Ялугин Эрнест Васильевич
Шрифт:
У гэтай атмасферы свята да Добыша не адразу дайшлі словы Рабаха, што выдыхнуў:
— Амаму забілі!
Як, хто?! Ці ж у гэткай мітусні дазнаешся. Фельчара знайшлі праз чвэрць гадзіны. Ён цокаў языком, аглядаючы рану: гэта ж трэба — нож увайшоў дакладна пад сэрца, спрактыкаваная да забойства рука нанесла ўдар! Але жыццё яшчэ цеплілася ў юнаку.
Каб на аперацыйны стол ды да добрага хірурга… А што ён, фельчар, можа?!
Добыш адразу падумаў: Кійк! Доктар Кійк патрэбен. А як тэрмінова даставіць Амаму ў Аль-Джазаір? Карнееў ухапіўся за ідэю. Але ці ўдасца выклікаць санітарны самалёт! Пакуль той прыляціць сюды, пакуль вернецца…
Раптам Сізоў успомніў, што чуў ад геолагаў — да іх у аазіс Дзіў учора павінен быў прыляцець самалёт. Раптам ён яшчэ там! Тэрмінова звязаліся па рацыі з геолагамі — самалёт у Дзіве і вяртаецца ў Аль-Джазаір наступнай раніцай.
Трэба спяшацца!
Амаму перавязалі, паклалі на насілкі… Добыш адчуў, што яго нехта настойліва торгае за крысо. Акліль?
— Ты чаго? — прыгарнуў хлопчыка да сябе. — Эх, не ўбераглі мы Амаму!
— Яны ўцяклі! — на вачах у Акліля блішчалі слёзы.
— Ты пра каго? — здзівіўся Добыш.
— Пра Селіма і Хуары. О, Хуары выдаў нашу тайну! — Акліль сціснуў кулакі.— Ён здраднік!
— Дык куды гэта яны збеглі? — занепакоіўся Добыш.
— У Аль-Джазаір, узрываць сутарэнне. — Акліль у роспачы апусціўся на пясок і ўнурыў галаву.
— Як узрываць? Чым? — дапытваўся ўстрывожаны Добыш. — Яны што, дзе-небудзь знайшлі ўзрыўчатку?
— Міну, якая называецца «бондэсант». — Акліль ударыў кулаком па гарачаму пяску. — Здраднікі!
— У мяне ёсць запал? — Добыш прыкідваў, як цяпер лепей зрабіць. Паведаміць у паліцыю? Гэта само сабой.
— З запалам, — усхліпнуў Акліль ад гневу на сябра. — Хуары ўкраў яго з маёй шэшыі.
— Дык ты насіў узрывацель у шапцы! — ахнуў Добыш. — Ну, не чакаў ад цябе, Акліль. Ён жа мог табе галаву адарваць.
— Іх трэба дагнаць! — Акліль усхапіўся на ногі.— Пойдзем да таварыша Карнеева.
— А да яго навошта? — не зразумеў Добыш.
— Машына ў яго ёсць, на машыне можна дагнаць Селіма і Хуары.
— А калі яны ўцяклі?
— Учора!
— А чаму адразу не сказаў? — абурыўся Добыш. Але пайшоў разам з Аклілем да Карнеева.
— У горад падшыванцы вязуць міну! — ахнуў Карнееў.— Тут з Амамам бяда, дык на табе — яшчэ і «бондэсант»… Дзе вы яго ўзялі?
Даведаўшыся, хто паказаў хлапчукам, як дзейнічае міна, Карнееў спахмурнеў:
— Зноў Сідкі, ліха на яго. Паліцэйскі камісар падазрае, што і ў здарэнні на электрастанцыі ён усё-такі замешаны. Магчыма, і зараз не без яго… Ну вось што: паліцыі паведамім па радыё, можа, перахопяць гэтых бондэсантнікаў па дарозе. А ты, Юрый Сяргеевіч, забірай Акліля — і на самалёце ў Аль-Джазаір! Дапаможаш там уладкаваць Амаму ў шпіталь. А потым сустрэнеце належным чынам бондэсантнікаў. Калі па дарозе іх усё-такі перахапіць не ўдасца, думаю, у Аль-Джазаіры яны павінны паявіцца праз тыдзень-паўтара. Дзейнічайце!
