Вход/Регистрация
Сіндбад вяртаецца
вернуться

Ялугин Эрнест Васильевич

Шрифт:

Яшчэ Вільнаў быў вельмі незадаволены тым, што на востраў прыцягнулі нейкіх хлапчукоў. Таксама збіраюцца перапраўляць за мяжу? Укралі, ці што? Як заложнікаў? І мсье Гедыфі раззлаваўся, калі іх нейкі тып прывалок з таго берага, уласнаручна запхнуў у пячору, дзе ў гэтага старога склад для рыбы, і дзверы падпёр… «Хутчэй бы ўжо сцямнела ды выбрацца адсюль… Няхай бы самі рашалі свае праблемы», — заключыў Вільнаў, працягваючы, як заведзены, церці сабе ногі.

«Мы тут, як скарпіёны ў непагадзь. — Шабан сплюшчыў павекі, у вачах рэзала, быццам пяску сыпанулі: ноч жа не спаў.— Вось аблажылі нас! Цяпер спаўзліся ў адну шчыліну. Можа, варта было падацца да мараканскай граніцы? Я мора ніколі не любіў. Толькі дурні ім захапляюцца… І Гедыфі сюды прыпоўз…

Прыціснулі чорнага скарпіёна! Ніяк нам не размінуцца, ну і лёс! Выходзіць, не аднаго мяне аблажылі, калі і ён вырашыў выслізнуць з Алжыра… Хлапчукоў, відаць, загадае ўтапіць. Такога нельга дапусціць. Не хапала, каб яшчэ і гэта легла на маё сумленне… Бывай, Марыям! Але ў спакоі я цябе не пакіну. Ты прыедзеш да мяне ў Францыю. Сродкаў угаварыць цябе зрабіць гэта хапае… Што за крык? Каго яшчэ валачэ шайтан у нашу шчыліну?»

Усе, нібы па камандзе, павярнулі галовы да акенца: з другога боку пратокі, з мацерыка, нехта гукаў. Вільнаў сцепануўся — голас падаўся яму знаёмы.

— Ён ведае мяне! — Шабан прыціснуўся шырокай спінай да гузаватай каменнай сцяны. — Гэта савет.

Кожны раптам адчуў сябе, нібы ў мышалоўцы, і ўсе зірнулі на Аіт-Хаммуша так, быццам вінаваты ў гэтым быў стары.

Шабан падскочыў да дзвярэй, прыадчыніў іх і праз вузкую шчыліну стаў узірацца — што там, на кантыненце.

— Сядзець усім ціха, — загадаў Гедыфі і памацаў аўтамат, які вісеў у яго пад гандурай. — Зачыні дзверы, Шабан!

Той злосна скасавурыўся, але дзверы не зачыніў. Пагукалі зноў. Голас чалавека нібы памацнеў. Раптам пачуўся і крык хлапчука:

— Хуары-ы!

Гедыфі напружана ўглядаўся ў акенца. Руля яго аўтамата вытыркалася з-пад крыса.

— Ён збіраецца сюды плысці! — як пра непазбежнае, паведаміў Шабан. — Няхай бы стары выйшаў ды адгукнуўся.

— Усім сядзець ціха, — паўтарыў Гедыфі.— Ты таксама не сноўдай. Не панясе яго шайтан праз пратоку. Вунь якія хвалі.

Гедыфі гаварыў па-арабску, і Вільнаву падалося, што гэта знарок, каб ён не разумеў, аб чым яны дамаўляюцца. Ён прыўстаў. Карцела ўбачыць, што ўсё-такі адбываецца на тым беразе.

— А калі яны з-за гэтых шчанюкоў? — сказаў Шабан.

— Адкуль ім пра іх ведаць? — запярэчыў са злосцю Гедыфі.— Каб так, дык з'явіліся б з паліцыяй.

Пры слове «паліцыя» Вільнаў міжволі зрабіў крок да дзвярэй, зірнуў у шчыліну і адразу адхіснуўся; пазнаў Добыша.

— Ён жа мяне ведае! — прамовіў Вільнаў тонам абурэння. Ён быў злосны на тых, хто ўзяўся яго абараняць ад усякіх непрыемнасцей, а цяпер дрэнна выконваў абавязкі.

— На месца! — гыркнуў на яго Гедыфі і выпрастаў з-пад гандуры аўтамат.

— Усё, плыве сюды, — спакойным тонам паведаміў Шабан і сеў на лаву.

«Выходзіць, так пажадаў алах», — Аіт-Хаммуш са свайго месца таксама бачыў, як малады савет, сябар і суайчыннік доктара Кійка, саступіў у ваду, прысеў і далонямі агладзіў сябе. Потым паківаў хлапчуку, які стаяў на камені і глядзеў сюды, на востраў.

32. СТРЭЛЫ НА ВОСТРАВЕ

Добыш і не чакаў сустрэць «бондэсантнікаў» ля руін турэцкай крэпасці. Але на ўсякі выпадак вырашыў дадаткова да ўсіх мер перасцярогі папрасіць старога Аіт-Хаммуша, каб той таксама паназіраў за руінамі. Яму ж тут рукой падаць. З гэтымі думкамі ён разам з Аклілем і накіраваўся ў бок вострава Сіндбада, як Добыш пра сябе яго называў.

Прадраўшыся праз калючы хмызняк, яны з Аклілем наўпрасткі спусціліся да пясчанага берага. Ля самай вады ляжаў ладны пляскаты валун. Час ад часу прыбой дасягаў яго, і ў пырсках зіхацела невялічкая вясёлка. Пасля многіх напружаных дзён у пустыні Добыш і хлопчык з аднолькавым захапленнем пазіралі на мора.

Але перш чым акунуцца ў ваду, вырашылі крыху падсілкавацца. Добыш дастаў з сумкі бутэрброд, выцягнуў яго з цэлафанавага мяшэчка і разламаў напалам. Адзін кавалак працягнуў хлопчыку, ад другога адкусіў сам. Акліль еў і ўважліва прыглядаўся да слядоў на беразе. Раптам ён упэўнена заявіў:

— Я ведаю, дзе яны. На востраве!

— Цікава, — недаверліва прамовіў Добыш. — Яны тут будуць дзён праз пяць. Ці ім таксама далі самалёт?

— А вось сляды Хуары, — паказаў Акліль. — Я ж іх колькі разоў бачыў. Гэта яго пантофлі.

— Гэткіх пантофляў у Алжыры, можа, сто тысяч, — Добыш зняў з сябе вопратку і паклаў падалей ад вады. Потым павярнуўся да мора.

Над востравам віліся нечым устрывожаныя чайкі. Ну, ды гэтыя птушкі амаль заўсёды паводзяць сябе так, калі задзімае вецер, падумалася Добышу. Або ўбачаць у вадзе скарынку хлеба — і ўжо крычаць, мітусяцца, быццам немаведама што здарылася.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: