Мавр Янка
Шрифт:
Зноў конь! — Падарожжа пешшу. — Няўдалы напад папуасаў.— Катастрофа. — Адзін!..
Ідучы назад, экспедыцыя настраляла яшчэ свіней, якія разбегліся ад пажару, і вярнулася назад са славай і здабычай.
На катэры ўсё было спакойна, толькі зноў бачылі таго самага таемнага каня, які цяпер пад'язджаў крыху бліжэй, і адзін раз нават чулі стрэл.
Можа, гэта былі нашыя стрэлы? — сказаў Скот.
— Не, — адказаў Гуд. — Гэта было зусім з другога боку, з левага, і адзін толькі раз.
— А хто ж сядзеў на кані?
— Добра разгледзець нельга было, але ўсё ж такі відаць, што чорны, — адказаў Гуд.
— Гэтага яшчэ не хапала! — ускрыкнуў Брук. — Гэткім чынам мы яшчэ сустрэнем якога-небудзь Мапу ў аўтамашыне.
Як бы там ні было, гэты таемны конь, адзін на ўсю краіну, пачынаў ужо трывожыць падарожнікаў. Каб на ім быў свой чалавек, ён не хаваўся б, ён бы сам пад'ехаў да іх.
Можа, ён не ведае пра іх? Можа, выпадкова сустракаецца на дарозе?
Гэтага таксама не магло быць, бо траскатня матора, страляніна ды і наогул усё іх падарожжа не маглі быць незаўважанымі на гэтай пустыннай прасторы, дзе еўрапейцы не бываюць. Асабліва, калі гэты конь, як відаць, ідзе разам з імі на працягу многіх дзён.
Значыцца, коннік хаваецца ад іх і, мусіць, сочыць за імі. А калі так, значыць, ён мае злыя намеры супраць іх.
І нарэшце, хто ён ці яны, бо адзін раз бачылі быццам дваіх на адным кані? Адным словам, гісторыя такая, што ніякага тлумачэння не падбярэш.
У кожным разе, адно толькі ясна, што трэба падвоіць сваю пільнасць.
Мясцовасць тым часам зусім змяніла свой выгляд. Пайшлі ўзвышшы, а на небасхіле ўжо ўздымаліся досыць высокія горы. Бег ракі стаў такі бурны, што катэр пасоўваўся наперад цішэй, як чалавек пехатой. Апрача таго, рака ўсё заварочвалася направа, на поўнач, а падарожнікам трэба было ісці проста на захад.
— Як табе здаецца, колькі кіламетраў нам трэ было б ісці адсюль прама? — запыталіся ў Чунг-лі.
— Не болей як сто, — адказаў ён. — Я пазнаю ўжо гэтую мясцовасць. Адсюль было б найлепш ісці прама.
Пачалі рыхтавацца да пешага падарожжа. Перш-наперш трэба было знайсці зручнае месца, каб пакінуць катэр. Яны лічылі, што адсутнасць іх працягнецца дзён дзесяць. На гэтыя дзесяць дзён трэба забяспечыць катэр і тых некалькі чалавек, што застануцца на ім, ад розных нежаданых выпадкаў.
Але гэта была вельмі цяжкая задача. Рака вузкая, бег яе вельмі хуткі, ды яшчэ берагі стромкія. Калі станеш ля такога берага, дык цябе зверху засыплюць каменнямі, і ты нічога не зробіш.
Кандаракі нават высунуў пытанне, ці не вярнуцца катэру назад, да той выспы, дзе яны начавалі, або наогул стаць на якары пасярод шырокага ціхага месца, бо тут катэр будзе стаяць, як у рове, і нічога нельга будзе бачыць навакол.
Правільнасць гэтай думкі ўсе прызнавалі, але гэта азначала, што назад прыйдзецца ісці пехатою яшчэ лішніх сто — сто пяцьдзесят кіламетраў, што будзе больш небяспечна, як стаяць на месцы і абараняцца. А асабліва, калі ўзяць пад увагу, што на катэры застанецца кулямёт.
— Лепш пакінуць аднаго ці двух лішніх чалавек, чым ісці лішнія сто кіламетраў,— пастанавіў Скот. — Не можа быць, каб тут не знайшлося ніводнага месца, дзе берагі былі б ніжэйшыя.
Але патрэбнага месца не знаходзілася. Праўда, за некалькі кіламетраў вышэй па рацэ была адна досыць шырокая даліна, але туды горныя крыніцы нанеслі шмат пяску, рака падзялілася на многа пратокаў, і ўсе яны былі такія мелкія, што катэр туды нават не мог пад'ехаць.
Тады спыніліся на другім месцы. Хоць берагі тут былі і высокія, але на адным з іх уздымаўся ўзгорак, з якога было відна далёка навакол: і на катэр і на процілеглы бераг.
— Калі тут паставіць кулямёт, — казаў Брук, — дык ён будзе абараняць усё навакол на кіламетры тры-чатыры. Гэта будзе лепш, як на тым астраўку, дзе можна падкрасціся з другога боку і дзе нічога не ўбачыш з-за расліннасці. А тут, прынамсі, лесу няма і ўсё відаць як на далоні.
І сапраўды: лепшага месца жадаць нельга было.
Пачалася падрыхтоўка ў дарогу. Перш за ўсё трэба было выбраць, каго пакінуць тут.
Як мы ўжо зазначылі, самай галоўнай бядой у гэтых краінах з'яўляецца жоўтая ліхаманка. З прыезджых амаль няма ніводнага чалавека, які не хварэў бы на яе. Гэтая хвароба можа цягнуцца і год і два.
Чалавек часам адчувае сябе здаровым некалькі дзён і нават тыдняў, але прыступы ліхаманкі зноў паўтараюцца.
Адзіным ратункам служыць хіна. Дзякуючы ёй людзі яшчэ сяк-так трымаюцца, але зусім забяспечыць сябе ад хваробы бадай-што нельга. Толькі прыступы можна зрабіць лягчэйшымі і радзейшымі.
Усе падарожнікі, апрача Файлу, хварэлі на ліхаманку. Толькі адны, як, напрыклад, боцман і сіпаі, у нязначнай меры, а другія, напрыклад, механік Гуд — цяжка.
Слабы быў і Брук. Пасля доўгіх нарад згадзіліся пакінуць яго, Гуда і двух сіпаяў.