Вход/Регистрация
У краіне райскай птушкі
вернуться

Мавр Янка

Шрифт:

Вось з лесу падышлі дзве жанчыны, відаць, матка з дачкой. Усё адзенне іх складалася з адной спадніцы вышэй калень, зробленай з чароту.

На спіне, зачапіўшы вяроўку за лоб, яны неслі па цяжкай вязцы таро, расліны, якая тут замяняе нашу бульбу. Амаль уся праца па гаспадарцы ляжыць тут на жанчынах; коней няма, і ўсе цяжары пераносяцца жанчынамі гэтым спосабам, так што ў іх на лобе нават выціскаюцца раўкі ад вяроўкі.

Дома яны адрэзалі вялікія клубні таро, загарнулі ў лісце і паклалі ў гарачы попел. Калі яны спякліся, абчысцілі ад гарэлых лісцяў і растаўклі ў кашу, замяшаўшы з вадой. Зрабіўся вельмі ліпучы клей. Гаспадыня паставіла яго ў куток хаты, а адтуль узяла другі гаршчок з такім самым клеем-кашай, якая прастаяла ўжо два дні і ўкісла.

Гэтую ўжо гатовую кашу яна панесла да гаспадара, які сядзеў на платформе з госцем. Яны запусцілі па тры пальцы ў гаршчок, а каб каша вельмі не цягнулася, накруцілі і наматалі яе на руку і пачалі павольна ласавацца.

Прыйшла дадому і суседка, жонка госця, таксама з вязкай таро ды яшчэ з малым дзіцянём на руках. Свінні, угледзеўшы гаспадыню, кінуліся да яе, сталі верашчаць, ціскацца, як пестуны, і сапраўды яны былі пестуны. Папуаскія жанчыны няньчацца з імі, як у нас важныя пані з сабачкамі.

Папуаска палажыла дзіцяня каля хаты, ухапіла адно маленькае парасё, пачала мілаваць яго… і карміць сваімі грудзьмі. Гэта лічыцца самым звычайным з'явішчам, якое еўрапейскія даследцы не раз наглядалі.

Паклапаціўшыся па гаспадарцы, жанчыны зноў пайшлі ў лес. Насустрач ім ішлі другія жанчыны і дзеці, таксама з вязкамі. Значыцца, недзе там было іх поле ці агарод.

Папуаскія агароды звычайна знаходзяцца далёка ад сялібы, часам за тры-чатыры кіламетры, у больш вільготных месцах, бо самі яны селяцца ў сушэйшых. Падрыхтоўваюць зямлю ўсе агулам, талакой, і тут ужо галоўным чынам працуюць мужчыны. Праца гэта пры іх умовах страшэнна цяжкая: трэба высечы, выкарчаваць ці выпаліць лес, перакапаць зямлю, зрабіць які-небудзь плот, — і ўсё гэта блізка што голымі рукамі, калі не лічыць розных там сукоў, каменных сякер, касцяных нажоў і толькі, можа, на ўвесь род некалькіх сапраўдных сякер і нажоў.

«Ворыва» адбываецца такім чынам: мужчыны становяцца ў рад з каламі ў руках. Яны ўбіваюць гэтыя калы ў зямлю як мага глыбей, потым разам нахіляюць іх і выварочваюць груды зямлі.

За імі ідуць жанчыны. Яны разбіваюць груды маленькімі драўлянымі рыдлёўкамі і выбіраюць карэнні і траву. За імі ідуць дзеці. Яны ўжо канчаткова пераціраюць зямлю рукамі.

Гэтая праца выконваецца талакой. А потым ужо кожная сям'я робіць сабе грады паасобку.

Але, зрабіўшы гэтую працу, мужчыны лічаць сябе вольнымі ад усіх іншых гаспадарчых абавязкаў. Далей працуюць ужо толькі жанчыны, а мужчыны, як мы бачылі, «адпачываюць». Жанчына з'яўляецца нібы карыснай хатняю жывёлінай, і багатым лічыцца той бацька, які мае больш дачок…

Разводзяць яны какосавую пальму, таро, бананы, ямс (як проса), тытунь. У кожную пару года што-небудзь паспявае, так што гаспадары карыстаюцца свежымі пладамі і гароднінай круглы год. Але цяжкія ўмовы працы не даюць ім пазбыцца голаду і галечы.

У ум-камалі тым часам сядзела і ляжала чалавек пятнаццаць мужчын. Апранутыя яны былі адным толькі фартухом, ды на руках і нагах былі кольцы. Пяць чалавек сядзелі каля агню і курылі цыгарку з зялёнага тытуню. Кожны зацягваўся раз і перадаваў свайму суседу. Цыгарка не хацела гарэць, і кожны раз трэба было яе запальваць зноў.

Папуаскія франты шмат часу трацяць на свае зачоскі, больш, чым добрыя нашы паненкі. Так, адзін з іх на працягу дзвюх гадзін працаваў, каб з дапамогай трэсачкі паставіць старчаком кожную валасіну паасобку. А каб яны так трымаліся і далей, ён перацёр галаву мокрай чырвонай глінай.

Другі тым часам абляпіў галаву вапнай. Праз дзень ці два вапна злазіла, і тады валасы рабіліся на некалькі дзён светлымі. Дзеля гэтай красы варта было папрацаваць. Старэйшыя мужчыны рабілі тое самае і са сваімі бародамі.

Потым яны ўтыркалі ў валасы пер'е какаду і пеўня і нават нейкія грабяні з бамбуку, якія ўжываюцца тут толькі мужчынамі, а не жанчынамі. Гэтыя самыя грабяні ўжываюцца яшчэ як відэльцы ў часе яды.

Зрабіўшы зачоскі, яны доўга цешыліся і выхваляліся адзін перад адным, на зайздрасць сваім суседзям.

Праўда, і другія мужчыны былі не горш аздобленыя. Напрыклад, адны каралі з сабачых зубоў чаго былі вартыя. Нездарма жанчынам забаранялася насіць такія каралі. Яны мелі права насіць толькі два зубы ў вушах, як у нас завушніцы.

Але было нешта яшчэ важнейшае, аб чым жанчыны нават не маглі і думаць: гэта клык вепра. Яго мелі права насіць толькі мужчыны.

Абсталяванне клуба складалася з нараў, зброі і вялікай колькасці чалавечых чарапоў. Усе яны былі размаляваны і віселі ў кожнага над галавой. У куце стаяла вялізная фігура чалавека — «тэлум», зробленая з дрэва ў памяць нейкага старадаўняга героя, і, урэшце, ля дзвярэй стаяла пустая калода, якая служыла барабанам. Гук гэтага барабана азначаў якое-небудзь вялікае здарэнне і чуцён быў далёка навакол.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: