Вход/Регистрация
Меч князя Вячкі
вернуться

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Я дам вам хлеба, а вы майму агнішчаніну 49 Някрасу аддасцё зарэчны луг, на якім пасвілася абшчынная гавяда.

Падумалі смерды, што ўжо не першаму агнішчаніну аддаюць яны кавалак сваёй зямлі, ды не хапіла моцы пярэчыць, бо галодныя бліскаўкі зіхцелі ўваччу, бо дзеці плакалі.

Княжы хлеб выратаваў Гарэлую Весь. Перабіліся, перакідаліся, перацярпелі, а там і зіма адпусціла, і сонейка пачало з неба ўсміхацца, і той, хто не памёр у маразы, ужо верыў, што неяк дажыве да вясны, да дня Барыса і Глеба, калі зерне ў раллю кідаюць, спяваючы:

49

Агнішчанін — гаспадар пасекі, «агнішча», «княжы муж».

Святы Барыс ляды паліць, Зямлю грэе, ячмень сее З паўсявалачкі, з правай жменькі. Кінеш рэдка — дасць бог густа.

Ды рана радавалася Гарэлая Весь. Глыбокі снег, што заваліў яе перад гэтым, не толькі бяду і пакуту прынёс. Ён і вялікую ласку ёй зрабіў — адрэзаў ад усяго свету. У тым ліку і ад ворагаў, ад тацей-жывадзёраў, у якіх учэпістыя рукі, ненаедныя жываты і злыя мячы. А толькі паменела снегу ў пушчы і на рэках, толькі змог войскі конь, не праваліўшыся ў снег па самы жывот, дабегчы да Гарэлай Весі, як прыйшла ў Свіслацкае княства дружына друцкіх князёў. Кажуць жа людзі: куды конь з капытом, туды і рак з кляшнёй.

Рагвалод Свіслацкі не чакаў такога паспеху ад суседзяў. Сам ён у наезды хадзіў, калі зіма з ільдзінамі па рэках сплывала, калі снегу рабілася цесна на цёплай зямлі. Запёрся Рагвалод у Княжым сяльцы, дружыну на вал паставіў, чэлядзь узброіў — рашыў адсядзецца да лепшага часу. Штоноч маліўся богу ў царкве і дзядам-прадзедам сваім маліўся, на дапамогу клікаў. І думаў ці са злосцю, ці з адчаем: «Яны, дзяды-прадзеды, памерлі. Ім — добра. А тут яшчэ трэба будзе паміраць». Ставіў свечкі ўсім святым: і Ефрасінні Полацкай, і братам Барысу і Глебу, і Феадосію Пячэрскаму. Ды чамусьці нічога не лепшылася для князя.

Дручане палезлі былі на вал, але сустрэў іх Рагвалод стрэламі калёнымі, каменнямі-галышамі з камнястрэльнай машыны, якую пасля бунту смердаў на двары паставіў, смалой і агнём. Крык і енк да неба далятаў.

Дручане, сербануўшы ліха, рассыпаліся, як таці, па ўсёй акрузе, пачалі рабаваць смердаў, не здымаючы, аднак, аблогі з Княжага сяльца, правільна рашыўшы, што не толькі смеласць гарады бярэ, — голад таксама бярэ. Сядзеў князь, як паранены вепр, за валам, глядзеў на дым і агонь, што паўсюдна небасхіл засланялі, і плакаць хацелася, бо гэта ягонае багацце, ягоная сіла дымам у неба ішлі, ворагу даставаліся.

Гарэлая Весь, ужо не першы раз на сваім вяку пабачыўшы разбой, рыхтавалася да новага разбою. Людзі заганялі жывёлу ў лес, у гушчар. Што ў каго было — зерне, добрае адзенне, посуд, золата і срэбра, — усё складвалі ў торбы, хавалі ў дуплах дрэў, у ямах.

Настасся з Мірошкам таксама нагрузіліся, подбегам пашыбавалі ў пушчу. Дамажыр з Тэкляю засталіся дома. І Якаў застаўся — нагу падламаў, за собалем на ловах 50 бегаючы.

— Хутчэй, сынок, хутчэй, — прыспешвала маці. Яны цягнулі санкі з хатнім скарбам, раз-пораз правальваючыся ў ліпкі адліжны снег. З-за Грымучага бору, адтуль, дзе было Княжае сяльцо, плылі хмары чорнага дыму. Там грымеў і грымеў, аж захлынаўся, царкоўны звон.

50

Ловы — паляванне.

— Што ж гэта дзеецца? — шаптала маці.— За што бяда такая?

Мірошку жудасць брала. Дрэнна, што няма побач стрыя Якава. З Якавам і страх меншы, і дарога карацейшая, і ўсе сцежкі лясныя ён ведае.

— Хутчэй, сынок, хутчэй, — адно толькі і казала маці.

Нарэшце яны знайшлі сваё дрэва з дуплом-хованкай. Кожная сям'я з Гарэлай Весі мела такое патаемнае дрэва. З дрэва папярэдне выкурваюць трутным дымам пчол. Потым чысцяць, пашыраюць дупло, і лясны куфэрак гатовы.

— Адпачнем трохі,— калі ўсё было зроблена, сказала маці. Яны прыселі на саначкі, сцішыліся.

Маркотна шумела пушча. Дрэвы жылі прадчуваннем недалёкай вясны, і хоць замест бурлівага соку ў жылах дрэў быў яшчэ халодны лёд, і хоць карані іхнія драмалі ў мёрзлай зямлі, як спруцянелыя чорныя вужакі, нешта змянілася ў дрэвах, і Мірошка адразу ж прыкмеціў гэту перамену. Голас у дрэў зрабіўся мякчэйшы, весялейшы. Дрэвы глядзелі са сваёй недасяжнай вышыні на Мірошку і быццам пазнавалі яго, быццам усміхаліся яму.

«Эге-ге-гей, Мірошка, — чулася хлопчыку ў лясным гудзе, — ты яшчэ малы, зусім малы. Паглядзі, якія мы вялікія, тоўстыя, моцныя, як абраслі мы зялёным мохам, нібы воі Рагвалода Свіслацкага бародамі. Мы стаім сцяной. Мы нікога не прапусцім у пракаветны лясны гушчар — ногі перапляцем каранямі, вочы галінамі выб'ем. А ў тым гушчары залатая хатка стаіць. Срэбны дымок з меднага коміна ўецца. Там дзядок-лесавічок жыве. У яго вочкі як бруснічкі. У яго бровы — мяккі жоўты мох. А ў тых бровах залатыя пчолкі поўзаюць, варочаюцца. Яму вавёрыцы служаць, і куніцы, і ваўкі. Вожык дзядку-лесавічку на вострых іголках кіслыя лясныя яблыкі носіць. Адкусіць лесавік яблык, зморшчыцца, чхне, і адразу пацямнее, зашуміць, застогне пушча. Совы закугукаюць. Пугачы залямантуюць. Гнілы зялёны туман па-над балотам павісне, і ў тым тумане, як прыгледзішся, нейкія людзі плаваюць. Рукі ў іх на грудзях складзены. Гэта — тапельцы, якіх узяло, засмактала балота. Не ідзі на балотны мох… Не ідзі на балотны мох…»

— Мірошка, — усклікнула маці.— Ты што — заснуў?

Яна трасянула сына за плячо. Мірошка борздзенька ўсхапіўся на ногі.

— Пойдзем, мамка, дадому, — папрасіўся Мірошка, бо яму чамусьці зрабілася дужа самотна, захацелася хутчэй пабачыць стрыя і Дамажыра з Тэкляй. Ён пацягнуў парожнія саначкі і ўсё глядзеў на агромністыя дрэвы, што сягалі ў нябесную бездань. «Хто гэта мне шаптаў? Чый голас я чуў? — пакутліва думаў ён. — Ці чула гэты голас маці?» Але ў маці не адважыўся папытацца — адразу прымусіць, як прыйдуць дадому, стаць на калені перад хатнім пранізлівавокім богам і маліцца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: