Мавр Янка
Шрифт:
Брук біўся як мага, але нічога не дасягнуў. Праз некалькі сот крокаў яго паставілі на ногі, скруцілі рукі і кулакамі прымусілі ісці далей. А калі ён паспрабаваў крычаць, то гэта яму каштавала двух зубоў.
Тым часам падарожнікі наладзілі катэр і тут толькі заўважылі, што Брука няма. Сталі гукаць — нічога. Выйшлі на бераг, зноў сталі крычаць — зноў нічога. Тады пачалі страляць, — аніякага водгуку, апрача рэха.
Брук чуў гэтыя стрэлы, ведаў, што яны азначаюць, і нічога не мог зрабіць…
Пачалі шукаць навокал і ў адным месцы заўважылі прымятую траву і іншыя адзнакі барацьбы.
— Справа ясная, — сумна сказаў Скот, — няшчаснага містэра Брука злавілі папуасы. І як гэта ён, сталы чалавек, так папаўся? Наш абавязак знайсці яго. І не толькі выратаваць, але так правучыць гэтых дзікуноў, каб другі раз ім і ў галаву не магло прыйсці нападаць на белых.
І зараз жа сталі рыхтавацца да экспедыцыі.
Дзеля таго, што на катэры быў кулямёт, абарона яго не патрабавала многа людзей. Пакінулі толькі механіка Гуда і аднаго сіпая. Гуду і сіпаю таксама быў даручаны і Чунг-лі. Усе астатнія рушылі ў дарогу. Няма чаго і казаць, што ўсе былі ўзброены з галавы да ног. Нават ручныя гранаты ўзялі з сабой.
Адзінымі адзнакамі таго кірунку, у якім патрэбна было ісці, былі сляды. У такіх мясцовасцях, дзе, можа, раз у некалькі год ступіць чалавечая нага, спрактыкаваны чалавек лёгка пазнае гэтыя сляды і па траве, і па зламанай галінцы, і па розных іншых непрыкметных для другога вока адзнаках. А такім спрактыкаваным чалавекам быў у іх Файлу.
Ен ішоў наперадзе, як сабака, і, здавалася, не толькі выгледжваў, але вынюхваў сляды. Зразумела, дарога не ішла так проста і гладка, як па шляху. Даводзілася і блытацца, а таму яны спазніліся. Нанач спыніліся ў лесе. Яны нават і не ведалі, што вёска была ўжо недалёка, за кіламетраў пяць-шэсць.
Дзеля асцярожнасці агню не раскладалі. Сядзелі ў цемры, не спалі і з нецярплівасцю чакалі світання.
А ў гэты час насустрач ім прабіраўся Брук, а за ім дагоншчыкі.
Папуасы, рассыпаўшыся ланцугом, ціхенька краліся наперад, абхапіўшы значную частку лесу. Час ад часу яны давалі адзін аднаму знак крыкамі начной птушкі.
Брук чуў гэтыя галасы то з аднаго боку, то з другога, нават ужо наперадзе, але не звяртаў увагі. Гэтыя галасы начных птушак яму былі знаёмыя.
Але Файлу заўважыў.
— Сагіб, — ціхенька шапнуў ён містэру Скоту, — гэтыя птушкі мне здаюцца падазронымі. Яны крычаць так, нібы іх хто пасадзіў у шэраг. Чаму за намі ззаду няма іх? Будзьма асцярожнымі.
Перадалі ўсім, каб сядзелі ціха і трымалі стрэльбы напагатове.
Вось крыкнула птушка зусім блізка, з левага боку, і нават мільгануў цёмны цень…
Гэты самы цень заўважыў і Брук, толькі з правага боку. Ен усё зразумеў!.. Дык вось сярод якіх «птушак» ён апынуўся! Значыцца, усё скончана!.. І ён паваліўся на зямлю.
Постаць пасунулася на шум…
Але зараз жа наваколле асвяціла нібы маланка і гром ад дзесяці стрэлаў разлёгся па ўсім лесе.
Ціхі лес адразу ажыў. Крыкі з усіх бакоў. А Брук ад радасці зароў так, быццам яго рэзалі.
Як здзівіліся ўсе, калі ў некалькіх кроках ад іх, разам з мёртвым папуасам, убачылі Брука!
Некалькі хвілін Брук быў як непрытомны. Слёзы цяклі па яго шчоках. Ен пачаў расказваць, як была справа. Разам з тым вярнулася і ўся яго злосць; ён забыўся аб сваім шчасці, крычаў, лаяўся і патрабаваў, каб зараз жа ісці і пакараць гэтых людаедаў.
Але Скота не трэба было прасіць. Ен лічыў патрэбным зрабіць гэта не толькі дзеля Брука і нават не ад злосці, а дзеля аўтарытэту англійскай дзяржаўнасці. Ен лічыў нават карысным для саміх папуасаў, калі яны ўвесь век будуць памятаць, баяцца і шанаваць белых уладароў.
Цяпер яны ўжо не чакалі раніцы, бо Брук ведаў, куды ісці.
Зноў загрукатаў барабан у начной цішыні, доўга, жудасна. Відаць было, што на гэты раз справа была важнейшая, як тады.
Праз некалькі хвілін Какаду ўжо ведалі, што на іх ідуць белыя, што аднаго яны забілі, што ўсім пагражае небяспека.
Зараз жа жанчыны з дзецьмі пабеглі хавацца ў свае хаты на дрэвах. А ўсе ўзброеныя мужчыны, якіх набралася каля шасцідзесяці чалавек, падрыхтаваліся да абароны, бо белых, як яны ўжо чулі ад пасланцоў, магло быць не больш за дзесяць чалавек.
Але Мапу меў яшчэ адну надзею не толькі самім выйсці з цяжкага становішча, але нават забраць усіх белых у палон. Гэта ж былі тыя самыя белыя, якія навучылі Саку любіць усіх, не забіваць нікога і нават самому падстаўляць другую шчаку, калі цябе скрыўдзяць. Калі Саку так думае і так робіць, значыцца, тыя, хто яго навучыў, тым болей павінны гэтак рабіць.