Мавр Янка
Шрифт:
— Чаму ж ён сачыў за намі? — апраўдваўся ён. — Ен жа мог пусціць у нас атручаную стралу.
— Мы заўсёды маглі зняць яго, калі было б патрэбна, — сказаў Скот. — Калі мы заўважылі яго, ён быў ужо бяспечны. Гэта нават шкодна для нас, бо можа яшчэ больш раззлаваць іх, і мы будзем мець зусім непатрэбны клопат. Нядобра, вельмі нядобра, містэр Брук!
Ханубі тым часам пайшоў у кусты, дзе звалілася цела.
— Сюды! Хутчэй! — раздаўся яго вясёлы голас. Пабеглі і… зарагаталі так, што рэха пайшло па ўсёй ваколіцы. Нават Скот, можа, першы раз у сваім жыцці так рагатаў. Замест папуаса перад імі ляжаў… кенгуру, так званы «лазячы кенгуру», які водзіцца галоўным чынам на Новай Гвінеі.
— Ну і старонка! — казаў Брук. — Усё ў ёй не па-людску, людзі падобны да звяроў, а звяры да людзей. Але добра, што так здарылася: паспеем яшчэ папаляваць і на папуасаў, калі трэба будзе. А гэтага «папуаса» і самі з'ямо.
Весела вярнуліся на катэр, дзе ўжо трывожыліся за іх, пачуўшы страляніну. І здабычы ім хапіла на два дні.
На трэці дзень, пад вечар, прысталі да аднаго маленькага астраўка пасярэдзіне ракі. Прыгожая расліннасць, сухі стромкі бераг і становішча сярод ракі — усё гэта было вельмі зручна для таго, каб спыніцца тут.
Расклалі вогнішча і нават спаць засталіся тут, бо ў лодцы было цесна. Толькі гаспадары пайшлі спаць у сваю каюту.
Нанач, зразумела, паставілі варту, але месца было такое спакойнае, што вартаўнік заснуў раней за іншых.
Чунг-лі ляжаў пад высокім дрэвам за дзесяць крокаў ад вогнішча, прыслухоўваўся да гурчання вады між катэрам і берагам і думаў аб тым, дзе цяпер знаходзіцца яго брат, ці сустрэнуцца яны калі-небудзь і наогул, ці жывы ён…
Усе ўжо спалі. Агонь згас. Недзе далёка завыў сабака. Можа, блізка жыллё, а мо гэта дзікі сабака, якіх шмат водзіцца на Новай Гвінеі.
Файлу павярнуўся на другі бок, і ў гэты момант яму здалося, што каля Чунг-лі мільгануў нейкі цень. Ен падняў галаву, працёр вочы — нічога. Але ён не паленаваўся нават устаць, падышоў да Чунг-лі,— той спіць як забіты; ён абышоў навакол, прыгледзеўся, прыслухаўся — нічагусенькі.
Тады ён супакоіўся. Пэўна, са сну яму нешта здалося. Падкінуў галля ў агонь, прыладзіўся і спакойна заснуў.
IV
Племя Какаду. — Жыццё папуасаў.— Прыход місіянера. — Правадыр Мапу. — «Культурная праца» місіянера. — Баль на ўвесь свет.
Як мы ўжо адзначалі, папуасы не складалі якой-небудзь дзяржавы. Жылі яны паасобку, сваімі родамі, не мелі сталых зносін з суседзямі, а калі сустракаліся з імі, дык большай часткай у сварцы.
Часта дужэйшы род падначальваў сабе бліжэйшыя ваколіцы, але хутка магло быць наадварот, і адносіны ўвесь час мяняліся.
Род Какаду налічваў чалавек чатырыста народу, разам з жанчынамі і дзецьмі. Хаціны іх былі раскіданы па абодвух берагах маленькага ручая, на ўзгорках. Большасць будынкаў стаяла проста на зямлі, і толькі некаторыя былі пабудаваны на невысокіх слупках. Стрэхі — з плеценага пальмавага лісця, сцены — з галля; зразумела, ніякіх акон не было, толькі адна дзіра, якая служыла дзвярмі. Дзверы гэтыя ніколі не зачыняліся, бо не было каму і не было чаго красці.
Толькі адзін больш вялікі дом меў «дзверы»: бок скрыні ад тавараў з англійскімі надпісамі. Як і калі трапіў сюды гэты «кавалак цывілізацыі» — невядома. Не ведаў, мусіць, і сам гаспадар дома, правадыр роду.
Але найбольш выдатны быў другі будынак, велізарны, на высокіх слупах і з высокай вежай, нібы царква. На канцы вежы развяваўся пук пер'я какаду — знак усяго роду.
Гэта была цікавейшая ўстанова папуасаў — «ум-камаль», які можна было б параўнаць з нашым клубам. Тут жылі нежанатыя мужчыны, а жанчыны нават і блізка не падпускаліся.
Тут адбываліся розныя сходы і нарады; сюды прыходзілі госці і падарожнікі (вядома, толькі мужчыны); тут мужчыны праводзілі ўвесь свой час, курылі, ляжалі, спявалі.
І цяпер тут было досыць народу, а ў другіх месцах вёскі зусім мала.
Асабліва кідалася ў вочы адсутнасць жанчын. Па вуліцы бадзяліся свінні і сабакі, якія мелі права свабодна заходзіць ва ўсе хаты. Відаць было яшчэ некалькі курэй, якіх жыхары трымаюць галоўным чынам дзеля пер'я. І больш ніякіх адзнак гаспадаркі, нават ані кавалка апрацаванай зямлі.
Ля адной хаціны сядзела жанчына і шукала нешта ў галаве свайго гаспадара.
Перад многімі дамамі стаялі нейкія платформы на чатырох слупах. На іх таксама ляжалі і сядзелі па аднаму ці па некалькі чалавек мужчыны.
Тут яны адпачывалі, гутарылі. Гэта былі ўжо ўласныя, дамовыя месцы адпачынку для жанатых мужчын, бо ў хаце ім не давалі спакою свінні і сабакі. Сюды таксама жанчыны не дапускаліся, і толькі ў выключных выпадках, у знак пашаны, ім дазвалялася пасядзець пад платформай.