Мавр Янка
Шрифт:
— Дык іх жа ўдвух едзе на адным кані!
— Што за дзіва такое? — сказаў Скот і ўзяў бінокль, але нічога ўжо не бачыў: конь зноў знік за ўзгоркам.
Падарожнікі нават не ведалі, што і думаць. Мала таго, што давялося паверыць у сапраўднасць гэтага з'явішча, але яшчэ чамусьці і два чалавекі на адным кані. Хто яны такія? Адкуль? Як апынуліся тут? І чаму?
Але доўга разважаць аб гэтым ім не прыходзілася, бо перад імі паўстаў другі, важнейшы клопат. Каб не траціць часу, яны рэдка спыняліся і жывіліся тым запасам яды, што набралі з сабой. А запасы былі не надта вялікія, бо, перш за ўсё, лодка была малая, а затым — галоўнае месца займала зброя. Яны правільна разважалі, што, калі будзе досыць ваенных прылад, тады ўсё другое лёгка здабыць.
Яно так і павінна быць, але ўся бяда ў тым, што дзічыны было мала. Спачатку яшчэ качак знаходзілі, а потым, калі вымчалі ў больш высокую мясцовасць, яны ўжо не сустракаліся. Рыба раней была, а цяпер, у верхняй частцы ракі, яе стала куды менш і, каб злавіць рыбіну, не варта было траціць часу.
На зямлі вадзіліся казуары, але за імі ганяцца можна толькі на конях. А каб падпільнаваць, таксама трэба шмат часу.
Што датычыцца пладовых дрэў, то яны на волі толькі дзе-нідзе сустракаюцца, як і ў нашых лясах. Стала іх разводзіць толькі чалавек. Без чалавека і яго працы самая «райская» мясцовасць нічога не варта. Толькі на малюнках яна добра выглядае, а падарожнікі церпяць там ад голаду больш, як у нашай самай беднай старонцы.
Праўда, нашыя падарожнікі мелі яшчэ свае прадукты, але падарожжа толькі пачыналася, і трэба было думаць пра далейшае.
Аднаго разу з правага боку яны заўважылі вёску, якая знаходзілася за тры-чатыры кіламетры ад берага. Парашылі пайсці туды, каб выменяць што-небудзь.
Вёска стаяла на беразе невялікага возера, якое злучалася маленькаю рэчкаю з галоўнай ракой. Але як толькі жыхары ўбачылі, што набліжаюцца чужынцы, — зараз жа пачалі ўцякаць хто куды. Еўрапейцы крычалі, давалі розныя знакі, што яны маюць добрыя намеры, але ад гэтага жыхары яшчэ больш палохаліся.
Прыйшлі ў пакінутую вёску, зайшлі ў адну, другую хату. Нідзе аніводнага чалавека. У хацінах хатнія рэчы: адзенне, спрытна зробленае з травы, кінжалы і стрэлы з касцей казуара.
— Вось палюбуйцеся на гэтую цацку! — сказаў Кандаракі, паказваючы на чалавечую галаву.
«Цацка» сапраўды была цікавая. Гэта была скура, старанна знятая з чэрапа і напханая травой. Рот і вочы шырока расчынены ды яшчэ падмалёваны чырвонай фарбай. Апрача таго, былі тут і голыя чарапы, таксама размаляваныя.
— Глядзіце, колькі рубцоў на іх, — заўважыў Скот, — відаць, што яны здабыты ў бойцы.
— І з'едзены, — дадаў Брук.
— Можа, і так, — сказаў Скот, — але чаму нідзе не відаць нічога спажыўнага? Чым яны жывяцца?
— Ядуць адзін аднаго, — падказаў Брук.
— Далей ад жылля, у гушчары, яны маюць агароды, — растлумачыў Кандаракі,— апрача таго, разводзяць свіней і сабак для яды.
— Ну, ці сабак есці, ці адзін аднаго, — гэта ўсё роўна! — бурчаў Брук.
На вуліцы ўбачылі парасят. Пачалася страляніна, і двух забілі.
Рэха разнеслася па ціхіх лясах, і, седзячы ў гушчары, жыхары радаваліся, што паспелі ўцячы. Яны былі ўпэўнены, што гэтыя страшныя белыя ворагі з'явіліся толькі затым, каб знішчыць іх з усёй іх маёмасцю. Хіба не чулі яны гэтага грому, які сведчыў аб намерах белых ворагаў?
Назад пайшлі па беразе ручая. На адной палянцы яны мімаволі спыніліся як зачараваныя. Нават Брук не вытрымаў і сказаў:
— Які цудоўны куток!
З усіх бакоў звешваліся дзіўныя кветкі так званай «муккуны». Гэтая расліна жыве па другіх дрэвах, і здаецца, быццам усе, самыя разнастайныя дрэвы зацвілі аднымі і тымі ж кветкамі. Даўжыня кветкі — з паўметра, шырыня — больш далоні. Вялікія чырвона-жоўтыя, яны пераліваліся на сонцы, як агонь.
І таксама, як агонь, мільгалі сярод іх славутыя райскія птушкі. Здавалася, што полымя хістаецца ад іх вогненна-жоўтых тонкіх пер'яў. Другія, яскрава-сінія птушачкі павінны былі ўцякаць ад матылёў, якія былі ў некалькі разоў большыя за птушак. А на іх усіх пакрыквалі, нібы камандавалі, какаду, сярод якіх асабліва вызначаліся вялікія чорныя папугаі.
— Чорт пабяры, як у казцы! — сказаў Кандаракі, азіраючыся навакол, але раптам спыніўся, ухапіў стрэльбу і ціхенька паказаў рукою на адно дрэва.
Праз лісце ледзь прыкметна відаць было, як нехта цёмны ціха варушыцца. Ясна, што гэта быў папуас.
Скот даў знак, каб усе маўчалі, і асцярожна стаў красціся да дрэва. Але Брук не вытрымаў і стрэліў.
— Што вы робіце? — крыкнуў Скот. — Навошта гэта?
Тым часам зашорхалі і затрашчалі галіны, мільганула цёмнае цела і грукнулася ў гушчары.
— Што вы зрабілі? — зноў сказаў Скот. — Ці была патрэба ў гэтым?
Усе стаялі, апусціўшы галовы, і нават Брук адчуваў, што зрабіў нядобра.