Вход/Регистрация
У краіне райскай птушкі
вернуться

Мавр Янка

Шрифт:

— Пабачым, — зноў сказаў Кандаракі.

З вялікай цяжкасцю ўзлезлі яны наверх і пайшлі па рабру скалы. З левага боку таксама стромка ўздымалася гара, з правага яна абрывалася ў бяздонне. Ісці можна было толькі па вузенькай сцежачцы, шырынёю з крок, а часам і меней. Рака шумела дзесьці далёка ўнізе. Адзін толькі няўдалы рух — і чалавек паляцеў бы ўніз, дзе ад яго нічога не засталося б.

Так яны ляпіліся з гадзіну. Ніхто не сказаў аніводнага слова. Кожны быў заняты толькі тым, каб цвёрда і правільна паставіць нагу. Сцежка ж тым часам блыталася, круцілася, то адыходзіла ад берага, то набліжалася. У некаторых месцах з бяздоння вытыркаліся верхавінкі кустоў. Відаць, бок быў зарослы.

Раптам пачуўся жудасны, нечалавечы крык. Чунг-лі слізгануўся, узмахнуў рукамі і паляцеў уніз. Зачапіўся за куст, абарваўся, зноў зачапіўся; шолах рабіўся ўсё цішэй і цішэй — і ўрэшце ўсё сціхла…

Падарожнікі стаялі як скамянелыя. Гэты прадсмяротны крык заледзяніў іх сэрцы; баяліся паварушыцца.

Але не паспелі яшчэ яны апамятацца, як Файлу неяк злосна зароў і… таксама паляцеў у бяздонне. Зноў затрашчалі кусты, і зноў усё сціхла. Толькі гул ракі даносіўся аднекуль, як з пустой бочкі.

— Гэта ж… можна розум страціць ад такой жудасці,— прамовіў Скот дрыжачым голасам.

Ніхто нічога не адказаў: усе стаялі моўчкі, з пабялелымі тварамі. Потым асцярожна схіліліся, глянулі ўніз: сцяна ішла проста ўніз, са шчылін расло шмат кустоў, ніякага дна не было відаць, толькі чутна было, як дзесьці далёка-далёка ўнізе грукатала рака.

— Што ж цяпер будзем рабіць? — прамовіў Кандаракі.

— Чунг-лі казаў, што там, далей, гэтая рака прымае некалькі прытокаў,— сказаў Скот. — Ля гэтых прытокаў нам і трэба шукаць. Цяпер ужо мы самі знойдзем гэтае месца. Але якое жудаснае здарэнне!..

І яны ціха і асцярожна пасунуліся далей.

VIII

Хунь-чжы і Качу. — Як яны тут апынуліся. — Мёртвы хоча загубіць жывога. — Просты канец таемнай гісторыі.

У гэты самы дзень, на некалькі гадзін раней, па гэтай жа самай, даліне праходзілі двое людзей і вялі ў паваду каня.

Адзін з людзей быў чорны, звычайны папуас, высокага росту, дужы. Толькі ён не меў усіх тых прыкрас, якія носяць дзікуны. Другі быў маленькі жоўты чалавечак, жывы, рухавы, вяртлявы.

За плячыма ў яго была стрэльба.

— Ну, паглядзі, Хунь-чжы, у сваю паперку, — сказаў чорны, — што там сказана?

Хунь-чжы выняў паперку, тую, што напісаў Чунг-лі тады на катэры, і стаў разглядаць.

— Вось тут сказана, — пачаў ён, — што даліна зусім звузіцца…

— Яна і пачынае ўжо звужвацца, а там, далей, здаецца, і зусім прайсці нельга, — паказаў рукою Качу.

— Потым, — разбіраў Хунь-чжы, — трэба падняцца налева ўверх і там абысці па вузенькай сцежачцы. Ну, але з гэтым мы пасля разбяромся, — скончыў ён, хаваючы паперку. — А цяпер трэба будзе схаваць каня, бо далей з ім не прайсці.

І яны завялі яго ў тую далінку, якую мы ўжо ведаем.

Потым пайшлі далей, дайшлі да таго месца, дзе трэба было падымацца, папаўзлі па тым самым беразе, дзе потым зваліліся Чунг-лі і Файлу, і праз некаторы час зноў спусціліся ўніз да ракі.

Тут ужо быў бераг, па якім можна было ісці.

Хунь-чжы зноў паглядзеў у паперку.

— Цяпер, — сказаў ён, — трэба адысціся крыху назад, да таго месца, дзе бакі зараслі кустамі і дзе над галавой будзе выступ. Там, кажа, ці чакаць яго, ці ён будзе чакаць, калі раней прыйдзе.

Хутка яны сапраўды ўбачылі, што сцяна з правага боку была больш зарослая і пасярэдзіне вытыркаўся выступ, нібы балкон, а далей сцяна зноў уздымалася ўверх, дзе ўжо ледзь значна віднелася блакітная стужка неба.

Яны прыселі пад гэтымі скаламі, як пад страхой, дасталі з торбы смажанага казуаравага мяса, закусілі, напіліся з ракі, якая тут жа шумела ля ног.

— Значыцца, сёння яны павінны быць тутака, — пачаў Качу. — Але чаго нам трэба было цягнуцца аж сюды? Хіба да гэтага ніяк нельга было вызваліць Чунг-лі?

— Не забывайся, — яго пільнуюць так, што ён і кроку ступіць не можа, асабліва гэты пракляты Файлу, за якім я гатоў гнацца аж да самага пекла, каб толькі знішчыць яго.

— І я таксама, — згадзіўся Качу, бліснуўшы вачыма.

— Але самае галоўнае, — казаў далей Хунь-чжы, — аб чым казаў і сам Чунг-лі, гэта тое, што нам і без таго трэба было наведацца сюды. Ен жа ж тут ведае, дзе можна знайсці золата. Ад гэтага адмаўляцца нам не выпадае.

Пакуль яны тут чакаюць ды гутараць, мы азнаёмімся, што было з імі да гэтага часу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: