Вход/Регистрация
Меч князя Вячкі
вернуться

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Кукейносцы тым часам крычалі славіцу свайму князю. Натоўп любіць тых, хто перамагае. Самы слабы, самы маленькі і нікчэмны з натоўпу адчувае сябе ў такія хвіліны пераможцам.

— Слава! Слава! — грымела наўкол.

— Рубон! — ускідвалі ўгору мячы дружыннікі князя Вячкі.

— Рубон! — апантана падтрымліваў натоўп.

І ўсё-такі большасць кукейносцаў была незадаволена тым, што князь не прыкончыў чужака. Яны мелі права на відовішча крыві, усе гэтыя рамеснікі і купцы, баярская чэлядзь і смерды з навакольных селішчаў. Яны патрабавалі крыві, бо ад ліваў чулі, што ў вусці Дзвіны тэўтоны праліваюць чалавечую кроў рэкамі.

— Князь, вазьмі ягоны жывот! — ярасна гуў натоўп. — Забі тэўтона!

Вячка зняў з галавы шлем, трасянуў спатнелымі валасамі. Пакрысе супакойвалася ўзбунтаваная паядынкам кроў. Ён сарваў пук травы, выцер ёю меч, з хрустам загнаў меч у похвы.

— Забі! Забі! — роў натоўп.

Ён узняў угору дзясніцу ў баявой пальчатцы.

— Забі! — крычала жанчына, трымаючы на руках дзіця.

— Забіць лёгка, — сказаў Вячка, і адразу замоўк, як знямеў, натоўп. — Жыццё адлятае ад чалавека, як шпачынае пёрка. Чалавечую выю можна перашчыкнуць двума пальцамі. Я не шкадую яго, — глянуў князь на тэўтона, які сядзеў на пяску, абхапіўшы галаву рукамі.— Ён ішоў забіць мяне. А зараз ён як чарвяк, на якога магутным капытом наступіў пушчанскі зубр. Ён ляжыць ля маіх ног, а хацеў сядзець на маіх плячах і абразаць мне вушы. Там, — рэзка махнуўшы рукою, паказаў Вячка на захад, — ягоныя браты востраць мячы, каб адсекчы нашым воям галовы, уюць вяроўкі, каб звязаць і пагнаць у няволю нашых жанок і нашых дзяцей. Там насыпаюць у скрыні зерне, каб пасеяць яго на магілах нашых дзядоў. Я, князь Кукейноса Вячаслаў, кажу: адпусцім яго, захаваем жыццё крываваму тацю, каб там, у Рызе, пачулі нашы словы. А словы нашы такія: мы не хочам вайны ні з рыжскай царквой, ні з ордэнам тэўтонаў. Не мы да іх, яны прыплылі да нас. Хай глянуць на неба, хай убачаць божы прастол. І бог скажа ім: спыніцеся! Спыніцеся, бо анафема чакае вас і геена вогненная. Я адпускаю тэўтона, — махнуў дзясніцай Вячка.

— Слава! — закрычаў натоўп.

— Хай убачыць тэўтон, як мы ўмеем помсціць. Прывядзіце з катавальні мураля Брацілу, — загадаў воям князь.

Знясіленага, знявечанага Брацілу выцягнулі, быццам бервяно, з падзямелля, паставілі перад знямелым натоўпам. Ён ледзьве стаяў, бледны, кволы, як абадраная ліпка. І тут, распіхваючы людзей, выбегла зялейніца Домна.

— Светлы князь, — упала яна ў пясок перад Вячкам, — не губі майго сына. Пашкадуй мяне, тваю чорную рабыню. У цябе ж таксама ёсць дзіцятка. Пашкадуй майго Брацілу. Я ж тваю дочачку лячыла і лячыць буду. Я вечна за цябе, светлы князь, богу маліцца буду. Пашкадуй.

— Твой сын — таць і галаўнік. Ён хацеў забіць мяне, князя, — строга сказаў Вячка. — Ідзі ў церам, зялейніца.

Домна падпаўзла да сына, абвіла ягоныя ногі рукамі.

— Зернетка маё… Сонейка маё… А як жа ты маленькі быў і зубік у цябе першы вырас і потым выпаў, я загарнула зубік у палатно, кінула за печ і сказала: «Мышка, мышка, на табе лубяны, дай мне касцяны…» Сатлеюць твае зубкі ў сырой зямлі…

Яна загаласіла, закалацілася, пачала браць жменямі шэра-жоўты пясок, сыпаць сабе на галаву. Браціла глядзеў на яе, здавалася, не пазнаваў маці, а можа, не хацеў пазнаваць. Голас, што палохаў яго ўначы, калі ён разам з тэўтонам лез цераз кукейноскія забаролы, знік. Лёгка было душы без гэтага голасу.

— Кат, — зычна сказаў Вячка, — вяршы суд і справу.

Кат са сваімі памочнікамі звязаў Брацілу рукі і ногі вяроўкай, сплеценай з конскага хваста. Потым Брацілу ўвапхнулі ў вялікі скураны мяшок.

— Тэўтону даруюць жыццё, а майго сына забіваюць?! — ускрыкнула старая зялейніца. Яна, як раз'ятраная ваўчыца, ускочыла на ногі. Здавалася, гора памаладзіла яе, бо дзіка заблішчэлі вочы, смелымі і рашучымі зрабіліся рухі. З галавой, пасыпанай пяском, яна падбегла да Вячкі, стала насупраць яго, гнеўна загаварыла: — Зашывай у мяшок абодвух. І тэўтона зашывай. Хай рака возьме дзве душы, а не адну. Чуеш, князь?

Вячка маўчаў. Са здзіўленнем глядзеў ён на сваю рабыню. Загаварыў камень. Загаварыла сама зямля. Старая вераб'іха замахнулася кволым абскубеным крылейкам на льва. Цуд, дый годзе! Ды ён зараз загадае вытрасці душу з гэтых старых жоўтых мошчаў. Раб павінен маўчаць, схіліўшы выю, калі гаворыць або думае гаспадар.

— Чуеш, князь? — не адступала зялейніца.

Ён бачыў шэры мох броваў, у якіх жаўцеўся пясок.

— Няздзіл, — сказаў Вячка вою, таму, хто першы трапіўся на вочы. — Гэтай жанчыне тут не месца. Завядзі яе ў церам.

Няздзіл быў малады, шыракаплечы і паслухмяны. Ягоныя губы былі бруснічнага колеру. Ён згроб зялейніцу ў ахапак і панёс у церам. Зялейніца залівалася слязьмі.

Брацілу вось-вось павінны былі зашыць у мяшок. Апошнія імгненні ззяла над ім неба. Апошні раз кратаў валасы вецер, які вольна лётаў над Дзвіной, над Кукейносам. У натоўпе ён убачыў латгала Сцегіса. Латгал стаяў з бярэмем дроў у руках, нецярпліва перасмыкаў худымі шчокамі, пэўна, спяшаўся ў час запаліць усе печы ў княжацкім цераме.

— Благаславі, ойча, — сказаў Браціла дзяку, які ў адсутнасць іерэя Сцяпана вёў службу ў кукейноскай царкве.

— Бог благаславіць, — хмура выдыхнуў дзяк, але сухой шчэпаццю акрэсліў над Брацілам святы крыж. Калі доўгі нязграбны мяшок неслі да ракі, падалося людзям у натоўпе, што з мяшка, са смяротнай цемры, чуліся ціхія ўсхліпы.

Тэўтона ж адпусцілі ў Рыгу. Але не конна і нават не пешшу. Змайстравалі невялічкі плыт са слупком пасярэдзіне, пасадзілі на плыт і моцна прывязалі да слупка графа Пірмонта. Ён толькі соп, апусціўшы на грудзі галаву.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: