Мавр Янка
Шрифт:
Брук пачаў было пярэчыць, але Скот давёў яму, што гэтая справа вельмі адказная, што, апрача Брука, няма каму даручыць яе, што на катэры застаюцца толькі чатыры чалавекі, якім, можа, давядзецца папрацаваць больш за тых, што пойдуць у дарогу.
Паставілі на ўзгорак кулямёт, абгарадзілі яго калючым дротам; зрабілі з дошак павець, прынеслі з катэра нават сёе-тое з абсталявання.
Дзеля лёгкай сувязі з катэрам вырубілі ў гары прыступкі. Адным словам, усё было прадугледжана.
— Пры такіх умовах, — сказаў Брук, — нават сорамна заставацца. Тут досыць было б адной бабы.
— Пачакайце хваліцца, — сказаў Кандаракі,— невядома яшчэ, што будзе.
Потым пачалі збірацца ў дарогу. Спачатку, вядома, узброіліся з галавы да ног. Не забыліся і на ручныя гранаты, якія адразу маглі напалохаць і адагнаць цэлае племя папуасаў. З рэшты ж узялі толькі неабходнае з неабходнага, лічачы, што дзесяць дзён можна пражыць абы-як.
Перад адыходам Скот, Кандаракі, Брук, Файлу і Ханубі зрабілі нараду адносна Чунг-лі. Першае пытанне было — ці даваць яму зброю?
— Мне здаецца, — казаў Кандаракі,— што з ім мы павінны трымацца больш асцярожна, як да гэтага часу. Можа, гэты таемны конь мае дачыненне да кітайца?
— Я хацеў бы лепш паверыць гэтаму, чымся блытацца каля нейкай таямніцы, — сказаў Скот, — але не магу. Вы ж ведаеце, што з таго моманту, як мы яго схапілі, ён не адыходзіў ад нас ні на крок.
— Ведаю, — сказаў Кандаракі, паціраючы сабе лоб, — але штосьці мне гаворыць, што трэба яго вельмі пільнаваць. Напрыклад, я заўважыў, што ён у апошнія дні стаў больш спакойны, бадай-што вясёлы, быццам увесь цяжар падарожжа і небяспекі пагражае толькі нам, а не яму.
— Я таксама гэта заўважыў,— сказаў Файлу, — і цяпер мне ўспамінаецца адно здарэнне, на якое я раней не звярнуў увагі. Калі мы начавалі тады на выспе, мне ўначы здалося, нібы каля Чунг-лі мільгануў нейкі цень. Я ўстаў, агледзеў усё навакол, але нічога не заўважыў. Чунг-лі ж, здавалася, спаў.
Паклікалі сіпая, які ў той час быў на варце.
— Скажы, — звярнуўся да яго Ханубі,— ты нічога не заўважыў тады на выспе, калі стаяў на варце?
Каб хто ў той момант пільна прыгледзеўся да сіпая, то мог бы заўважыць, што той крыху пабялеў і занепакоіўся. Але ніхто так не прыглядаўся да яго, бо нікому не магло прыйсці ў думку, што ён можа мець тут якіясь свае ўласныя інтарэсы.
Сіпай зараз жа прыпомніў, што ён тады заснуў і што зрання не знайшоў сваёй стрэльбы. Але ён і да гэтага часу быў перакананы, што калі збіралі рэчы, то разам з другімі хто-небудзь паклаў у катэр і яго стрэльбу. Апрача таго, да гэтага часу ніякай бяды ад гэтага не здарылася. Стрэльбаў было столькі, што, можа, і самі гаспадары не ведалі ліку іх.
А калі ён прызнаецца, тады пачнецца справа і аб стрэльбе і аб тым, што ён заснуў.
— Не, нічога не бачыў,— адказаў ён упэўнена, і яго адпусцілі.
— Я думаю, — сказаў Скот, — што гэтаму кітайцу няма аніякага сэнсу ўцякаць ці шкодзіць нам. З намі ён лягчэй вернецца і спакойна паедзе дадому разам са сваім золатам.
— Ну, невядома яшчэ, як ён вернецца, — злосна ўставіў Брук.
— І мне самому здаецца, што баяцца яго няма чаго, — сказаў Кандаракі,— але хто можа ведаць, што думаюць яны, гэтыя жоўтыя чэрці.
Адным словам, справа ніколькі не высветлілася. Але на кожны выпадак пастанавілі зброі не даваць, а замест гэтага даручыць несці іншыя рэчы. Умовіліся сачыць за ім наогул, а Файлу даручыць спецыяльнае безупыннае нагляданне.
У гэты самы час Чунг-лі зайшоў у каюту нібы па справе. Там ён узяў кавалак паперы і, азіраючыся, пачаў нешта пісаць. Некалькі разоў ён павінен быў спыняцца і рабіць выгляд, нібы ён нешта шукае, калі хто набліжаўся.
Урэшце ён напісаў цэлую старонку і нават на адвароце намаляваў нейкі план. Потым схаваў паперу пад кашулю і спакойна выйшаў…
На другі дзень падарожнікі развіталіся, пажадалі адзін аднаму ўсяго добрага, і дзесяць чалавек пайшлі на захад, да тых невядомых, таемных гор, якія ледзь сінеліся далёка на небасхіле.
Тыя, што засталіся, доўга глядзелі ім услед і, калі падарожнікі зніклі з вачэй, — цяжка ўздыхнулі. Адразу зрабілася пуста навокал, ціха і жудасна. Здавалася, што на ўсім свеце толькі і засталося, што іх чацвёра.
— Гм, — сказаў Брук, ходзячы ўзад і ўперад, — не вельмі прыемная рэч сядзець так на месцы і лыпаць вачыма.
Доўга і нудна цягнуўся дзень. Ціха і пуста было навакол. Нідзе ніякага следу чалавечага. Цішыня і гарачыня змарылі іх канчаткова, так што ўсе чацвёра паснулі. І добра зрабілі, бо пры малым ліку людзей усім трэба будзе вартаваць кожную ноч.
Увечары размеркаваліся нанач. Гуд з адным сіпаем застаўся на катэры, а Брук з другім — на ўзгорку. Але каб заўважыць ворага раней, як ён з'явіцца перад самым носам, сіпай заняў месца далей, ля дротавай агарожы.
Прайшло некалькі гадзін — і Брук пачуў стрэл сіпая. У святле моцнага электрычнага ліхтара Брук убачыў рэдкія шэрыя кропкі, якія паўзлі з трох бакоў.