Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
— Зноў у нас бяда. Аднаго труса няма. Дзевяць засталося. Уночы, відаць, укралі.
— Можа, ты памыліўся? — засумнявалася Рая. — Давайце яшчэ раз палічым.
Косця аж пачырванеў.
— Не верыце мне? Не верыце? Тады чытайце.
Косця выхапіў з кішэні лісток, працягнуў Раі. Рая ўзяла лісток, разгарнула.
На лістку нязграбнымі друкаванымі літарамі было напісана: «Труса ўзяў я. Калі вырвеце школьныя буракі, вярну яго жывым і здаровым. Не паслухаецеся мяне — застануцца рожкі ды ножкі. Я не жартую».
Мы моўчкі пераглянуліся. Гэта ж ультыматум! Шантаж! Бач, да чаго гэты пісака дадумаўся! На буракі нас пасылае. На гэтым тыдні старшакласнікі ўжо рвалі буракі на школьным полі. Але пяць радкоў нявырванымі засталіся. Здагадаўся, куды нас паслаць.
Я ў роспачы махнуў рукою.
— Вельмі ён разумны. Няхай сам ірве буракі.
— Не крычы, Максім, — прагаварыў Дзяніс. — Нам трэба спакойна разважаць. Давайце падумаем: чаму ён нас на школьнае поле выпраўляе?
Задумаліся мы. І праўда, чаму? Чаго ён гэтым дамагаецца?
Стаім мы, думаем, а з-за «Казачнага дамка» Андрэй Скварцоў выбягае.
— Вы яшчэ не кармілі трусоў? Дапамагчы вам? Яшчэ яго тут не хапала. Узлаваўся я.
— Кыш адгэтуль! Круцяцца розныя пад нагамі. Павярнуўся Андрэй і знік за рогам дамка. А мы думаем, думаем. У мяне ажно галава разбалелася.
— Проста пажартаваў нехта, — махнуў рукою Ігар. Рая не пагадзілася.
— Гэты нехта труса ўкраў. Так не жартуюць. Сапраўды, так не жартуюць. Хітрун гэты злодзей.
Можа, яму наш трус і не патрэбен. Калі б быў патрэбен, то запіску не пісаў бы. З'еў бы цішком — і ўсё.
— Дзяніс, — крычу я. — Ен хоча школьныя буракі забраць. Мы ўдзень вырвем, а ён уночы забярэ.
Дзяніс пачухаў патыліцу.
— Відаць, так. Я згодны з Максімам.
— Трэба да Мікалая Аляксандравіча бегчы, — усхапілася Рая. — Яму ўсё раскажам.
— Не спяшайся бегчы, — спыніў Раю Дзяніс. — А калі той нехта сапраўды пажартаваў? Што тады? Зноў нас на смех падымуць? Не, мы не так зробім.
— Правільна. Зробім па-іншаму, — падтрымаў я Дзяніса. — Гэты пісака з нашай вёскі. Пойдзем па хатах і пашукаем нашага труса.
— Глупства, — скрывіў вусны Дзяніс. — Глядзі, каб з дзеркачом цябе не пагналі. У нашай вёсцы трусоў многія трымаюць. І на хвасце ў ніводнага з іх не напісана, чый ён.
Праўду Дзяніс кажа. Не пазнаем мы свайго труса. Толькі абняславімся. Што рабіць? Як знайсці злодзея?
— Чаго насы павесілі? — прагаварыў Дзяніс. — Есць у мяне адна задума. Пойдзем заўтра на поле, вырвем буракі, а вечарам папільнуем. Злодзей абавязкова прыедзе. Тут мы яго і схопім за каўнер.
Усё-ткі ўмее Дзяніс разважаць, нездарма матэматыку лепей за ўсіх у класе ведае.
Прыдумаў ён добра, вельмі добра! Ноч, цемра, а мы злодзея пільнуем. Хіба не цікава? Трапіць заўтра злодзей у нашы рукі, абавязкова трапіць, нідзе не дзенецца. Нам за гэта, магчыма, па медалю дадуць. А калі не медалі, то гадзіннікі з надпісам абавязкова.
Дзяніс уважліва паглядзеў на нас.
— Можа, хто баіцца?
Мы, як па камандзе, міжволі зірнулі на Раю. Рая пад нашымі поглядамі сумелася, але цвёрда сказала:
— Я не баюся. Я з вамі…
— Заўтра ў дзевяць нуль-нуль збіраемся на полі,— сказаў Дзяніс. — Каб не пазніліся. Як казаў Мікалай Аляксандравіч? Бярыся дружна — не будзе грузна. Пытанні ёсць?
— Я аднакласнікаў паклічу, — падняў руку Косця. — Няхай яны памогуць.
— Без іх справімся, — як адрэзаў Дзяніс. — Хутка па ўсёй вёсцы раззвоніце, што злодзея ловім.
Косця апусціў галаву.
— Можа, яшчэ прынясуць нашага труса? Давайце пачакаем…
— Што, спалохаўся? — пацвяліў я сябра. — Тады сядзі на печы і грэй плечы.
— Ды не спалохаўся. Проста… — уздыхнуў Косця.
— Неяк дзіўна выходзіць, — сказала Рая. — Нас у звяне многа, а мы не можам трусоў упільнаваць. Відаць, праўду людзі кажуць: дзе нянек многа, там дзіця без носа.
Будзе і на нашай вуліцы свята
На другі дзень, у нядзелю, давялося з раніцы ісці на школьнае поле. Вядома, хацелася пабыць дома, адпачыць, пагуляць на вуліцы. І даўжэй паспаць таксама хацелася. Але, як гаворыцца, на хаценне ёсць цярпенне.
На поле я прыйшоў разам з Дзянісам, Ігарам і Раяй (па дарозе іх сустрэў). А Косця апярэдзіў усіх. Ен ірваў буракі і кідаў іх у горбы.
— Максім, ты ідзі да Косці, ірві з ім буракі,— сказала мне Рая. — Мы будзем чысціць.