Мавр Янка
Шрифт:
Па кветках лётаюць яркія матылі, з якіх адны, бліскуча чорныя, — у далонь велічынёю.
На адной выспе было так многа какосавых пальмаў, і катэр праязджаў так блізка ля берага, што нельга было не спыніцца, каб набраць арэхаў.
— Будзьце асцярожны, — сказаў Скот, — гаспадар гэтай плантацыі можа запусціць стралу з-за дрэва.
Але нікога не было відаць. Гаспадароў ці зусім не было, ці яны пахаваліся.
Сіпаі зараз жа разбілі некалькі арэхаў і пачалі піць і частаваць другіх.
Кожны арэх змяшчаў каля дзвюх бутэлек соку, так званага какосавага малака, толькі не белага, а вадзяністага.
— Вось гэта дык пітво! — сказаў Брук, абціраючы губы. — Трэба як мага больш узяць у запас.
— Знойдзем яшчэ, — адказалі яму.
Какосавая пальма мае тую асаблівасць, што адначасна на ёй могуць быць і кветкі, і зялёныя плады, і спелыя. І кожны месяц на працягу двухсот год адно дрэва дае па дваццаць — дваццаць пяць арэхаў.
Так міналі яны адну выспу за другой і нарэшце ўвайшлі ў самую раку. Цячэнне ракі значна затрымлівала катэр, і ён ішоў ужо не так хутка, як раней.
— Скажыце, міст… — пачаў быў Скот, звяртаючыся да Саку, але спыніўся, замяшаўшыся. Ен па прывычцы ледзь не назваў «містэрам» самага сапраўднага чорнага дзікуна, толькі апранутага па-людску. Гэта ўжо занадта! Але ліха яго ведае, як наогул трымаць сябе з падобнымі суб'ектамі. Ен жа ўсё-такі чалавек адукаваны, так сказаць, асоба духоўная, іх трэба паважаць, а як тут паважаць чыстакроўнага папуаса?
Але тым часам Брук пачаў гутарку.
— Ты куды едзеш? — запытаўся ён у місіянера, не разважаючы аб далікатнасці ў адносінах да чорнага.
— Да вярхоўя ракі Фляй, — ціха адказаў Саку.
— Ты калі-небудзь быў там? — зноў запытаўся Брук.
— Быў, але даўно, у часе дзяцінства.
— Як жа ты трапіў да місіянераў?
— Калі я меў дзесяць год, суседняе племя напала на нас, перабіла шмат людзей, многа забрала ў палон, у тым ліку і мяне з маткай. Бацька быў забіты…
— Як жа ж гэта вас не з'елі? — засмяяўся Брук. — Можа, нясмачныя былі?
Гэты грубы жарт непрыемна ўразіў місіянера, і ён нічога не адказаў.
— А як жа ж ты трапіў сюды, да місіянераў? — дапытваўся Брук.
— Мы ўцяклі з маткай дадому, — неахвотна адказаў місіянер, — але па дарозе каля гэтай самай ракі нас дагналі. Матку схапілі, а я пабег далей, у раку. У гэты самы момант праязджаў параход, мяне выцягнулі з вады і ўзялі з сабой.
— Чаму ж ты зноў едзеш туды? — усё пытаўся Брук.
— Калі я пазнаў вышэйшую праўду, я мушу несці яе да маіх братоў,— сказаў місіянер і падняў угару вочы.
«Бачце, — падумаў Скот, — гаворыць акурат, як нашыя папы».
Брук засмяяўся:
— Патрэбна ім ваша праўда! Хіба гэта людзі, калі яны да гэтага часу ядуць чалавечыну? Цяпер, здаецца, на зямлі няма больш аніводнага кутка, дзе б захаваліся людаеды, апрача гэтай праклятай краіны.
— Вось таму нам і трэба ісці туды прасвятляць іх, каб яны не былі такімі,— сказаў місіянер, апусціўшы галаву. — Значыцца, у другія куткі святло ўжо дайшло, а сюды яшчэ не.
— Якое тут яшчэ святло, — махнуў рукою Брук, — калі ў іх простага чалавечага пачуцця няма. Мабыць, іх і зусім нельга зрабіць людзьмі.
— Усе людзі аднолькавыя, — спакойна адказаў місіянер, — толькі па-рознаму выхаваныя. Усе людзі маюць аднолькавую душу, і ўсе яны роўныя перад богам.
Скот усміхнуўся, а Брук нават раззлаваўся.
— Ну-ну, лягчэй! — сказаў ён. — Адкуль ты ўзяў, што гэтыя людаеды браты нам?
Місіянер уважліва паглядзеў проста ў вочы Бруку і выразна прамовіў:
— Вашы місіянеры навучылі мяне гэтаму. Скот і Кандаракі адвярнуліся ўбок, быццам разглядаючы бераг, а Брук сарамліва прамармытаў:
— Але, вядома… вядома, перад богам… Я толькі хацеў сказаць, што цяпер іх параўнаць няможна. Але, вядома…
Чорны місіянер пачуў вострую прыкрасць. Ен блізка ўбачыў, як гэтыя белыя людзі, што навучылі яго лічыць усіх людзей братамі, самі не могуць і думкі дапусціць аб гэтым.
Тады Кандаракі звярнуўся да місіянера:
— Ці падумалі вы, што пагражае вам? Вы ж цяпер зусім чужы для іх, яны вас не прызнаюць, а калі вы яшчэ пачнеце казаць ім аб новай рэлігіі, тады ўсё можа быць.
— Усё залежыць ад бога, — уздыхнуў Саку, — а небяспека нас падпільноўвае ўсюды і заўсёды. Не я першы і не я апошні магу перацярпець за Хрыста.