Мавр Янка
Шрифт:
— Вось дзе знайшоў смерць, сабака! — злосна і радасна сказаў Хунь-чжы і штурхануў труп нагою.
— Ці зможаш злезці? — крыкнуў Качу да Чунг-лі.
— Магу, зараз, — адказаў той зверху ледзь чутным голасам.
З вялікай цяжкасцю злез Чунг-лі. Увесь ён быў абшарпаны: кроў была на твары, на руках, на грудзях і спіне, але ніякага значнага калецтва, на шчасце, не было. Калі ён памыўся і асвяжыўся ў халоднай вадзе, тады ўжо зусім зрабіўся бадзёрым.
— Як жа ж усё гэта здарылася? — перш за ўсё запыталіся яго таварышы.
— Калі я раней блукаўся ў гэтых месцах, — пачаў расказваць Чунг-лі,— мне раз здарылася спусціцца ўніз у гэтым самым месцы. Паміж іншым, тут я знайшоў і самы вялікі кавалак золата. Ну, дык вось, калі я вам пісаў ліст, я і прыпомніў гэтае месца. Пасля таго, як мяне сталі асабліва пільнаваць, я ўбачыў, што ўцячы будзе нялёгка, бадай-што немагчыма, галоўным чынам дзякуючы гэтаму сабаку, — штурхануў ён нагой мерцвяка, — тады я і надумаўся ўцячы тут. І вось, калі мы ішлі па сцежцы, я, нібы знянацку, з прадсмяротным крыкам зваліўся ў бяздонне. Паступова, трымаючыся за кусты, я спусціўся на пляцоўку і ўжо збіраўся спакойна злазіць далей, як бачу — ляціць за мной гэты падлюга. Ен, пракляты, сцяміў, што я зваліўся наўмысля, і нават рызыкнуў сваім жыццём, каб толькі перашкодзіць мне.
— І добра зрабіў,— дадаў Хунь-чжы. — Прынамсі нам не трэба цяпер клапаціцца, каб знішчыць гэтага гада. Сабаку сабачая смерць.
— Але застаюцца яшчэ другія, — шматзначна сказаў Качу.
— Праўда, ёсць яшчэ Брук, якога таксама трэ было б знішчыць, — сказаў Чунг-лі,— але яго тут няма: ён застаўся абараняць катэр.
— Я гатоў ісці на канец свету, — ускрыкнуў Хунь-чжы, — каб толькі забіць гэтага звера. Ен нават горшы за Файлу.
— Праўда, — згадзіўся Чунг-лі,— я таксама хацеў бы, але ён далёка.
— І гэтых добра было б перастраляць, — зноў сказаў Качу.
Чунг-лі засмяяўся.
— Ты, відаць, гатоў усіх перастраляць, — сказаў ён, — але можа здарыцца, што і цябе падстрэляць.
— Ну, цяпер тут з-за каменя ці з вышыні лёгка было б застрэліць каго-небудзь з іх, — не спыняўся Качу.
— Не, брат, — сказаў Чунг-лі,— нягожа нам гэтым займацца. Усіх нялюбых людзей не перастраляеш. Ды і карысці з гэтага не будзе: усё роўна знойдуцца другія такія самыя. Досыць будзе, калі нам удасца знішчыць самых шкодных.
Але Качу ніяк не хацеў разумець: так лёгка, проста і, галоўнае, беспакарана можна было застрэліць некалькі ворагаў, а тут чагосьці шкадуюць іх.
Хунь-чжы таксама згаджаўся з братам.
— Я ад усяго сэрца жадаю ім усім загінуць тут, — казаў ён, — але займацца гэтым не хачу. І нядобра, і не варта.
Дзень тым часам скончыўся. Праўда, там, наверсе, было яшчэ светла, верхавіны гор яшчэ ззялі на сонцы, але тут, унізе, быў ужо змрок. І ўдзень і ўначы аднолькава ціха і бязлюдна было тут; толькі рака безупынна шумела ў цішыні.
— Трэба кінуць гэтую падлу, каб не смярдзела, — сказаў Качу, узяў за ногі Файлу і павалок яго ў раку.
Мярцвяк паскакаў па бурных хвалях, як жывы, стукнуўся некалькі разоў аб каменні — і знік.
Недалёка знайшлі яны прытульны куток пад скалою і спакойна пераначавалі. Назаўтра Чунг-лі павёў іх шукаць золата ў другое месца.
ІХ
Залатая ліхаманка. — Жывы мярцвяк. — Небяспека для аўтарытэту Англіі.— Уцекачы ў пастцы. — Таемнае знікненне. — Каму радасць — каму гора.
Экспедыцыя Скота начавала на некалькі кіламетраў вышэй па рацэ. Зранку яна таксама выправілася шукаць золата.
Некалькі разоў яны рабілі пробы. Час ад часу бралі пясок, прамывалі і прыглядаліся, ці няма якіх-небудзь слядоў золата. Пасля многіх разоў яны, нарэшце, заўважылі некалькі жоўтых макавінак.
Гэта сведчыла, што ў гэтых мясцінах сапраўды ёсць золата. Але каб здабыць яго, трэ было б арганізаваць тут цэлае прадпрыемства, сталае, з сотнямі рабочых, з машынамі, якія б прамывалі сотні тон пяску ў дзень. Так яно звычайна і робіцца ўсюды, і калі тона пяску дае пяць-шэсць грамаў золата, то прадпрыемства лічыцца прыбытковым.
Але побач з гэтым сустракаюцца самародкі, кавалкі чыстага золата, вагою часам па некалькі кілаграмаў.
Вось за гэтымі самародкамі і гоняцца людзі, як шалёныя.
Ледзь толькі разлятуцца чуткі, што ў якой-небудзь мясцовасці знайшлі самародкі, туды пачынаюць збірацца людзі часам з усіх канцоў свету. Трацяць апошнюю сваю маёмасць, навыперадкі пруць адзін за адным, каб толькі першаму з'явіцца ў такі куток, дзе яшчэ ніхто не быў.
Колькі сварак, забойстваў і ўсялякіх злачынстваў звычайна адбываецца ў такіх «залатых старонках»! Усяму свету знаёмая так званая «залатая ліхаманка», прага да лёгкага багацця. І сапраўды, гэтае пачуццё падобна да хваробы. Той, хто захварэў на залатую ліхаманку, не спіць, не есць, усё на свеце забывае, усё ахвяруе, траціць свядомасць і толькі думае аб адным: як бы знайсці вялізны самародак.