Дваццаць пяць кіламетраў «газік» імчаў па начной пустыні, каб паспець к самалёту. Добыш і фельчар увесь час трымалі непрытомнага Амаму на руках — так кідала машыну на пясчаных выспах-дзюнах. Акліль сачыў за дарогай. Толькі дзякуючы яго пільнасці машына двойчы не звалілася ў замецены пяском уэд — высахлае рэчышча.
Імчалі ў Аль-Джазаір і Селім з Хуары. Міна была з імі.
30. У АЛЬ-ДЖАЗАІР!
Селім і Хуары ехалі, можна сказаць, з камфортам — у кузаве спадарожнага грузавіка, які вёз трысняговыя цыноўкі. Грузавік належаў аднаму з будаўнічых атрадаў, што пракладвалі Транссахарскую дарогу. А цыноўкі выкарыстоўваліся для аховы лагера будаўнікоў ад сонца. Пасля таго як пастаўлены разборныя домікі або вагончыкі, паміж імі ўмацоўваюць два рады металічных трубак, на якія зверху накладваюць цыноўкі,— і з доміка ў домік можна пераходзіць у цяні. Хлопцы сядзелі ў кузаве, нібы ў якой пячоры, паспрабуй іх там хто ўбачыць. А грузавік імчаў у самы вялікі раён па здабычы нафты Хасі-Месаўд. Селім даведаўся, што адтуль прасцей за ўсё дабрацца да Аль-Джазаіра на спадарожных машынах. А пустыня вучыць людзей салідарнасці: ні адзін шафёр не праедзе міма, калі на абочыне заўважыць чалавека з узнятай рукой, абавязкова падвязе.
Але ў вялікім аазісе, назвы якога хлопцы нават не ведалі, Селіму ў галаву прыйшоў новы план.
Вадзіцель спыніўся ў гэтым аазісе, каб даць крыху роздых і сабе, і грузавіку. Пачаставаўшы хлопцаў галетамі і вадой, ён пакрочыў у духан. Селім і Хуары саскочылі з кузава ў гарачы пыл дарогі, адразу выклікаўшы да сябе цікавасць мясцовых хлапчукоў.
Першае, на што звярнуў увагу Селім, быў маленькі, падобны на саранчу аранжавы самалёт. Ён стаяў на роўнай пляцоўцы адразу за аколіцай. На такое дзіва варта было зірнуць бліжэй. Ад мясцовых хлапчукоў Селім і Хуары даведаліся: самалёт належаў вельмі важнай асобе, нават самому аменакалю, галоўнаму правадыру туарэгаў. Гэты сейід прыляцеў на перамовы са старэйшынамі аазіса. А потым самалёт павязе важнага сейіда ажно ў Аль-Джазаір, на сустрэчу з самім прэзідэнтам краіны. У гэта Селім не вельмі паверыў. Але ж на ўсякі выпадак хлопцы рушылі да духана — зірнуць на лётчыка, а заадно купіць бутэльку вады на дарогу.
Лётчыка яны ўбачылі каля бара. Ён піў каву і разглядаў французскі часопіс. Селім доўга ўзіраўся ў яго твар, каб нешта для сябе вырашыць.
Выпіўшы па шклянцы мінеральнай вады і купіўшы яшчэ бутэльку з сабой, хлопцы выйшлі на вуліцу. Сонца было ўжо нізка, спёка памалу спадала. Шафёр поркаўся ля свайго грузавіка. Хуары ўстрывожыўся.
— Пайшлі хутчэй сядзем, — прапанаваў ён, — а то паедзе без нас.
Селім яшчэ раз зірнуў на сонца, потым на самалёт. Праз адчыненае акно духана было відаць, што лётчык па-ранейшаму гартае стары часопіс.