Вход/Регистрация
Сіндбад вяртаецца
вернуться

Ялугин Эрнест Васильевич

Шрифт:

— А, каб цябе шайтан! — з вохканнем прамовіў Хуары, бо добра выцяўся патыліцай аб камень. — Няўклюда! Палі свечку!

Селім моўчкі памацаў каля сваіх ног — свечка не толькі патухла, але і вывалілася з рукі. Чыркнула запалка, за ёй другая. Нарэшце зноў трапяткі язычок полымя свечкі лізнуў каменную столь.

— Свяці сюды, — Хуары сеў на кукішкі перад нішай, над якой узвышаўся каменны леў.— Ну, бачыш?

Селім паторкаў у нішу кавалкам трубы. Сапраўды, падобна на тайнік.

— Сюды б добры зарад толу, — паважна прамовіў ён. — Янычар…

Ён не паспеў скончыць фразы. Рот яму нехта заціснуў, бы абцугамі. У нос патыхнула тытунёвым дымам і рыбай.

«Паліцыя!» — чамусьці падумалася Селіму. Ён упаў на калені, але яго тут жа ўзнялі і страсянулі. Хуары таксама быў схоплены.

— Ні гуку! — папярэдзіў іх сіплаваты мужчынскі голас, хаця яны і так толькі глуха мычалі.

Хлопцаў паставілі тварам да сцяны і асвяцілі электрычным ліхтарыкам. Селім машынальна азірнуўся на яркае святло і прамовіў узрадавана:

— Халід! Гэта ж я, Селім.

— Маўчаць! — загадаў мужчына з сіплаватым голасам і кінуў свайму напарніку, у якім Селім прызнаў знаёмага: — Зірні, што ў кішэнях шчанюкоў.

Хуары адчуў, як яго кішэні спрытна выварочваюць, на дол вываліліся ўсе скарбы — дзве галеты, запалкі, ножык, кашалёк з дынарамі, частка якіх належала Аклілю…

— А падзівіся, што ён за пазухай трымаў! — усклікнуў Халід.

— Ого! — Сіпаты вылаяўся. — Міна? Дык яны ж тут узрываць збіраліся, шчанюкі!

Хуары заплакаў. Чужыя жорсткія пальцы сціснулі яму сківіцы: «Ціха!»

— Кашалёк, — мармытаў Хуары, вырываючыся, і адразу адчуў, як лязо нажа ўкалола яму шыю.

— Ціха! — паўтарылі яму, піхнулі да сцяны. Селіма таксама абшукалі. Потым той, каго Селім апазнаў, нешта зашаптаў сіпатаму.

— Жыццё надакучыла? — сіпла прагучала ў адказ. — Ды хай хоць твой родны брат, а не сваяк сябра. Інакш сам не будзеш жыць.

— Не кажы так, Рамдан, — прамармытаў Халід. — Селіма я ведаю. Ён наш і будзе трымаць язык за зубамі.

— А з другім што рабіць?

— Як скажаш, Рамд, ты старшы.

— Ага, сам хочаш чысценькім застацца! Цягні іх да вады. А тут усё павінна быць ціха і чыста.

— Адпусціце мяне, — заскуголіў Селім. — Халід, клянуся алахам, я не ведаў, што тут вы. Гэты, — тыцнуў Селім у бок Хуары, — кажа: знайшоў клад Аруджа… Бажуся, буду маўчаць.

— Абодвух, — прасіпеў Рамдан. — Завяжы ім вочы. А пікне каторы, пакладзі ў рот камень. Чулі, шчанюкі? Павядзём вас да сейіда, ён усыпле вам як след, а потым пасадзіць у чулан, каб помнілі, як цягацца па сутарэннях… Не, я сам іх дастаўлю, а ты, Халід, застанешся тут. Зразумеў?

З завязанымі вачамі хлопцаў паштурхалі ўніз, да мора.

— Ціха, сказана! — час ад часу сіпеў ім у патыліцу канваір. І хаця Хуары вельмі хацелася здзерці з твару павязку і з крыкам рынуцца да шашы, ён цягнуўся туды, куды яго піхала чужая моцная рука. «Каб цябе разарвала! — жадаў канваіру Хуары. — Пратні цябе алах сваім нябачным кап'ём, бандзюга! Хай будзе гора ўсім тваім родзічам!»

Гэтак жа пакорліва ён палез у лодку. «Здраднік», — падумаў ён пра Селіма. І востра, да балючага шчымлення ў грудзях, адчуў, што зусім адзінокі на белым свеце.

31. СЯРОД СКАРПІЁНАЎ

Акенца было маленькае, без шкла, адтуль Вільнаву моцна дзьмула ў спіну. Але адсунуцца некуды — з аднаго боку гэтыя двое, з другога — на каменнай падлозе — скурчыўся стары. «Хутчэй бы ўжо ноч, — думаў Вільнаў, паляпваючы сябе рэбрамі далоняў па сцёгнах, каб не так млелі ногі.— Мы тут, нібы перад сусветным патопам, і чакаем не дачакаемся свайго каўчэга. Хто будзе Ноем? Стары? А раптам гэта Харон і наперадзе Стыкс?» 1 У Вільнава суседзі і будучыя спадарожнікі не выклікаюць ніякага даверу, не падабалася і тое, як яны прымчалі на востраў. Спачатку пажылы, мсье Гедыфі, з гэтым давялося сустракацца па справе, а потым маладзейшы. Яго з'яўленне прыкметна напалохала Гедыфі, нават ніжняя губа адвісла, як у старога вярблюда. Нешта яны там, у горадзе, нарабілі, калі так паспешліва прымчалі сюды. А раптам следам з'явіцца паліцыя? Каб ведаў раней пра гэтую сітуацыю, шукаў бы іншай магчымасці выслізнуць з Алжыра. Але вось гэты самы мсье Гедыфі і запэўніў жа некалі: у яго самы надзейны спосаб перабрацца на той бок граніцы.

1

Ной — у старажытнаяўрэйскай міфалогіі — чалавек, які цудам уратаваўся ў часе сусветнага патопу;

Стыкс — у старажытнагрэчаскай міфалогіі — рака, за якой быццам пачыналася падземнае царства памершых людзей;

Харон — перавозчык памёршых праз гэтую раку.

Вільнаў скасавурыўся на свой невялікі сакваяж.

Падобныя цягаюць з сабой пенсіянеры, калі ідуць пагрэцца на пляж. У яго там таксама зверху ляжаць ручнік, некалькі газет, пачак цыгарэт і старая панамка. Нічога, пачаў ён суцяшаць сябе, засталося пацярпець якія тры-чатыры гадзіны. Надвор'е, здаецца, таксама спрыяе — пляжы пустыя, віхурыць пясок, а калі сцямнее, вецер пераменіць напрамак, з мора пагоніць хвалю — вунь як насоўваюцца хмары з Еўропы. Толькі б не перакулілася лодка, калі гэты Ной павязе іх да шхуны кантрабандыстаў. Яму, Вільнаву, нават паабяцалі, што будзе не шхуна, а невялікая падводная лодка. Так было б, канечне, больш спакойна, каб субмарына. Ну, ды нічога. Некалькі гадзін рызыкі — а там нейтральныя воды. Куды прасцей, чым пераправіць старажытнарымскія манеты з багажом праз таможню. Дый тое, што ў сакваяжы, не пранесці пад выглядам дзіцячых цацак. У гэтых старажытных статуэтках фунтаў сорак чыстага срэбра. Ды яшчэ скрутак з карцінамі Сезана. Барон Прорак будзе задаволены. Да таго як французам давялося падпісаць пагадненне з алжырцамі, мсье барону і ў галаву не прыйшло б, што мясцовыя ўлады перашкодзяць яму нешта вывозіць адсюль. Тым болей рэчы, знойдзеныя ў час раскопак у Абалесе. Ды ён, каб захацеў, мог бы саму грабніцу мадам Цін-Хінан разабраць на камяні і перацягнуць куды ўздумаецца — хоць у Марсель, хоць за Атлантычны акіян. Дарэчы, статуэткі лепей і не паказваць у Еўропе, а адразу пераадрасаваць у Злучаныя Штаты.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: