Вход/Регистрация
Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Не аддам зайчыка!

Я хацеў падняць гэтага малога з зямлі, а ён як завішчыць:

— Мамцы скажу!

«З гэтым давядзецца паваяваць, — падумалася. — Проста так ён не здасца. Як падступіцца да яго?»

— Як цябе зваць? — пачынаю здалёку.

— Тадзік, — шморгае носам малы.

— Тадзік, а чаму я цябе не ведаю?

— Я з горада да бабулі прыехаў.

— Тадзік, аддай труса.

— Не аддам. Гэта зайчык. Я яго злавіў. Я буду плакаць.

— Тадзік, гэта не зайчык. Зайчыка ты не зловіш. Зайчык хутка-хутка бегае.

— А я злавіў.

— Тадзік, зайчыкі ў лесе жывуць. Хіба яны бегаюць па балоце?

Хвілінку падумаў Тадзік, а потым:

— Гэтыя зайчыкі дарогу пераблыталі.

«Трэба больш рашуча дзейнічаць, — думаю. — Яго не пераканаеш».

— Тадзік, аддай труса. Я цябе за гэта на возе пакатаю. Разам у вёску паедзем. Калі мне не аддасі труса, то наш настаўнік яго ў цябе забярэ, і тады на возе ты не паедзеш.

— Пусціш на воз? Не хлусіш?

— Пушчу. Я табе і лейцы дам. Будзеш сам кіраваць.

— Бяры, — уздыхнуў Тадзік і працягнуў мне труса. Пакуль я вось гэтак гутарыў з Тадзікам, мае сябры ўсіх трусоў у малых забралі. Тыя малыя былі не такімі ўпартымі, як гэты Тадзік.

Пасадзілі мы трусоў каля воза. Прыціснулі яны вушы, у купку збіліся. Дасталося ім ад малых.

— Давайце трусоў на воз пасадзім, — кажа Ігар. — На возе ў школу завязем.

— Пападаюць з воза, — кажу Ігару. — Лепей перад сабою пагонім. А Дзяніс мне:

— Паразбягаюцца. Гэта не гусі, якіх можна з дубцом гнаць.

— Трэба малых папрасіць. Малыя занясуць, — сказаў Косця.

— Не, — кажу. — Гэтых малых зноў прыйдзецца лавіць.

Пакуль мы вось так разважалі, на балота прыехаў Мікалай Аляксандравіч.

Мікалай Аляксандравіч прыехаў на матацыкле, на такім, што з каляскаю, і не адзін, а з міліцыянерам. Вясёлы трапіўся міліцыянер. Калі мы расказвалі, як лавілі на балоце трусоў, ён смяяўся:

— Дэтэктыў! Сапраўдны дэтэктыў! Знарок не прыдумаеш!

А Мікалай Аляксандравіч нечага хмурыўся. Потым кажа:

— Каня на ферму завядзіце. Нам далі, каб канюшыну прывезлі, а вы на ім трусоў ездзіце лавіць.

— А трусоў куды? — спытаўся я.

— Да мяне ў каляску пасадзіце, — прапанаваў вясёлы міліцыянер.

Мы пасадзілі трусоў у каляску. Усіх, дзесяць.

— Цеснавата ім будзе, — заўважыў Косця.

— Даедуць, — усміхнуўся вясёлы міліцыянер.

Ен зашпіліў скураны верх у калясцы, сеў з Мікалаем Аляксандравічам на матацыкл і паехаў у вёску.

— Усё-такі пашанцавала нам, — сказаў я. — Пазнаходзілі трусоў.

— Пашанцавала, — уздыхнуў Дзяніс. — Трапіцца і сляпой курыцы зярнятка знайсці.

Дзе нянек многа, там дзіця без носа

Мінуў тыдзень. Гэты тыдзень мы пражылі як звычайна: хадзілі ў школу, сядзелі на ўроках, кармілі трусоў. Мне, шчыра прызнацца, гэткае жыццё не вельмі падабалася. Пэўна, таму, што прывык, каб было з прыгодамі.

Я з нецярпеннем чакаў суботы, бо адчуваў, што ў суботу павінна штосьці здарыцца. Вы ўжо, напэўна, заўважылі, што менавіта ў суботу ў нас здараецца штосьці незвычайнае.

І я не памыліўся. Пасля ўрокаў мяне, Дзяніса, Ігара і Раю паклікаў Косця:

— Хадзем на двор. Нешта раскажу.

«Вось і завязка новай прыгоды», — падумаў я.

Яшчэ на ўроках я заўважыў, што Косця не такі, як заўсёды: сядзіць за партай як на іголках, галавою круціць, то на мяне, то на Ігара, то на Дзяніса, то на Раю пазірае.

«Нешта Косця ведае», — здагадаўся я.

На перапынках я ад яго не адыходзіўся, спадзяваўся, што ён сваё нешта раскажа. Але дарэмна. Косця быццам язык праглынуў. Нарэшце я не вытрываў, запытаў: «Косця, што здарылася?» Косця чамусьці спалохана зірнуў на мяне: «Потым скажу. Пацярпі».

Давялося цярпець. Апошнім урокам у нас была родная літаратура. Сяджу, за Косцем цікую, а ён зноўку: то на мяне, то на Ігара, то на Дзяніса, то на Раю пазірае. Валянціна Іванаўна хацела яму ў дзённік заўвагу напісаць, ужо ўзяла дзённік, але Косця выкруціўся: «Валянціна Іванаўна, я сёння дзве пяцёркі атрымаў. Нядобра будзе, калі пяцёркі і заўвага побач».

Засмяялася Валянціна Іванаўна: «Забірай дзённік. Але другі раз не дарую».

Мы выйшлі на двор. Прывёў нас Косця да «Казачнага дамка» і кажа:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: