Вход/Регистрация
Меч князя Вячкі
вернуться

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Ён нанёс магутны ўдар кап'ём. Так ярасная маланка б'е ў дубы. Але князь Вячка, які яшчэ юнаком гуляў з каменнямі-жарнавікамі, узнімаючы іх на грудзі і шпурляючы на пятнаццаць локцяў, сустрэў удар шчытом. Шчыт быў з трох слаёў бычыных шкур, сцягнутых металічнымі пласцінамі, і ўсё-такі кап'ё праламала яго, прашыла наскрозь, нібы яечнае шкарлупінне.

Гэты ўдар, у які тэўтон уклаў столькі сілы і страсці, дорага каштаваў яму, бо кап'ё засела, завязла ў шчыце, быццам трапіла ў пашчу дракона.

Вячка размашыста, ва ўпор кінуў сваё кап'ё ў тэўтона. Кап'ё збіла шлем, і тэўтон пахіснуўся ў сядле. Правай рукою Вячка ў імгненне вока выхапіў з похваў меч, ударыў па кап'ю праціўніка, перасек дрэўка. Тады і тэўтон схапіўся за меч. Сутыкнулася лязо з лязом, іскры пасыпаліся, як чырвоны дождж. Ярасць коннікаў перадалася коням. Белая пена клубілася ў іхніх ноздрах. Яны ржалі, храплі і кусалі адзін аднаго.

Улучыўшы момант, Вячка разбітым шчытом ударыў тэўтона па галаве і адначасова клінком мяча пырнуў яго ў грудзі. Кальчуга выратавала тэўтона, але ён збіў дыханне, захаўкаў ротам. Адразу ж пачаў заліваць вочы густы ліпкі пот. Уся агіда такога поту ў тым, што яго няма часу выціраць — рукі заняты зброяй, праціўнік атакуе.

І ўсё-такі граф Пірмонт не сумняваўся ў перамозе. Ад бацькі ён ведаў, што іхні графскі род пачаўся з вікінга Конрада, які захапіў Сіцылію і штурмаваў Неапаль. Конрад быў берсеркам. Гэтыя берсеркі перад бітвай знаходзілі і елі чырвоныя мухаморы. Пякучы грыбны сок п'яніў іх, узбуджаў, даводзіў да шаленства. Яны крычалі, вылі, танцавалі з мячамі ў руках, кусалі шчыты і з дзікай неадольнай сілай кідаліся ў атаку. Адзін берсерк, не адчуваючы ран, забіваў дзесяткі ворагаў.

У сэрцы Пірмонта кіпела кроў берсерка, і ён біў і біў мячом, не зважаючы на стому, на горкі пот, што выядаў вочы.

Але ён недаацэньваў Вячку, як і наогул усіх мясцовых людзей: палачан, латгалаў і селаў, якіх пагардліва называў сыраядцамі. Ён не ведаў, што крывічы разам з палянамі, вяцічамі, драўлянамі яшчэ за некалькі стагоддзяў да ягонага нараджэння ў баявых лоддзях пераплылі бурны Понт 12 , прымусілі грэчаскага імператара выйсці са сталіцы з залатым вянком міру ў руках і прыбілі свой баявы шчыт на варотах Царграда. Гэта было земляное племя, ратайнае племя, ды гордае, непалахлівае, бо ў час смяротнай сечы за зброю разам з мужчынамі браліся і жанчыны.

12

Понт — Чорнае мора.

Ужо ў дзесяць летаў Вячка, жывучы ў Друцеску, вучыўся біцца на доўгіх дубовых кіях, а потым на коп'ях з тупымі наканечнікамі. Не адзін шрам насіў ён на целе і заўсёды помніў бацькаў запавет: «Сыне, не падстаўляй пад удар спіну».

Сонца тым часам стрэльнула са свайго залатога лука, густа кінула промні на церам, на царкву, на рысталішча, вакол якога то радасна шумеў, то напружана заміраў агромністы натоўп. Усе зычылі перамогі свайму маладому князю, усе хваляваліся за яго. І ў халодным падзямеллі, у катавальні, Браціла, які дажываў свае апошнія хвіліны, прагна прыслухоўваўся, лавіў усе гэтыя галасы, гэты людскі гуд. Шум рысталішча, шум бою, быў тым адзіным ручаём, які цадзіўся ў цемру ягонай турмы, звязваў яго з жыццём. Яму хацелася, каб паядынак віхурыўся бясконца.

— Дзева Мэрыя, дапамажы мне! — натхнёна крыкнуў тэўтон і зноў ударыў мячом. І ў гэту хвіліну карміцелька Тадора вынесла з церама князёўну Соф'ю. Вячка ўбачыў маленькі бледны тварык, цёмныя шаўкавістыя броўкі. Дачка спалохана глядзела на яго, яна здавалася безабароннай мяккай вавёрачкай, якая асцярожна выторквае галоўку са свайго сховішча, з дупла, якой так цікава, так край трэба зірнуць на шырокі незразумелы свет, дзе яе могуць забіць, злупіць і кінуць на зямлю яе цёплую шкурку.

Распараныя мокрыя коні сутыкнуліся грудзьмі, шыямі. Коні цяжка, са стогнам і хрыпам, дыхалі.

Вячкаў Печанег заржаў, нібы просячы дапамогі. Вячка ўхіліўся ад удару тэўтона — меч глуха свіснуў за нейкую пядзю ад галавы — і вастрыём свайго мяча кальнуў у вузкую загарэлую палоску шыі, якая на імгненне мільганула перад ім. Тэўтон узмахнуў рукамі, выпусціў меч і потырч паляцеў з каня. Нага зачапілася ў стрэмені. Конь адразу ж спыніўся, асцярожным вінаватым позіркам глянуў на свайго гаспадара.

Вячка саскочыў з Печанега, правай нагою прыдавіў тэўтону грудзі, цяжка ўзвіў над ім чырвоны меч. Светлыя стомленыя вочы без страху глядзелі на князя. Толькі здзіўленне і халодны сум бліснулі на момант у іх.

— Бі,— ціха сказаў тэўтон.

Радасна загуў, закрычаў натоўп, воі ўзмахнулі мячамі, тэўтон сцяўся, скурчыўся на ўзаранай конскімі капытамі зямлі, і тут Вячка пачуў слова. Адно-адзінае слова з мора слоў:

— Татухна!

Гэта ўскрыкнула дачка Соф'я.

Ён азірнуўся, глянуў на яе, і меч абвяў у ягонай руцэ. Яму расхацелася абрываць нітку чужога дыхання.

— Князёўна Соф'я даруе табе жыццё, — сказаў ён Пірмонту. — Маліся за яе, тэўтон.

Пірмонт маўчаў, кашляў. Ён быў падобны на чалавека, якога толькі што знялі з крыжа. Яму здавалася, што з нябёсаў, з-за белых воблакаў, глядзяць ягоныя продкі-рыцары і праклінаюць яго за свой растаптаны гонар. Чаму не грыміць, не скрыгоча зубамі гром?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: