Вход/Регистрация
Сіндбад вяртаецца
вернуться

Ялугин Эрнест Васильевич

Шрифт:

І адразу ж, як толькі ступілі на трап, на пасажыраў дыхнула быццам з напаленай духоўкі. Пачуліся здзіўленыя галасы: «Тры гадзіны ночы ды гэткае пекла? А што ж тут будзе ўдзень?»

Толькі адны яны шоргалі ватнымі нагамі па мармуры транзітнай залы. Не спяшаючыся, сонна паморгваючы на турыстаў, займалі свае канторкі алжырскія пагранічнікі і таможнікі. Яны працавалі спакойна, Юрый Сяргеевіч перакінуўся з гэтымі дружалюбнымі хлопцамі некалькімі прывітальнымі фразамі па-французску, з дзіўным для сябе хваляваннем услухоўваючыся ў словы адказаў. Ён зноўку пазнаваў у вымаўленні калісьці прывычны для яго алжырскі акцэнт. Але тут узняў гвалт Савілін, землячок.

Каля яго чамусьці было ажно тры таможнікі, твары ва ўсіх напружаныя, нават варожыя. Перакладчыца нешта хутка гаворыць і, відаць, не зусім дасканала, бо яе перапытвае старшы таможнік, настаўляючы прыгожыя вочы, з якіх яшчэ не сышла санлівасць.

Юрый Сяргеевіч таропка падышоў. Спытаў па-французску: якія праблемы? Таможнікі павярнулі да яго галовы, ажывіліся. Урэшце ўсё вырашылася лёгка і проста. Савіліна паляпалі па плячы і, крыху ачмурэлага ад нядаўніх хваляванняў, прапусцілі да астатніх турыстаў, якія пазіралі на яго як на дзіва.

— Ну, дзякуй, Юрый Сяргеевіч, — гаварыў Савілін залішне гучна, бы глухому, на хаду пхаючы ў сумку няхітры скарб, які толькі што паказваў таможнікам. — А то прычапіліся… Кепска, калі ў чужой краіне і не ведаеш мовы. Чорт ведае што можа адбыцца!

— Не мог завучыць хоць бы тры фразы па-французску? Я ўжо не кажу пра арабскую мову.

— Ды ў тым жа і справа, што вучыў! — тонам закаранелага двоечніка адказаў Савілін. — Вось паслухайце, як я ім па-фрацузску… — І ён прамовіў некалькі фраз на невядомай мове: — Я з Савецкага Саюза. Мая нацыянальнасць — беларус. Вось мой пашпарт. Каштоўнасцей, валюты, зброі не вязу… Ну як?

— Ты гэтак і таможніку казаў? — Юрый Сяргеевіч нават прыпыніўся.

— Ну! Я ж кажу, што тое-сёе завучыў. Юрый Сяргеевіч засмяяўся і махнуў рукой.

— Яны абавязкова павінны былі цябе спыніць.

— Чорт ведае чаму, але да мяне заўсёды чапляецца і міліцыя. — Савілін з вялікай цікаўнасцю паглядаў ва ўсе бакі і нават прынюхваўся. — Ледзь што якое, нехта некага таўхануў, а ўжо чую: грамадзянін, вашы дакументы. Але ж дома пагаварылі і разабраліся. А тут таможнікі раптам… Разумееце, першы раз выправіўся за мяжу — і такое. У Будапешце ж таксама… Не заўважылі?

— Відаць, ты і венграм на іх мове сказаў, што зброі і каштоўнасцей не вязеш.

— Ну, вы скажаце! Уф, і но-оч! Чуеце, як пахнуць ружы? Афрыка адчуваецца, праўда? А венгерскага я наогул ні слова. Проста ішоў, накінуўшы куртку на плечы. А мне раптам…

— Таможнікі, выходзіць, умеюць чытаць нават думкі,— пасмяяўся Юрый Сяргеевіч і запхнуў свой чамадан у багажнік вялікага аўтобуса, які прыслала арганізацыя маладзёжнага турызму ў Алжыры «Неджма». Яе прадстаўнік, цемнавокі прыгожы хлопец, стаяў у салоне ля кабіны шафёра і гаварыў у мікрафон. Ён прамовіў спачатку па-руску, а потым тое ж самае па-арабску: «Мы гаворым вам, дарагія савецкія сябры, ас-салам алейкум! Мархабан! Добрага здароўя! Калі ласка!» — І заўважыўшы, што ўсе селі на свае месцы, звярнуўся да шафёра на французскай мове, але з такім наборам гартанных гукаў, якія прыдавалі словам алжырскую афарбоўку. Сэнс быў, прыкладна, такі: нашы госці спяць проста на хаду, так што не паддайся і ты спакусе драмануць. Ды не гані, як звычайна, а то спрасонку яшчэ не заўважыш паварот і наскочыш на які старчак.

Але аўтобус толькі з месца скрануўся спакойна, а потым яго рухавік быццам ператварыўся ў рэактыўны. Яны памчалі ў густую ноч між цёмных сілуэтаў веерных пальмаў, вялізных прывідных кактусаў. Юрый Сяргеевіч не менш напружана, чым Савілін, углядаўся ў наваколле, спадзяваўся што-небудзь пазнаць з бачанага ім калісьці, у юнацтве. Але ўсё выглядала незнаёмым. Вось фары выхапілі з паўзмроку белую сцяну, абвітую вінаграднікам, мільганулі ў апельсінавых садах па-ўсходняму ўпрыгожаныя, бы каменныя цацкі, загарадныя дамкі, вілы, у якіх некалі жылі французскія чыноўнікі і мясцовыя багацеі. Раптам наперадзе ўзніклі высокія шэрыя будынкі, пэўна, яшчэ старадаўнія. Куды ж іх вязуць? У студэнцкі гарадок, у Бумердэс? Ага, нарэшце крыху пачаў арыентавацца Юрый Сяргеевіч, вось гэтыя будынкі, падобныя на горныя скалы, ён калісьці бачыў. Выходзіць, аўтобус набліжаецца да Верхняга горада, да самай старажытнай часткі Аль-Джазаіра, да Казбы.

— Куды мы едзем, не ў студэнцкі гарадок? — спытаўся ён нарэшце ў маладога алжырца, які суправаджаў аўтобус.

Той паведаміў: — У Сідзі-Феруш, за горад. Побач мора, — дадаў ён і паказаў далонню, як уздымаецца і апускаецца хваля.

Сідзі-Феруш? Юрый Сяргеевіч задаволена кіўнуў — так, ён тыя мясціны памятае. Адтуль усё тады і пачалося для яго, калі ён з групай студэнтаў Мінскага політэхнічнага інстытута прыехаў у Алжыр на час летніх канікулаў, каб разам з моладдзю іншых краін адбудоўваць разбураныя французскімі карнікамі паселішчы ў гарах Кабіліі. Значыць, да горада будзе каля шасцідзесяці кіламетраў. Нічога страшнага: за якіх паўтары гадзіны можна дабрацца да Аль-Джазаіра рэйсавым аўтобусам. Гэта — калі не ўдасца дазваніцца да арганізацыі, якая яго запрасіла да сябе на працу. Аднаму ён дзівіўся: пятнаццаць гадоў назад тут былі толькі сады, бахчы ды адзінокія вілы ля мора, абнесеныя каменнымі сценамі з наблытаным па верху калючым дротам. А зараз паселішчы, паселішчы… Цэлыя гарадкі, залітыя шчодрым электрычным асвятленнем. Быццам уся краіна перасялілася на гэты невялікі пляскаты паўвостраў, названы калісьці імем старажытнага пірацкага атамана, раіса, які меў тут патаемную стаянку сваіх разбойных фелюг. Потым алжырскія піраты падначаліліся турэцкаму султану, і той узаконіў гэты жудасны промысел на Міжземным моры. Некалькі стагоддзяў не спыняліся войны, забойствы і рабаванне мірных жыхароў, пакуль яны нарэшце не аб'ядналіся, не далі адпор захопнікам і не стварылі сваю ўласную дзяржаву — Алжырскую народна-дэмакратычную рэспубліку. А гэтыя новыя пасёлкі ўзніклі таму, што насельніцтва ў свабоднай краіне за апошнія два дзесяткі гадоў павялічылася амаль удвая. Калі Юрый Сяргеевіч апошні раз быў у Алжыры, тут жыло амаль столькі ж людзей, як у Беларусі. А зараз газеты паведамляюць, што алжырцаў ужо больш за васемнаццаць мільёнаў!

Гатэль «Эль-Мінзаг» быў невялікі, але затое ля самага мора. Не цярпелася паставіць чамадан ля варот і бегчы да гаючай вады. Але ж не, парадак ёсць парадак. Трэба было паказаць пашпарты, атрымаць у дзяжурнага гатэля картачкі рэгістрацыі, запісаць у іх тое, што патрабавалася — прозвішча, імя, з якой краіны прыбыў.

— Ой, ды тут жа на арабскай мове! — залямантавала светлавалосая Іра, мантажніца з Баранавіч. І адразу пачуліся яшчэ панічныя галасы — як прачытаць арабскія словы? Хітрыя завітушкі і кропкі ў дужках і над дужкамі. Ды і чытаць, аказваецца, трэба з другога канца. Спрасонку не заўважылі, што пытанні прадубліраваны, паўтараюцца і на французскай мове. А яе ж таксама не ведалі! І чаму б не дамовіцца людзям, каб увесці паўсюдна хаця б аднолькавы алфавіт! Ды размовы-пажаданні адно, а запаўняць трэба тое, што прапануюць гаспадары і на той мове, якая ўказана. Юрыю Сяргеевічу, ледзьве скончыў запаўняць сабе рэгістрацыйную картачку, падсунула лісток Іра: «Вы ўжо і мне, калі ласка». Тут яшчэ пацягнуліся рукі з паперкамі: «І мне, калі ласка, і мне, і мне…» Юрый Сяргеевіч думаў дыктаваць, потым махнуў рукой і пачаў запісваць усё сам, нават галаву не падымаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: