Вход/Регистрация
Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

А яны ў адзін голас:

— Ты заўсёды наперад лезеш. Заўсёды там, дзе лепей.

Ледзь супакоіў іх Косця. Паабяцаў, што другім разам возьме.

Калі крыху суцішылася ў класе, Косця паклікаў мяне, Ігара, Дзяніса, Раю і сказаў:

— Каб праз гадзіну каля фермы былі.

— Я праз паўгадзіны прыйду, — кажу Косцю. Косця паклаў мне руку на плячо.

— Макс, пакорміш трусоў, калі будзеш ісці на ферму. Табе па дарозе. Травы мы нарвалі. У кашах стаіць.

— Пакармлю, — пагадзіўся я.

Узяўшы партфелі, мы пабеглі дамоў. Дома я застаў тату (ён якраз на полудзень прыехаў).

— Добра, што ты прыйшоў,— узрадаваўся тата, убачыўшы мяне. — Сядай за стол. Разам папалуднуем.

За стол я заўсёды хутка саджуся. Два разы мяне запрашаць не трэба.

Сеў я за стол. Тата мне супу ў талерку наліў. Ем і хвалюся тату:

— Нас на канюшыну пасылаюць. На кані канюшыну павязём.

— А вы ўмееце каня ў воз запрагаць? — пытаецца тата.

Сапраўды… Я і не падумаў. Вось дзіва! Умею на маторным веласіпедзе катацца, нават трактар умею заводзіць, а каня ні разу ў воз не запрагаў. Дый амаль не ведаю, з якіх частак гэты воз складаецца. А веласіпед дык, як гаворыцца, з заплюшчанымі вачамі магу разабраць і сабраць. Дзіўна. Просты сялянскі воз, а не ведаю, з чаго складаецца. Калёсы, аглоблі, восі ў возе ёсць. А яшчэ што? Трэба ў таты запытацца.

— Тата, з чаго воз складаецца?

— З чаго… Хм, з чаго, — прагаварыў тата. — Ну, аглоблі ёсць, да аглобляў атосы мацуюцца.

— Якія атосы?

— На восі яны надзяюцца. З такога тоўстага дроту зроблены, — растлумачыў тата. — А яшчэ ў возе ёсць вузвалак, падушка…

— Тата, ты не смейся. Хто падушку на воз кладзе? Зараз скажаш, што на возе і пярына ёсць.

Тата паківаў галавою, паглядзеў на мяне ўважліва.

— Я ў твае гады ўжо за плугам хадзіў, поле араў. А ты не ведаеш, з чаго воз складаецца.

Не разгубіўся я, кажу тату:

— Тата, ты таксама вінаваты. Трэба было раней пра гэта расказаць.

Уздыхнуў тата:

— Я не дзеля смеху казаў. Есць у возе падушка. Спераду. На ёй вузвалак ляжыць. Адгэтуль такая назва пайшла — падушка.

Тата тлумачыць, а я анічога не разумею. Падушка… На ёй вузвалак ляжыць… Якая падушка? Дзе ляжыць? Які вузвалак? Вось каб воз быў, каб на свае вочы ўсё гэта ўбачыць — тады адразу зразумеў бы. Але воз у кватэру не зацягнеш.

— Тата, цяпер раскажы, як каня ў воз запрагаць?

— Надзенеце аброць, хамут. Хамут засупоніце. Ага, пра дугу і сядзёлак не забудзьцеся…

«Не, — думаю, — вельмі доўга будзе тата расказваць. Як-небудзь запражэм каня, скумекаем. Усё-ткі пяцёра нас».

— Добра. Я ўжо ведаю, — кажу тату. — Мне яшчэ трусоў трэба пакарміць. Я пайду.

— Ідзі,— сказаў тата.

«Казачны дамок» мы ніколі не замыкалі. Вунь колькі разоў на дзень трэба трусоў карміць! Кожны раз не наадмыкаешся. Але дзверы заўсёды былі зачыненымі. На адной сцяне мы нават таблічку павесілі: «Пакарміў трусоў — зачыні дзверы».

А цяпер… Цяпер я ўбачыў, што дзверы адчынены насцеж. Здзіўлены, я зайшоў у «Казачны дамок». А дзе ж трусы? Ніводнага труса не відаць. Дзе яны падзеліся?

Я праверыў кожны куточак. Няма. Зазірнуў у клеткі. І ў клетках няма. Укралі…

Я хацеў паклікаць Вольгу Пятроўну, Мікалая Аляксандравіча. Няхай у міліцыю пазвоняць, няхай шукаюць, пакуль не позна. Ды ўспомнілася, як усе гэтыя дні не шанцавала мне, як шыварат навыварат выходзіла.

«Сем разоў адмерай, а адзін раз адрэж», — нагадаў, як вучыла мяне мама.

Я сеў на парозе і пачаў разважаць: «Хіба можна пятнаццаць трусоў сярод белага дня ўкрасці? Вядома, не. Напэўна, кудысьці павёз іх Мікалай Аляксандравіч. Магчыма, да ветэрынарнага фельчара, на праверку. Нават сабак і катоў на праверку возяць. Фельчар раскажа Мікалаю Аляксандравічу, ці правільна развіваюцца нашы трусы. А я крыку нараблю, што ўкралі. Будзе смеху… Не, пакуль памаўчу. Ад пустога звону карысці нікому».

Ад парога падлогу не мятуць

Гэтак разважыўшы, я пайшоў на ферму. А каля фермы мае сябры лавілі, як казаў Пеця, спакойнага Гноміка. Уперадзе, размахваючы аброццю, бег Косця, за ім, цягнучы за сабою лейцы, — Ігар, за Ігарам — Рая з сядзёлкам у руках, і апошнім — Дзяніс. Дзянісу цяжэй за ўсіх прыйшлося. Ен бегаў з хамутом. А Гномік, распушыўшы хвост, насіўся кругамі каля фермы.

— Стой! — крычаў Косця.

— Кося, кося, — клікала Рая.

— Тп-р-ру, тп-р-ру, — выводзіў губамі Ігар.

А ў Дзяніса, відаць, ужо і сілы для крыку не было. Ен бег, цяжка сапучы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: