыедзе на выхадныя, вялікага энтузіязму Камару не надало. Ён знаў кіпучую дзейнасць Семежава пры арганізацыі выхаднога адпачынку, але адмовіць не выпадала.